Падзяліцца:
«Розгалас. Войны робатаў: як новыя тэхналогіі замяшчаюць людзей у ваенных канфліктах». Радыёблог Максіма Угляніцы (аўдыё)
  • Перадача: Радыёблог
  • Дата: 27.04.2021
«Розгалас. Войны робатаў: як новыя тэхналогіі замяшчаюць людзей у ваенных канфліктах». Радыёблог Максіма Угляніцы (аўдыё)

Гісторыя чалавецтва – гэта шмат у чым гісторыя войнаў. Выснова сумная, але наўрад ці з ёй хтосьці паспрачаецца. Дастаткова адкрыць школьныя падручнікі, каб пераканацца: людзі пастаянна ваявалі адно з адным. За тэрыторыі, за рэсурсы, за панаванне.

Некаторыя гісторыкі ўвогуле прапануюць разглядаць развіццё чалавецтва з пункту гледжання развіцця тэхнікі, у тым ліку ваеннай. Дадумаўся хтосьці з нашых продкаў у далёкія-далёкія часы ўкласці ў руку камень, каб памножыць сілу свайго кулака, – і перамог у канкурэнтнай барацьбе. Тыя, хто вынайшаў кола, а следам за ім і калясніцу, тут жа атрымалі найважнейшую перавагу пры вядзенні баявых дзеянняў – яны былі больш хуткімі і мабільнымі ў параўнанні са сваімі ворагамі. І гэтак далей.

Здаецца, зараз мы на такім адрэзку гісторыі, калі можна чарговы раз сцвярджаць: ваенныя канфлікты больш не будуць такімі, як былі раней. І справа не толькі ў так званых «гібрыдных» войнах, пра якія апошнім часам шмат кажуць. Калі не трэба адпраўляць, як раней, танкі і самалёты на тэрыторыю праціўніка – а можна з дапамогай інфармацыйнага ўздзеяння кіраваць паводзінамі людзей на адлегласці. Справа яшчэ ў тым, што, здаецца, усё радзей людзі будуць ваяваць з людзьмі – на палях бітваў іх заменяць розныя тэхнічныя вынаходніцтвы. Вось толькі пакуль не зразумела: нам, людзям, можна з лёгкасцю выдыхаць або наадварот – мы цяпер перад яшчэ большай пагрозай?

Адным з моцных уражанняў майго юнацтва стаў прагляд галівудскай стужкі «Тэрмінатар». Было гэта ў самым пачатку 1990-х, у адным з першых відэасалонаў у Мінску на вуліцы Крапоткіна. Заціснутыя ў далоні папяровыя рублі на квіток, працяглае стаянне ў чарзе з надзеяй, што застанецца свабоднае месца ў нейкай цёмнай каморцы… І далей мы з аднакласнікамі з зачараваным жахам глядзелі на тое, што адбывалася на экране тэлевізара: робаты-забойцы з рукамі-кулямётамі і чырвонымі агеньчыкамі замест вачэй, а таксама кібарг Шварцэнегер, якога не бярэ куля.

Наколькі гэта было жахліва, настолькі і здавалася поўнай фантастыкай. Не забывайце, гэта быў час, калі мы тэлефанавалі адно аднаму з таксафонаў, і ніякіх пэйджараў, мабільных, камп'ютараў нават у вочы не бачылі! Ды што там не бачылі – нават не чулі пра іх. А тут нейкія «кібернетычныя арганізмы», кібаргі. Не расказвайце нам казкі!

