Вы часта задумваецеся, якое значэнне ў нашым жыцці маюць словы? Напісаныя і прамоўленыя. Як там кажуць — добрае слова і сабаку прыемнае. Або — словам можна забіць. Нядаўна абмяркоўваў гэтую тэму са знаёмымі жанчынамі – універсітэцкімі работніцамі. Яны расказалі некалькі жыццёвых гісторый, калі несправядлівыя словы, абвінавачванні адных людзей на адрас іншых сапраўды забівалі, фізічна. Не адразу, з часам, але рабілі сваю чорную справу.
У гэтым сэнсе важна таксама разумець, чаму мы давяраем словам, якія чуем або чытаем. Пытанне шмат у чым філасофскае, таму прыгадаю тут амерыканскага філосафа Джона Сёрла. У свой час ён шмат казаў пра так званыя дэкларатывы. Гэта такія выказванні, якія робяць штосьці фактам. Каб было зразумела, прывяду некалькі канкрэтных прыкладаў.
Знаёмая ўсім карцінка з фільмаў, кніг, з асабістага жыцця. «Аб'яўляю вас мужам і жонкай!» — чуе закаханая пара ўрачыста прамоўленыя словы, і з гэтага моманту ўсе ведаюць: яны ўзялі шлюб. Але калі задумацца: якая такая фізічная сіла зрабіла іх мужам і жонкай? Па факце – ніякая. Усяго толькі чатыры словы, прамоўленыя адпаведным чалавекам, і ў якія ўсе паверылі. Нават, калі яны замацаваныя паперай са штампам – гэта таксама проста словы, якім давяраюць. Нічога больш.
Або вось яшчэ прыклад дэкларатыву, які прыводзіць філосаф Сёрл. Калі ўзяць амерыканскую грашовую купюру, мы ўбачым на ёй надпіс: «Дадзеная банкнота з'яўляецца законным плацежным сродкам па ўсіх абавязацельствах, прыватных і дзяржаўных». Чалавек уедлівы мог бы запытацца: а гэта што, нейкі закон фізікі? Адкуль мы гэта ведаем, ёсць нейкія доказы? Але большасць, канечне, пакруціла б пальцам ля скроні і сказала: а што тут даказваць, гэта і так зразумела. Грошы ў нашых кашальках (прычым не важна, якой краіны) – гэта грошы толькі таму, што мы ўсе так думаем. Інакш гэта былі б проста паперкі, на якіх штосьці напісана.
Гэта прыклады таго, як прамоўленыя або напісаныя словы ствараюць рэальнасць. Ёсць важны нюанс: у гэтыя словы павінны верыць многія, інакш «магія» не спрацуе. Аднак, асаблівае значэнне такія дэкларатывы набываюць у наш час, калі для многіх людзей рэальнасць не выходзіць за межы экрана смартфона. Вось ужо дзе адказнасць за напісанае і прамоўленае слова, здавалася б, павінна быць! Але бывае не заўсёды. А многія вераць, без ценю сумнення...
Напрыклад, калі чытаюць Вікіпедыю. Кажуць, нават у некаторых навуковых работах можна знайсці спасылкі на гэты онлайн-рэсурс. Прычым, часам напісаныя там словы даюць цалкам эканамічны эфект. Гэта заўважылі некалькі вучоных з Італіі і Германіі, калі правялі эксперымент. Яны выпадкова выбралі некалькі гарадоў па ўсёй Іспаніі, а пасля крыху змянілі раздзелы ў Вікіпедыі, прысвечаныя гэтым гарадам. Дадалі літаральна некалькі абзацаў, каб палепшыць іх апісанне. Як вынік – колькасць дзён, што правялі турысты ў гэтых гарадках у сезон, вырасла амаль на 10%. У грошах эфект склаў каля сотні тысяч еўра за год для кожнага горада. Вось так усяго некалькі абзацаў нарадзілі новую рэальнасць – а патэнцыйныя турысты паверылі ў яе, калі чыталі апісанне.
Не дзіўна, бо спасылка на артыкул у Вікіпедыі часцей за ўсё выдаецца першай пры пошуку ў інтэрнэце. А час на тое, каб шукаць іншыя матэрыялы і параўноўваць, ёсць далёка не ва ўсіх. Вось і атрымліваецца для многіх: што прачыталі ў Вікіпедыі, тое і думаць пра тую ці іншую рэч, кампанію, пра чалавека. Не дзіўна, што ёсць нават цэлы бізнес так званых камерцыйных правак у «онлайн-энцыклапедыі» — калі за грошы можна ўнесці змяненні ў апісанне і палепшыць сваю рэпутацыю або ачарніць свайго канкурэнта. З гэтым спрабуюць змагацца, але атрымліваецца не заўсёды. А людзі вераць таму, што прачыталі…
Або як у нашу «эпоху хайпа» працуе інстытут рэпутацыі, брэнда – захочаце вы нейкую паслугу атрымаць ці тавар купіць, абавязкова адкрыеце інтэрнэт. А там будзеце шукаць водгукі, каментарыі. Што іншыя пра гэта пішуць. Прычым хто канкрэтна піша – часта і незразумела. Магчыма, адзін і той жа чалавек пад рознымі нікамі або з розных старонак. І тым не менш – прачыталі дзясяткі станоўчых водгукаў і ўжо, здаецца, давяраеце. Хоць самі нават у вочы яшчэ не бачылі. А пра іншых калі нічога не пішуць, падсвядома ўжо нейкія падазрэнні з'яўляюцца – нешта там не так, напэўна, ёсць праблемы з якасцю. Хоць да рэальнасці гэта можа не мець ніякага дачынення.
Прыкладна так многія і ўрача, трэнера, рэпетытара, іншага спецыяліста сабе выбіраюць. У гэтага ў інстаграме шмат водгукаў, лайкаў, ён штосьці пастаянна пра сябе расказвае? То, напэўна, цудоўны спецыяліст. А той нейкі інтраверт, усяго пару публікацый, і каментарыяў асабліва не бачна, а ўсе лайкі сам сабе ставіць – напэўна, дрэнны спецыяліст, лепш не хадзіць да яго. Прыкладна так разважаюць. Ацэньваюць прафесіяналізм чалавека па яго актыўнасці ў сацыяльных сетках.
Канечне, у рэальнасці можа быць па-рознаму. Але ўсё ж – ці не зашмат даверу мы часам аказваем словам, за якімі фактычна нічога не стаіць? Нічога, акрамя фэйкавых акаунтаў і розных іншых ботаў. Так з пустаты нараджаецца рэальнасць, якая потым уплывае на наша жыццё. Уплывае не фэйкава, а часам нават вельмі балюча.
Зрэшты, а каго вінаваціць, акрамя самога сябе? Старое як свет правіла «Давярай, але правярай» у інтэрнэце дакладна трэба памножыць на дзесяць.