«Сусветная вайна новага тыпу» – так немудрагеліста французскі прэзідэнт Эмануэль Макрон днямі назваў тое, што зараз адбываецца ў сувязі з пандэміяй. Проста на нашых вачах ідзе спаборніцтва найбуйнейшых дзяржаў за права пастаўляць іншым краінам сваю вакцыну ад каронавіруса. За права называцца тэхналагічнымі гігантамі. Ды што там спаборніцтва – гэта ўжо сапраўдная вайна! Вайна вакцын. І часам у ёй не жадаюць браць палонных.
Зрэшты, словы Макрона для нас дакладна не сталі адкрыццём. Пра тое, што вытворчасць і пастаўкі вакцын – справа геапалітычная, у Мінску гучна казалі яшчэ ў мінулым годзе, калі пандэмія толькі набірала абароты, а саміх вакцын яшчэ не было нават у прабірках. Пачулі тады гэтыя папярэджанні ў еўрапейскіх сталіцах або не пачулі – але зараз могуць пераканацца ў іх слушнасці.
Асноўныя ігракі – ЗША, Расія, Кітай і Еўрасаюз. Розныя вытворцы вакцын, звязаныя з гэтымі краінамі, фактычна дзеляць увесь свет на сферы свайго ўплыву. Канечне, кожны ігрок жадае, каб яго сфера была шырэйшай. Але тут здараюцца і нечаканыя правалы (як з адной з еўрапейскіх вакцын), і непрыемныя для іншых перамогі (як з расійскім прэпаратам, над якім спачатку жартавалі).
Вайна вакцын – гэта і вялікія грошы, і геапалітыка (зрэшты, хіба другое магчыма без першага?). Свае інтарэсы, канечне, ёсць у так званай «Вялікай Фармы» – дзясяткі найбуйнейшых фармацэўтычных кампаній свету. Каб ацаніць маштабы – адна толькі Pfizer мае рыначную капіталізацыю больш за 200 мільярдаў долараў. І гэту кампанію нядаўна злавілі за руку, калі яна спрабавала аказаць уплыў на сотню ўрачоў, якія кансультуюць амерыканскае ўпраўленне па наглядзе за якасцю лекаў.
«Вакцынацыя – гэта заўсёды яшчэ і палітыка, ніколі размова не ідзе толькі пра медыцыну», – адзначае аўстрыйскі гісторык Мальтэ Цісен у інтэрв'ю выданню «Кур'ер». Ён вывучае гісторыю імунізацыі з часоў першых вакцын супраць воспы. Даследчык звяртае ўвагу: нават выбар назвы для расійскай прышчэпкі – гэта ж не выпадкова, «гэта прапаганда вышэйшага ўзроўню». «Спадарожнік» – у гонар першага штучнага спадарожніка Зямлі, які запусціў у канцы 1950-х СССР. «V» – скарочана – «перамога».
І падобна на тое, што вакцына перамагае там, дзе многія не чакалі. У Еўрасаюзе расійскі прэпарат афіцыйна яшчэ недаступны, але ўжо сее разлад у еўрапейскай дыпламатыі.
Еўрасаюз не мае патрэбы ў расійскай вакцыне, – заявіў напярэдадні еўракамісар па ўнутраным рынку Ц'еры Брэтон. Масква яму адказала: а чые інтарэсы вы абараняеце, сваіх грамадзян або фарм-кампаній? Далей – болей. Нямецкі канцлер выказала гатоўнасць закупляць расійскія вакцыны. Меркель удакладніла: Германія ў гэтым пытанні павінна дзейнічаць сама за сябе. Эксперты кажуць: гэта чысты прагматызм, асабліва калі ўлічыць становішча партыі Меркель перад будучымі выбарамі. Як растлумачыць нямецкім грамадзянам, чаму не бяруць расійскую прышчэпку, калі сваіх, еўрапейскіх, ужо відавочна не хапае? Што, сапраўды палітыка важней за іх здароўе, ну так атрымліваецца?
Падобныя настроі ў Францыі. Мясцовае выданне Le Figaro піша: Еўропа паказвае ідэалагічны фанатызм, які ідзе супраць дабрабыту і здароўя насельніцтва. І сапраўды дылема, якой не пазайздросціш. Адмовішся ад вакцыны – скажуць, што плюеш на здароўе сваіх людзей. Возьмеш вакцыну – значыць, прызнаеш расійскі навуковы (і не толькі) поспех. Задачка! Вось і атрымліваецца, што пакуль палітыкі раздумваюць, ЕС у цэлым і Францыя ў прыватнасці плятуцца ў хвасце працэсу імунізацыі.
Le Figaro звяртае ўвагу на яшчэ адзін момант: дзіўна, што палітыкі так спакойна адносяцца да павольнага працэсу вакцынацыі. Тут жа кожны дзень на рахунку! Раней жа яны выводзілі на вуліцы паліцэйскіх, і тыя заганялі па дамах людзей, якія проста жадалі задаволіць свае сацыяльныя і эканамічныя патрэбы. Усё тлумачылася неабходнасцю выйграць час, разгрузіць бальніцы. А што цяпер – час ужо не важны? Ці справа зноў-такі проста ў нежаданні купляць вакцыны ідэалагічных канкурэнтаў, Расіі і Кітая? Зрэшты, спіс еўрапейскіх краін, дзе прагматызм у палітыкаў перамагае фанатызм, усё большы – Італія, Германія, Венгрыя, Чэхія, Славакія…
І вось яшчэ пра геапалітыку. Асобныя эксперты іранізуюць: такая вакцынацыя ў Еўрасаюзе, як зараз, – гэта лепшая рэклама Брэксіта. Многія ж чакалі, што пасля выхаду Вялікабрытаніі адбудуцца нечуваныя катаклізмы. Але, магчыма, многія грамадзяне «аб'яднанай Еўропы» якраз задумаюцца: а ці патрэбны ім такі саюз з такімі палітыкамі, якія гатовы грэбаваць іх здароўем? У Вялікабрытаніі ж вакцынацыя ідзе куды жвавей.
Нагадаем, у нашай краіне ў асноўным будзе магчымасць прышчапіцца расійскай або кітайскай вакцынамі ад каронавірусу. Прычым расійскі прэпарат будуць выпускаць на «Белмедпрэпаратах». Аднак і ад вакцын з іншых краін ніхто не адгароджваецца. Іншая справа, што на сёння, як мы бачым, заходніх вакцын востра не хапае нават для сваіх жыхароў, што ўжо тут казаць пра экспартныя пастаўкі. Але ж Міністэрства аховы здароўя Беларусі атрымала даручэнне – даць магчымасць тым, хто пажадае, за грошы прышчапіцца любымі вакцынамі. Гэта выбар кожнага чалавека.