«Мае рукі ў крыві». Такое прызнанне нядаўна зрабіла былы аналітык кампаніі Facebook Сафі Чжан. Яна падзялілася з выданнем Buzzfeed сваім пісьмом, якое напісала для распаўсюджвання ўнутры кампаніі перад тым, як пакінуць працоўнае месца. Жанчына адчувае вялізны стрэс, таму што лічыць сябе адказнай за тое, што аказвала ўплыў на сацыяльныя працэсы па ўсім свеце. Найперш гэта звязана з палітыкай.
Тое, што сацыяльныя сеткі, месенджэры актыўна выкарыстоўваюць падчас палітычных кампаній (асабліва падчас выбараў), даўно не сакрэт. Самая вядомая гісторыя – прэзідэнцкія выбары 2016-га года ў ЗША. Сціплая брытанская кампанія Cambridge Analytica заявіла тады, што менавіта яна – аўтар перамогі Дональда Трампа. Маўляў, яна ўплывала на настроі мільёнаў амерыканскіх выбаршчыкаў праз іх акаунты ў сацыяльных сетках, паказваючы ім тыя ці іншыя запісы – у залежнасці ад псіхалагічных асаблівасцей чалавека. У выніку людзі аддавалі свой голас за патрэбнага кандыдата, магчыма, самі не разумеючы, што да такога выбару іх падштурхнулі.
Пра гэта ўжо напісана шмат кніг і знята дакументальных фільмаў, так што падрабязнасці прыгадваць не будзем. Ёсць скептыкі, якія кажуць: усю гісторыю раздулі, насамрэч уплыў сацсеткі Facebook на вынікі галасавання быў не настолькі моцным. Але ў любым выпадку, гэта новае слова ў палітычных тэхналогіях, і на яго ўжо нельга заплюшчваць вочы.
Канечне, няма нічога злачыннага ў тым, каб выкарыстоўваць падчас кампаній новыя каналы камунікацыі з людзьмі. Многія сёння літаральна жывуць у сацыяльных сетках або месенджэрах, і было б дзіўна, калі б палітыка не знайшла іх і там. Напрыклад, падчас цяперашняй кампаніі Дональд Трамп актыўна выкарыстоўвае Youtube ў якасці сваёй «сакрэтнай зброі», кажуць эксперты. На гэта расходуюцца дзясяткі мільёнаў долараў. А каманда яго саперніка Джо Байдэна нядаўна выкупіла Instagram-акаунт вельмі папулярнага каліфарнійскага падлетка і зрабіла гэтую старонку «кантактным тварам» сваёй кампаніі.
Але што калі выкарыстоўваюцца не зусім сумленныя (або зусім несумленныя) тэхналогіі? Гэта, як кажуць, ужо зусім іншая гісторыя. Пра яе якраз і піша ў сваім пісьме звольнены работнік Facebook Сафі Чжан. У сацыяльнай сетцы яна адказвала за маніторынг так званай «скаардынаванай актыўнасці» – маецца на ўвазе дзейнасць ботаў і спам-рассылка. Яе каманда выявіла работу фальшывых акаунтаў у самых розных краінах. Накрутка падтрымкі прэзідэнта Гандураса, сетка ботаў для ўплыву на мясцовыя выбары ў Індыі, 10 мільёнаў фэйкавых «лайкаў» і падпісчыкаў на выбарах у Бразіліі і ЗША, цэлыя фермы ботаў, якія выступалі за ўкраінскіх палітыкаў Юлію Цімашэнка і Уладзіміра Гройсмана, і іншыя падобныя гісторыі.
У службовай запісцы Чжан прызнаецца: яна адчувае адказнасць за тыя выпадкі, калі недапрацавала, не надала патрэбнай увагі фактам фальшывай актыўнасці ў сетцы, а ў выніку гэта прывяло да грамадзянскіх беспарадкаў у тых ці іншых краінах. Таму часам ёй цяжка было чытаць навіны і сачыць за сусветнымі падзеямі. Як прыклад – у Балівіі Чжан выявіла незвычайную інтэрнет-актыўнасць у падтрымку апазіцыйнага кандыдата ў прэзідэнты у 2019 годзе. Яна палічыла за лепшае не надаваць гэтаму ўвагі, маўляў, ёсць больш важныя справы. А літаральна праз некалькі месяцаў у палітыцы Балівіі пачаўся хаос, які прывёў да адстаўкі прэзідэнта Эва Маралеса і масавых пратэстаў, падчас якіх загінулі дзясяткі чалавек. Вось адсюль і цяжкае прызнанне жанчыны, што ў яе «рукі ў крыві». Хаця здавалася б – актыўнасць віртуальная. Але кроў абсалютна рэальная, сапраўдных людзей, не ботаў…
У цэлым Чжан незадаволеная тым, як кіраўніцтва сацыяльнай сеткі рэагавала на выяўленыя сеткі фальшывых акаунтаў. Ад таго дня, як яны былі выяўлены, і да моманту іх выдалення часам праходзіла 9 месяцаў. Некаторыя выпадкі такога віртуальнага ўплыву на грамадскую думку проста ігнараваліся адміністрацыяй Facebook. Асобныя гісторыі ўвогуле сталі вядомыя толькі пасля цяперашняй навіны – раней кампанія лічыла за лепшае іх не публікаваць, каб не сапсаваць імідж.
Карацей, Сафі Чжан зводзіць усё хутчэй да дрэнных менеджарскіх рашэнняў, нядбайнасці, выпадковасці і праблем з чалавечымі рэсурсамі ў кампаніі. Але ці можам мы быць упэўнены, што ў гэтых гісторыях не было і наўмысных дзеянняў? Асабліва з улікам апошніх паведамленняў.
Кіраўнік Facebook Марк Цукерберг за некалькі месяцаў да дня галасавання на выбарах у ЗША анансаваў пэўныя новаўвядзенні, звязаныя з кампаніяй. Гэта правілы размяшчэння палітычнай рэкламы ў сацыяльнай сетцы, механізмы работы з пастамі карыстальнікаў, якія палічаць за дэзінфармацыю і гэтак далей. Многія эксперты ўпэўнены, што насамрэч гэтыя новаўвядзенні на 100% не спрацуюць. Але ў паветры, здаецца, павісла іншае пытанне: а як так здарылася, што адзін чалавек (няхай нават такі вядомы, як Марк Цукерберг) самастойна вызначае ключавыя правілы гульні для адных з самых важных выбараў у найноўшай гісторыі Амерыкі? Наколькі ён аб'ектыўны і непрадузяты ў сваіх дзеяннях? І ці не пачуем мы праз пэўны час чарговыя гісторыі былых супрацоўнікаў Facebook пра тое, як віртуальная актыўнасць фэйкавых акаунтаў прывяла да рэальных ахвяр у той ці іншай краіне?
Калі ж разважаць з пазіцыі звычайных карыстальнікаў, нас з вамі, то што мы можам зрабіць? Тут толькі два варыянты: або цалкам пакінуць віртуальную прастору, выдаліць усе сацсеткі і месенджары (але такое наўрад ці магчыма), або развіваць у сабе крытычнае мысленне. Сумнявацца, дзяліць на дзесяць усё, што мы чытаем у сеціве, шукаць інфармацыю з афіцыйных крыніц. Карацей, як у той песні, – думаць галавой, а не смартфонам.