Падзяліцца:
«Розгалас. У тыктокеры пайшоў бы – хай мяне навучаць!» Радыёблог Максіма Угляніцы
  • Перадача: Радыёблог
  • Дата: 20.09.2022
«Розгалас. У тыктокеры пайшоў бы – хай мяне навучаць!» Радыёблог Максіма Угляніцы

Нядаўна калега расказала пра свайго знаёмага падлетка: не жадае працягваць вучобу пасля школы. А на заўвагі пра тое, што трэба ў жыцці асвойваць нейкую прафесію, адказ просты: “Навошта? Я ў інтэрнэце добра зарабляю!” Хлопец сапраўды шмат часу праводзіць у віртуальнай прасторы і ў лепшыя для сябе месяцы можа зарабіць там сотні долараў.

Цікава, на чым канкрэтна? – спытаў я, але дакладнага адказу не атрымаў. Займаецца нечым падобным да стрымаў у відэагульнях. Але запэўнілі, што нічога незаконнага дакладна не робіць.

І вось сапраўды дылема: год за годам вучыцца, а пасля асвойваць прафесію, расці крок за крокам – або адразу ў інтэрнет, і там дастаткова добра сябе адчуваць? (але ж зразумела, там, у віртуальнай прасторы, таксама не ўсё так проста даецца). Якія словы знайсці бацькам, каб у такой сітуацыі пераканаць дзіця вучыцца? Я маўчу пра тое, што ёсць бацькі, якія самі з ахвотай адпраўляюць сваіх дзяцей, калі бачаць, што віртуальная актыўнасць прыносіць прыбытак.

У заходніх краінах гэта ўвогуле вялікая праблема. З ростам папулярнасці сацыяльных сетак становіцца ўсё больш маладых людзей, якія зарабляюць там вялізныя грошы і здабываюць папулярнасць. Некаторых з іх называюць інфлюенсерамі – тымі, хто аказвае ўплыў на іншых людзей. За іх жыццём сочаць, да іх жадаюць быць падобнымі.

Выданне The Hill піша пра нядаўняе апытанне ў ЗША маладых людзей ва ўзросце ад 16 да 25 гадоў. Аказалася, кожны чацвёрты прадстаўнік пакалення Z хоча жыць, як знакамітасці, якія зарабляюць мільёны дзякуючы спонсарству брэндаў і рэкламе ў сваіх акаунтах у Instagram, TikTok і YouTube. Топавыя знакамітасці могуць атрымліваць да мільёна долараў за адну публікацыю ў сацсетцы. Як жа не спакусіцца такой магчымасцю?

Апытанне паказала: больш хлопцаў, чым дзяўчат лічаць, што быць інфлюенсерам – адзіны варыянт кар'еры для іх. Амаль кожны пяты прадстаўнік пакалення Z заявіў, што кінуў бы працу, каб стаць уплывовым чалавекам у сацыяльных сетках.

Ці лічыць гэта прафесіяй? Тут можна спрачацца. Аднак, у падлеткаў спыталі і пра перавагі такога занятку. Яны адказалі: бясплатныя прадукты, добры заробак і камунікацыя з іншымі ўплывовымі людзьмі. Кожны чацвёрты з іх лічыць: навучаць уплыву ў сацсетках добра было б ужо ў сярэдняй школе. Аўтары артыкулу заключаюць: культура ўплыву пранікае ў маладыя пакаленні і становіцца ўсё больш прыкметнай, таму гэты рух наўрад ці спыніцца ў бліжэйшы час.

Брытанская ВВС паведамляе: маладыя жыхары Уэльса кідаюць працу дзеля таго, каб зарабляць у сацыяльных сетках. У матэрыяле прыводзіцца прыклад хлопца па імені Льюіс, які захапляецца танцамі. Спачатку ён размяшчаў на Facebook кароткія відэаролікі. Пасля, калі вучыўся ў каледжы, перайшоў у TikTok. Танцаваў разам з мамай і бацькам, але сапраўдны поспех прыйшоў, калі Льюіс размясціў відэа, дзе танцуе разам са сваёй 77-гадовай бабуляй. Гэта ўзарвала інтэрнет, цяпер яго ролікі глядзяць мільёны людзей па ўсім свеце.

Хлопец звольніўся з рэстарана, таму што проста не хапала часу наведваць усе неабходныя мерапрыемствы для сацыяльных сетак. Цяпер у яго ёсць агент, які будзе прадстаўляць яго інтарэсы.

Памятаеце, у дзяцінстве ў нас пыталіся: кім ты хочаш стаць? Настаўнікам, спартсменам, музыкам, касманаўтам… Або, можа, ютуберам? Ютуберам! – выбірае сёння амаль кожны трэці малады жыхар ЗША і Вялікабрытаніі. Гэта вынікі яшчэ аднаго даследавання, у якім прынялі ўдзел 3000 дзяцей. Інфлюенсер становіцца адным з самых жаданых кар'ерных варыянтаў.

Але на гэтым шляху можа быць шмат падводных камянёў. Юнага ютубера або тыктокера могуць пачаць высмейваць аднакласнікі, якія будуць проста зайздросціць яго папулярнасці. Прычым дзеці бываюць неверагодна жорсткімі ў адносінах да сваіх аднагодак – у выніку яны могуць атрымаць вялікую эмацыйную шкоду.

Многія бацькі не жадаюць даваць карпарацыям, такім як Google або Facebook, яшчэ больш інфармацыі пра сваіх дзяцей – невядома, што яны пасля будуць рабіць з гэтымі данымі.

Халодным душам для тых, хто надумаў зарабляць з дапамогай новых тэхналогій, могуць быць і такія лічбы аднаго з амерыканскіх даследаванняў. Асноўная частка глядацкага трафіку YouTube прыпадае ўсяго на 3% каналаў. А заробак 96% ютубераў нават не дацягвае да афіцыйнага паказчыка рысы беднасці ў ЗША. Канечне, можна марыць, што менавіта ты трапіш у тыя запаветныя некалькі працэнтаў, якія атрымліваюць мільёны ў інтэрнэце. Але які рэальны шанц, што так адбудзецца?

Да таго ж, развіццё сучасных тэхналогій можа згуляць з інфлюенсерамі злы жарт. У апошнія гады ўсё большую папулярнасць набіраюць віртуальныя блогеры. Напрыклад, у Расіі адна з самых знакамітых віртуальных мадэляў – Аліёна Пол. Такія “не жывыя” інстаграмеры і тык-токеры, канечне, не бясплатныя для сваіх стваральнікаў і брэндаў, але можна меркаваць, што абыходзяцца значна танней, чым жывыя. Так што, магчыма, зусім хутка неабходнасць у рэальных інфлюенсерах проста знікне – і вось тады давядзецца вяртацца ў каледжы, школы, асвойваць больш традыцыйныя прафесіі…

Настаўнік або ўрач – гэта, канечне, не так весела, як тык-токер, затое карысці для грамадства значна больш!

Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: