Падзяліцца:
«Розгалас. Урокі сербскай...» Радыёблог Максіма Угляніцы (аўдыё)
  • Перадача: Радыёблог
  • Дата: 05.04.2022
«Розгалас. Урокі сербскай...» Радыёблог Максіма Угляніцы (аўдыё)

Аляксандр Вучыч застаецца прэзідэнтам Сербіі. Выбары адбыліся напярэдадні, дзеючы кіраўнік набраў у першым туры каля 60% галасоў. Сам ён, дарэчы, пахваліўся ўжо, што – адзіны палітык, які двойчы перамагаў на выбарах прэзідэнта ў першым туры. Пасля перамогі Вучыч паабяцаў, што Сербія працягне палітыку ваеннага нейтралітэта і не будзе далучацца ні да аднаго ваеннага саюза. Акрамя таго, Белград будзе імкнуцца захоўваць партнёрскія і дружалюбныя адносіны з Расіяй.

Палітычны лёс Аляксандра Вучыча і найноўшая гісторыя Сербіі, на мой погляд, заслугоўваюць асаблівай увагі. Яны даказваюць: не бывае адназначных высноў з тых падзей, што адбываюцца, а свет – не чорна-белы. І толькі час расстаўляе ўсё па месцах.

У 1998 годзе Аляксандр Вучыч заняў пасаду міністра інфармацыі ва ўрадзе Слабадана Мілошавіча. Заўважым, на той час Вучычу было 28 гадоў. У тым жа годзе быў прыняты закон аб СМІ, які дазволіў закрыць некалькі выданняў і тэлеканалаў з празаходняй арыентацыяй. Праз год у краіне арганізавалі інфармацыйную кампанію супраць ваеннай аперацыі НАТА ў Югаславіі. Самога Вучыча неўзабаве ўключылі ў спіс чыноўнікаў, якім забаронены ўезд у Еўрасаюз і ЗША. У 2000-ым, калі на вуліцы Бялграда выходзілі пратэстучыя супраць палітыкі “дыктатара” Мілошавіча, малады міністр стаў штрафаваць журналістаў, якія крытыкавалі ўрад.

Сацыяльных сетак у тыя часы яшчэ не было. А калі б былі, магу ўявіць, што б там пісалі Вучычу і пра Вучыча яго апаненты! “Пачакайце, вось зменіцца ўлада, мы ўсіх вас, прыкарытнікаў, павыкідваем і будзеце працаваць дворнікамі! У новай неверагоднай Сербіі будучыні ў вас не будзе перспектыў!” Ну або што там пішуць у такіх выпадках?

Улада хутка змянілася – у выніку каляровай рэвалюцыі (у выпадку з Югаславіяй гэта была так званая “бульдозерная рэвалюцыя”). Праз 6 гадоў Аляксандр Вучыч працаваў у Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы (і гэта, нагадаю, палітык, якому быў забаронены ўезд у ЕС!). Яшчэ праз 8 гадоў партыя Вучыча перамагла на выбарах, атрымаўшы абсалютную большасць галасоў сербаў. А ў 2017-ым сам ён перамог ужо на выбарах прэзідэнта краіны.

Заўважым, грамадзян Сербіі абсалютна не бянтэжыла дзейнасць Аляксандра Вучыча на пасадзе міністра інфармацыі ў часы Мілошавіча – інакш яны б проста не аддалі за яго галасы. А што былыя кіраўнікі “бульдозернай рэвалюцыі”? Яны сербаў расчаравалі і хутка сышлі з палітыкі. Хтосьці сёння ціха жыве на пенсіі, а хтосьці ўвогуле не дажыў да нашых дзён (як застрэлены ценявы лідар пратэстаў Зоран Джынджыч).

Дарэчы, ад свайго былога кіраўніка Аляксандр Вучыч не адрокся. Ужо будучы прэзідэнтам, у 2018 годзе падчас выступлення на адным з мітынгаў ён заявіў: “Мілошавіч быў вялікі сербскі лідар, яго намеры, прынамсі, былі найлепшымі”. Напэўна, прамаўляючы гэтыя словы, Вучыч выказваў далёка не толькі сваё асабістае меркаванне…

Сёння Сербія абрала прыярытэтам развіццё адносін з Еўрасаюзам. Але гэта не значыць, што яна ва ўсім бяздумна пагаджаецца з Еўропай. Што яскрава паказаў цяперашні канфлікт вакол Украіны. Бялград пакідае сабе права на ўласныя, не чорна-белыя, ацэнкі сітуацыі. За гэтае права сербы заплацілі высокую цану. Размова, натуральна, пра натаўскія бамбардзіроўкі 1999 года.

Гэта, дарэчы, вельмі асабістая гісторыя і для Аляксандра Вучыча. Яго маці Ангеліна працавала журналісткай і цудам выжыла пасля бамбардзіроўкі будынку радыё і тэлебачання Сербіі 23-га красавіка, калі загінулі 16 чалавек. Сам Вучыч у той дзень таксама збіраўся ў тэлецэнтр, каб даць інтэрв’ю заходнім журналістам у якасці міністра інфармацыі, але затрымаўся па дарозе.

Якраз разбомблены тэлецэнтр стаў прыкладам (не адзіным) таго, што натаўскія бомбы трапляюць не толькі ў ваенныя аб’екты, але і ў грамадзянскія. Аперацыя доўжылася 78 дзён і праходзіла без санкцыі Савета Бяспекі ААН, што стала грубым парушэннем міжнароднага права. Фактычна гэта была агрэсія Захаду супраць суверэннай краіны.

Галоўнай задачай аперацыі ў Паўночнаатлантычным альянсе называлі «прадухіленне генацыду» косаўскіх албанцаў. Аднак, многія эксперты сёння ўпэўнены: насамрэч НАТА шмат у чым праследвала геапалітычныя мэты. Перш за ўсё – узмацніць пазіцыі ў рэгіёне пасля зніжэння там расійскага ўплыву, і рушыць альянс далей на ўсход.

Як адзначана на сайце НАТА, падчас аперацыі авіяцыя зрабіла 38 тысяч баявых вылетаў. Былі памылкі, якія прыводзілі да ахвяр сярод мірных людзей, часам бомбы траплялі на жылыя дамы. Паводле сербскіх даных, у выніку бамбардзіровак альянсу загінулі ад 3,5 тыс. да 4 тыс. чалавек, раненні атрымалі каля 10 тыс. Дзве трэці з іх былі грамадзянскія асобы. Матэрыяльны ўрон склаў да $100 млрд. Былі разбураны больш за паўтары тысячы населеных пунктаў, знішчана або пашкоджана 40 тыс. жылых дамоў, 60 мастоў, трэць усіх школ.

Па інфармацыі Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, ваенныя скідвалі разам з бомбамі збеднены ўран. У выніку ў рэгіёне вырасла колькасць анкалагічных захворванняў. Дарэчы, сярод тых, хто захварэў, былі і ваенныя НАТА, якія прымалі ўдзел у аперацыі. Многія з іх пазней падавалі іскі па кампенсацыі матэрыяльнага ўрону ў суды сваіх краін.

Вось чаму сёння афіцыйны Бялград часам ідзе насуперак рашэнням Бруселя. Гаворыць не тое, чаго ад яго чакаюць еўрачыноўнікі. Проста для многіх жыхароў Сербіі тое, што адбылося больш за 20 гадоў назад, і сёння – рана, якая не зажывае.

Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: