Карпарацыя Facebook перайменавана ў Meta. Пра гэта нядаўна аб'явіў стваральнік аднайменнай сацыяльнай сеткі Марк Цукерберг.
Facebook даўно ўжо не проста сацсетка, гэта ІТ-гігант, які часам замахваецца на такое, што атрымлівае па руках ад урадаў цэлых краін. А планы ў Цукерберга ўвогуле напалеонаўскія – стварыць кампанію, якая будзе займацца пабудовай Метасусвету (гэта прыкладны пераклад на беларускую мову паняцця «Metaverse»). Прасторы для глабальных віртуальных адносін. І Meta як бы намякае на будучую канцэпцыю.
Навошта гэта робіцца? Многія карыстальнікі, у тым ліку эксперты, ужо вынеслі свой вердыкт – і ён наўрад ці спадабаўся Цукербергу. Але спачатку коратка раскажам, што ж задумаў малады амерыканскі мільярдэр.
Вялікае праграмнае інтэрв'ю Цукерберга, у якім той заявіў, што будзе займацца Метасусветам, вялікага розгаласу ў медыя не выклікала. Адрэагавалі ў асноўным так: навошта ён нейкай лухтой займаецца, лепш бы праблемы Facebook вырашаў! Аб праблемах прыгадаем крыху пазней, а зараз пра ідэю.
Гігант сацыяльных сетак рэарганізуецца, каб стварыць новую групу прадуктаў, звязаных на аснове віртуальнай рэальнасці. Сам Цукерберг назваў Метасусвет «пераемнікам мабільнага інтэрнэту». А адзін з віцэ-прэзідэнтаў Facebook напісаў, што іх каманда збіраецца зняць абмежаванні фізікі, каб людзі маглі перамяшчацца паміж рознымі прасторамі «з такой жа лёгкасцю, з якой сёння пераходзяць з аднаго пакоя ў сваім доме ў іншы». На першапачатковым этапе мяркуецца, што зрабіць гэта можна будзе з дапамогай шлемаў віртуальнай рэальнасці. Надзеў такі шлем – і апынуўся ў віртуальным свеце.
Сярод іншых ключавых кіраўнікоў новай групы – Джэйсан Рубін. Амерыканская тэлекампанія CNBC адкапала цікавы дакумент, з якога вынікае: менавіта гэты чалавек яшчэ тры гады таму пісьмова аформіў канцэпцыю Метасусвету. Вось як ён яе апісвае: людзі знаходзяцца ў свеце, які запоўнены віртуальнай рэкламай і віртуальнымі таварамі. Яны ўсё менш часу праводзяць у рэальным жыцці. У ім карыстальнікі толькі працуюць, ядуць і спяць. А ўсе забавы паступова сыходзяць у віртуал. Дарэчы, і праца таксама можа пераехаць у Метасусвет. Каб апісаць новы свет, Рубін 12 разоў выкарыстаў у тэксце фразу «шок і трапятанне».
Як мараць самі стваральнікі, 100 млн карыстальнікаў гэтага віртуальнага сусвету могуць прынесці большы даход, чым рэальны сусвет з мільярдам карыстальнікаў. Калі людзі праводзяць час у Метасусвеце, то менавіта там утворыцца рэальная эканоміка. Зарабляць можна будзе на продажы віртуальнай нерухомай маёмасці, віртуальнага адзення і статусных сімвалаў, на рэкламе.
Сярод іншага Рубін прагаворваецца: Facebook павінна дзейнічаць так, каб у гэтай сферы не было канкурэнцыі: бо «першы Метасусвет, які набярэ рэальную папулярнасць, хутчэй за ўсё, стане апошнім».
Але гэта «хацелкі» распрацоўшчыкаў, а што насамрэч? Многія эксперты ўпэўнены: такім рэбрэндынгам Цукерберг жадае проста вывесці карпарацыю з-пад удара. Хто і за што толькі не крытыкуе яе апошнім часам, пасля публікацыі матэрыялаў унутранага раследавання пра тое, якую шкоду наносіць Facebook сваім карыстальнікам. Паспрабуйце ўвесці ў пошук «Facebook абвінавачваюць...» – і вось што вы знойдзеце.
– у Еўропе занепакоіліся шкодным уплывам амерыканскай карпарацыі на еўрапейскую дэмакратыю! Дэпутат Еўрапарламента ад Германіі лічыць: Facebook аказвае негатыўны ўплыў на еўрапейскае грамадства…
– Facebook не змагаецца з фэйкамі пра COVID-19! Арганізацыя NewsGuard, якая адсочвае дэзінфармацыю ў інтэрнэце, падлічыла: за апошні год акаўнты ярых антываксераў набралі амаль 400 тысяч новых падпісчыкаў. Вірусныя крыніцы фэйкаў працягваюць квітнець, бо для сацсеткі галоўнае – уцягваць новых карыстальнікаў…
– Facebook абвінавачваюць у дапамозе сэкс-рабству! Па інфармацыі USA Today, у кампаніі ведалі пра гандаль людзьмі ўнутры сацсеткі, але не перадавалі гэтыя звесткі паліцыі…
– вучоныя абвінавацілі Facebook у агрэсіўным навязванні версіі, што чалавечы фактар – галоўная прычына глабальнага пацяплення! Тэлекампанія Fox паведаміла: кліматолагі абураны дзеяннямі амерыканскай карпарацыі…
І гэтак далей і гэтак далей. І тут мы яшчэ не прыгадалі негатыўны ўплыў на псіхіку і свядомае распальванне варожасці!
А чырвонай ніткай праз многія абвінавачванні праходзіць думка: кампанія робіць гэта для атрымання звышпрыбытку. Магчыма, у гэтым уся соль. Магчыма, і новы незразумелы Метасусвет – таксама для атрымання вялікіх грошай.
Праўда, многія карыстальнікі з постсавецкай інтэрнет-прасторы ўжо вынеслі вердыкт: нагадвае фантазіі Вялікага Камбінатара пра Нью-Васюкі (прывітанне Ільфу і Пятрову!). Чарговая ўтапічная ідэя, каб збегчы ў віртуал ад той рэальнасці, для якой мы і былі створаны.
А можа, усё яшчэ больш цікава, і Цукерберг надумаў стварыць «метадзяржаву». Была ж у яго некалькі гадоў таму шалёная ідэя – увесці ўласную валюту Facebook, і такім чынам стаць над усімі сусветнымі цэнтрабанкамі. Фактычна стварыць з сацыяльнай сеткі «віртуальную дзяржаву», вышэйшую за ўсе рэальныя дзяржавы. Тады яму хуценька прыляцеў адказ ад некалькіх буйных ігракоў на нашай планеце – маўляў, занадта высока цэліць хлопчык, на рэальную ўладу робіць замах, і лепш бы яму адкаціць назад. Магчыма, цяпер проста спрабуе зайсці з іншага боку...
Facebook усё часцей называюць «імперыяй зла». Але насамрэч у гэтай імперыі сацыяльных медыя – куды больш ігракоў. І Facebook з Instagram, і TikTok, і Youtube – можна доўга пералічваць. Здаецца, ва ўсім свеце да іх дзейнасці з'яўляецца ўсё больш пытанняў.