У ЗША – новы скандал: адміністрацыю Джо Байдэна абвінавачваюць у цэнзуры сацыяльных сетак. Высветлілася, што Белы дом рэгулярна праводзіў нарады з IT-гігантамі. Ім даводзілі, якія нязручныя тэмы лепш не закранаць на інтэрнэт-платформах.
У інтэрнэт-цэнзуры адміністрацыю Байдэна абвінавацілі генеральныя пракуроры двух амерыканскіх штатаў – Луізіяна і Місуры. Паводле іх інфармацыі, у блакіраванні нязручнай інфармацыі ўдзельнічалі такія сацсеткі, як Twitter, Facebook і Instagram. Генпракуроры штатаў сцвярджаюць: з кіраўніцтвам сацсетак рэгулярна супрацоўнічалі Белы дом, ФБР, Міністэрства ўнутранай бяспекі, Міністэрства аховы здароўя, бюро перапісу насельніцтва, а таксама выбаркам, Мінфін і іншыя дзяржаўныя структуры.
Зрэшты, ніхто ж проста ў лоб не гаворыць пра цэнзуру! Для гэтага знайшлі больш туманнае азначэнне – «няправільная інфармацыя». Так, у адным з апублікаваных матэрыялаў перапіскі (а гэта адбывалася яшчэ год таму) прадстаўнік Facebook адкрыта прызнаецца ў сустрэчы з чыноўнікамі Белага дома для абмеркавання барацьбы з такой вось «няправільнай інфармацыяй». Усяго выяўлена 45 федэральных чыноўнікаў, якія мелі кантакты з платформамі сацыяльных медыя па цэнзурных пытаннях, – гаворыцца ў заяве генпракурораў. Пры гэтым Мінюст адмовіўся даць ім поўны аб'ём інфармацыі пра такое ўзаемадзеянне высокапастаўленых чыноўнікаў з сацсеткамі.
Магчыма, генпракуроры штатаў усё прыдумалі? Ды не! У элементах цэнзуры днямі прызнаўся сам кіраўнік карпарацыі Meta, якой належыць сацсетка Facebook, Марк Цукерберг. Ён адзначыў: Facebook па патрабаванні ФБР паніжаў выдачу ў стужцы навін крытычнай інфармацыі пра Джо Байдэна перад прэзідэнцкімі выбарамі ў ЗША. Па словах Цукерберга, ФБР напрамую прасіла кіраўніцтва сацсеткі прадухіліць распаўсюджванне «дэзінфармацыі» на адрас Байдэна. Яшчэ адно цудоўнае азначэнне, каб не казаць пра цэнзуру, – дэзінфармацыя!
Што ж федэральныя агенты палічылі такімі «няправільнымі» звесткамі? Аказваецца, – публікацыі, прысвечаныя змесціву ноўтбука малодшага сына Джо Байдэна Хантэра. Матэрыялы з ноутбука патэнцыйна маглі сведчыць пра ўцягнутасць Байдэна-малодшага ў крымінальную дзейнасць у сферы наркатрафіку і прастытуцыі, а таксама – пра карупцыйныя схемы яго бацькі.
Самае цікавае, што ў інтэрв’ю Цукерберг з гонарам заявіў: Facebook, у адрозненне ад Twitter, не падвергнуў нязручную інфармацыю татальнай цэнзуры. Па сутнасці, нікому не забаранялася публікаваць нязручную інфармацыю пра Байдэна. Проста дзякуючы спецыяльным алгарытмам сацыяльнай сеткі ніхто не мог убачыць гэтых публікацый у сваёй стужцы! Вось так сучасныя тэхналогіі дазваляюць амерыканскім цэнзарам XXI стагоддзя працаваць больш элегантна, чым іх папярэднікі. І магчыма, іх нават не мучыць сумленне: яны ж не забараняюць, а толькі «паніжаюць у выдачы» пэўныя матэрыялы.
Трэба сказаць, амерыканскія сацсеткі неаднаразова крытыкавалі за цэнзуру і абмежаванне свабоды распаўсюджвання інфармацыі ў інтарэсах дзеючай улады. Гэта да слова, калі хтосьці думаў, што хаця б інтэрнет у ЗША застаецца «прасторай свадобы», дзе можна пісаць што заўгодна. Пісаць можна – проста ніхто не зможа гэта прачытаць.
Увогуле, гісторыя нават не чыста амерыканская, прыкладаў шмат. Так, раней дэпутат Еўрапарламента Франчэска Даната, якую Facebook заблакіраваў пасля яе галасавання супраць рэзалюцыі аб антырасійскіх санкцыях, прызнавалася: «Людзі ў Еўропе больш не вольныя думаць, казаць, пісаць тое, што думаюць, таму што там дзейнічае вельмі строгая цэнзура».
Праўда, дзейнічае такая цэнзура звычайна ў адзін бок. Памятаеце сітуацыю, калі мінулай вясной сацсеткі Facebook і Instagram дазволілі публікаваць пасты з заклікамі ўчыняць расправу над расійскімі ваеннаслужачымі і расійскім кіраўніцтвам? Вось бы калі цэнзура іменем Цукерберга была апраўдана, але дзе там! Не толькі не блакіравалі, але яшчэ і падахвочвалі. Рашэнне аб блакіроўцы тады давялося прымаць самой Расіі.
Пра ананімную лічбавую цэнзуру на найбуйнейшых медыяпляцоўках (Facebook, Instagram, Youtube) раней у інтэрв’ю (https://t.me/belradio_1/8314) Беларускаму радыё казаў і старшыня Беларускага саюза журналістаў Андрэй Крывашэеў. Змагацца з гэтымі абмежаваннямі складана, але магчыма. Найперш – актыўна напаўняць віртуальную прастору альтэрнатыўнай інфармацыяй на сваіх пляцоўках. Каб у спажыўца заўсёды быў выбар і магчымасць самастойна разабрацца ў сітуацыі.