Што ж, мінула гадоў 30, і цяпер навіны пра падобныя «казкі» прыходзяць ледзь не штодня. Так, нядаўна на базе ваенна-паветраных сіл ЗША ў Фларыдзе на службу заступілі робаты-сабакі. Знешне яны сапраўды падобныя на жывёлу – перамяшчаюцца на чатырох… назавём іх «лапамі». Спецыялісты кажуць, што па-сутнасці, гэта дрон – толькі наземны, а не паветраны. Пілот яму таксама патрэбны, зрэшты, кіраванне гэтае на адлегласці – з дапамогай тэлефона, падобнага да гульнявой прыстаўкі. Ёсць апісанне тактыка-тэхнічных характарыстык: такі «сабака» можа працаваць пры тэмпературы ад мінус 40 да плюс 55 градусаў, лёгка перамяшчаецца нават па цяжкапраходнай мясцовасці, абсталяваны 14-цю сенсарамі, якія паказваюць сітуацыю на 360 градусаў. Наколькі гэта перавышае магчымасці звычайнай жывёлы!

Робаты-сабакі створаны, каб павысіць узровень абароны ваенных баз. Пакуль што, як бачыце, размовы пра абарону, але ці не пяройдзе яна калісьці ў наступленне? Бо армія ЗША ўжо не першы год эксперыментуе з робатамі для падтрымкі пяхоты. Што могуць робаты-сабакі супраць чалавека, мы ўжо бачылі ў адным з эпізодаў папулярнага серыялу «Чорнае люстэрка». Скажам шчыра, страшнавата. А галоўнае – ужо зусім не здаецца фантастыкай, як калісьці ў юнацтве было з «Тэрмінатарам».

Шмат апасенняў выклікаюць і беспілотнікі. Дроны ўсё больш даступныя для звычайных людзей, і на думку экспертаў па бяспецы – гэта глабальная пагроза. Ужо сёння ёсць нямала выпадкаў, калі ў зонах баявых дзеянняў недарагія аматарскія дроны ператвараюць амаль што ў мікра-бамбардзіроўшчыкі – падвешваюць на іх лёгкія гранаты або іншую выбухоўку. Так ужо было ў Сірыі, Іраку, Йемене.

Спецыялісты скардзяцца: збіваць такія беспілотнікі звычайнай зброяй не атрымліваецца – яны хуткія, маленькія, у іх складана трапіць, а калі і ўдалося, яны працягваюць палёт. Не апошняе і пытанне эканоміі. Вобразна кажучы, снарад, які можна было б выпусціць па дроне, каштуе нашмат даражэй за сам дрон. Праўда, нядаўна з'явілася навіна, што прыдумалі даволі танны спосаб змагацца з беспілотнікамі: магутны пучок ЗВЧ-выпраменьвання проста выпальвае ўсё электроннае начынне апарата. Наколькі эфектыўнай акажацца навінка, пакажа час.

Але пакуль што усе кажуць пра «вайну дронаў». Канечне, – тэхналогія, якая і не снілася ваенным яшчэ адносна нядаўна. Цяпер тэарэтычна адзін чалавек можа кіраваць цэлай эскадрылляй, прычым на адлегласці! Нездарма пасля нядаўняга ваеннага канфлікту ў Нагорным Карабаху, калі масава выкарыстоўваліся беспілотнікі, эксперты загаварылі пра рэвалюцыю. Маўляў, гэта зменіць тактыку і стратэгію цэлых армій, нават у развітых краінах.

Здавалася б, ну няхай робаты і іншыя тэхнічныя прыстасаванні цяпер і ваююць адно з адным! Можа, увогуле ваенныя канфлікты стануць бяскроўнымі, без чалавечых ахвяр? Але штосьці падказвае: усё наадварот. Імклівае развіццё тэхналогій у гэтай сферы толькі павялічвае рызыку для чалавецтва. Занадта шмат непрадказальных наступстваў у такіх вынаходніцтваў, асабліва калі яны трапяць у нядобрыя рукі. Прыгадваюцца словы Альберта Эйнштэйна: «Я не ведаю, якой зброяй будзе весціся Трэцяя сусветная вайна, але ў Чацвёртай будуць выкарыстоўваць палкі і камяні».

Фота: https://www.sandboxx.us/blog/the-air-force-deploys-its-first-robot-dog/

Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: