З чаго вы пачынаеце свой дзень?
Хтосьці з кубачка кавы і сняданку, хтосьці з лёгкіх фізічных практыкаванняў (лета – прыдатны час для гэтага). Але дакладна ведаю: многія пачынаюць дзень з чытання або прагляду навін. “Што там здарылася, пакуль мы спалі?” Скажам шчыра, хутчэй за ўсё, нічога абнадзейваючага ў стужцы навін не будзе. А будуць новыя здарэнні, канфлікты, выбухі, смерці, катастрофы і гэтак далей. Канечне, так сабе фон для пачатку новага дня…
Днямі прачытаў такую думку ў інтэрнэце: як гэта мы дажылі да тых часоў, калі ледзь не кожны дзень пачынаецца Трэцяя сусветнай вайна?! Загалоўкі крычаць:
“Нэнсі Пелосі можа прыляцець у Тайвань! Калі яе самалёт саб’юць, ці пачнецца Трэцяя сусветная?”
“Канфлікт паміж Сербіяй і Косава – ці можа гэта быць пачаткам новай сусветнай вайны?”
Самае цікавае, што такія – страшныя па-сутнасці – загалоўкі ўспрымаюцца ўжо амаль буднічна. Але ж радасці і аптымізму ўсё адно не дадаюць.Не дзіўна, што многія людзі перастаюць увогуле чытаць навіны. Цяжка, канечне, бо гэта той яшчэ наркотык – але здароўе даражэй. Вось і амерыканская журналістка з дваццацігадовым стажам, пісьменніца і вядучая падкаста Аманда Рыплі на старонках Washington Post прызнаецца: яна ўжо не першы год пазбягае навін. Раней яна спажывала іх пастаянна – работа такая – але пяць гадоў таму ўсё змянілася. Рыплі гаворыць пра гэта так: «Навіны пачалі залазіць мне пад скуру. Пасля ранішняй порцыі я адчувала сябе спустошанай і не магла нічога рабіць. Пры гэтым усю сваю кар'еру асвятляла тэракты, авіякатастрофы, людскія пакуты. Але навін стала занадта шмат, яны былі ў сацсетках, у паведамленнях ад сяброў, у паштовай скрыні. Асноўны матыў навін: усе дэпрэсіўна, таму і ты павінен знаходзіцца ў дэпрэсіі!».
У пэўны момант журналістка пайшла да псіхолага і тая ёй параіла – «не чытайце навіны!». Жанчына паразмаўляла са сваімі калегамі і тыя таксама прызналіся: яны перасталі чытаць інфармацыйныя стужкі.
Па меркаванні Рыплі, адна з рэчаў, якіх не хапае навінам – надзея. Яны маглі б даваць надзею, каб было дзеля чаго прачынацца раніцай.
Насамрэч такой інфармацыі, якая выклікае ў нас трапятанне і абнадзейвае, – не тое, каб шмат, але хапае. Проста гэтыя паведамленні – не ў топе навін. Іх трэба яшчэ пашукаць. Хочаце прыкладаў? Вось вам два, пра фантастычныя прыдумкі і вынаходніцтвы. Прычым і з Захаду, і з Усходу.
Кампанія-стартап з Нью-Йорка, якая займаецца інтэрфейсам мозг-камп’ютар і лічыцца адным з канкурэнтаў кампаніі Ілана Маска (проста не настолькі раскручанай і хайповай) нарэшце правяла аперацыю па ўжыўленні ў мозг чалавека нейраінтэрфейса. Амаль бяскроўнае ўмяшанне – электроды ўводзілі праз крывяносныя сасуды. У артыкуле пра гэту аперацыю тройчы ўжываецца выраз “важная тэхналагічная вяха”. Насамрэч пра гэта даўно размаўлялі і вось нарэшце зрабілі.
Чым гэта карысна для чалавецтва? Дзякуючы такой тэхналогіі пацыенты з цяжкім паралічам зноў атрымаюць магчымасць самастойна кіраваць электроннымі прыладамі і гаджэтамі, толькі без дапамогі рук: пісаць тэкставыя паведамленні, правяраць электронную пошту, рабіць пакупкі ў Інтэрнэце і атрымліваць доступ да паслуг тэлемедыцыны. А ў будучым, магчыма, атрымаецца вярнуць такім паралізаваным хворым здольнасць рухацца і рабіць розныя звыклыя рэчы. Такіх людзей у свеце мільёны, і для іх цяперашняя навіна – надзея на жыццёвыя перспектывы.
Яшчэ адна цікавая навіна прыйшла з Саудаўскай Аравіі. Там плануюць стварыць мадэль таго, што ў будучым можа стаць найбуйнейшым збудаваннем у свеце. Пакуль што ў гэтым раёне камяністая, бясплодная пустыня. Аднак, наследны прынц Саудаўскай Аравіі Мухамед бен Салман мае амбіцыйную мару – стварыць штосьці, эквівалентнае егіпецкім пірамідам.
Архітэктары прыдумалі ўзвесці два будынкі. Зрэшты, слова “узвесці” тут не зусім падыходзіць – гэтыя дамы будуць не столькі ўверх, колькі ўздоўж. Вобразна кажучы, будынкі, якія “паклалі на бок”. Яны плануюцца вышынёй амаль 500 метраў (гэта як паўтары Эйфелевы вежы) і працягласцю 120 кіламетраў (гэта як ад Мінска да Нясвіжа). Два будынкі паралельна адзін аднаму (таму праект атрымаў назву Mirror Line, Лінія люстэрка).
Фактычна, гэта будзе дом-горад, дзе змогуць жыць да 5 мільёнаў чалавек. Паколькі ён плануецца без аўтамабіляў і з нулявым забруджваннем навакольнага асяроддзя, ездзіць на ім будуць на хуткасным цягніку, які будзе курсіраваць пад будынкамі. Далей – яшчэ больш фантастычна: плануецца займацца вертыкальным земляробствам (прасцей кажучы, вырошчваць гародніну, так бы мовіць, на сценах, а не на зямлі). Каб накарміць людзей, гародніна будзе аўтаномна збірацца і дастаўляцца ў "грамадскія сталовыя" і "кухні для сумеснага пражывання", - гаворыцца ў планах будаўніцтва. Як піша Wall Street Journal, чакаецца, што агульны кошт праекта складзе каля трыльёна долараў. Грандыёзная мара саудаўскага прынца можа рэалізавацца ўжо да 2030 года (прынамсі, у яго ёсць такое жаданне і, што важна, рэсурсы для яго ажыццяўлення).
Зразумела, словамі фантастычнасць гэтых планаў не перадаш – можна паглядзець адпаведны ролік у Youtube. Пагадзіцеся, такія навіны наўрад ці каго загоняць у дэпрэсію, хутчэй, наадварот – паднімуць настрой і дадуць надзею. Магчыма, у гэтых загалоўкаў не будзе столькі праглядаў, як у інфармацыі пра пачатак “Трэцяй сусветнай”. Але гэта ўжо пытанне да нас, спажыўцоў навін. Што будзе ў нашым інфармацыйным меню, мы выбіраем самастойна.