Падзяліцца:
«Розгалас. З якіх крывавых канфліктаў тырчаць вушы Захаду (разбіраем на прыкладах)». Радыёблог Максіма Угляніцы (аўдыё)
  • Перадача: Радыёблог
  • Дата: 18.01.2022
«Розгалас. З якіх крывавых канфліктаў тырчаць вушы Захаду (разбіраем на прыкладах)». Радыёблог Максіма Угляніцы (аўдыё)

Нядаўнія падзеі ў Казахстане зноў зрабілі актуальнай тэму магчымага ўмяшання адных краін ва ўнутраныя справы іншых. Тэму актыўна абмяркоўваюць многія сусветныя СМІ, палітолагі і эксперты. Праўда, часам яны прыходзяць да розных высноў – хто можа стаяць за такім умяшаннем.

Адметнасць у выпадку з казахстанскімі падзеямі ў тым, што кіраўніцтва краіны прызнала факт агрэсіі з боку замежных баевікоў – але канкрэтныя адрасы, адкуль маглі кіраваць тымі баевікамі, пакуль не агучаны. Магчыма, гэта зробяць пазней, калі завершыцца расследаванне.

Зрэшты, многія палітыкі і эксперты без усялякіх расследаванняў упэўнены: за крывавымі падзеямі цалкам маглі стаяць дзяржавы Захаду. Часам нават гучыць канкрэтная краіна – Вялікабрытанія.

Так гэта ці не, але мяркуючы па каментарыях у інтэрнэце, ёсць людзі, якія наадрэз адмаўляюцца ў такое верыць. Ну не могуць дэмакратычныя заходнія краіны арганізоўваць хаос і бязладдзе з чалавечымі ахвярамі! Маўляў, у іх зусім іншыя каштоўнасці.


Сумнявацца не трэба – могуць. І не проста могуць, а ўжо так рабілі. У гісторыі ёсць вельмі красамоўныя прыклады. Прычым падрабязнасці пра некаторыя з іх раскрыліся зусім нядаўна. Ад тых падрабязнасцей кроў стыне ў жылах. А яшчэ некаторыя паралелі з нашымі днямі проста крычаць, іх немагчыма не заўважыць.

Так, у мінулым кастрычніку вядомая брытанская газета Guardian напісала пра рассакрэчаныя дакументы Міністэрства замежных спраў Злучанага Каралеўства. З іх можна зрабіць выснову: прапагандысцкая кампанія, арганізаваная Вялікабрытаніяй, справакавала адну з самых крывавых распраў другой паловы ХХ стагоддзя. Размова пра масавае забойства камуністаў Інданэзіі.

У пачатку 1960-х ва ўладзе гэтай краіны стаяў прэзідэнт Сукарна, настроены супраць Брытаніі. Яго падтрымлівала Камуністычная партыя Інданезіі. У Лондане і Вашынгтоне асцерагаліся, што краіна зблізіцца з Кітаем, дзе тады кіраваў Мао Цзэдун. Было вырашана расхістаць рэжым Сукарна, каб у краіне адбыўся пераварот.

Па заданні брытанскіх улад супрацоўнікі з аддзела прапаганды Форын-офіса адправіліся ў Сінгапур.

Як гаворыцца ў артыкуле, узначальваў групу саракагадовы Эд Він. Яму дапамагалі калегі і мясцовыя жыхары. Размясціліся яны на двухпавярховай віле ў прэстыжным спакойным раёне Сінгапура. І адтуль пачалі падрываць рэжым Інданэзіі.

З іх падачы на краіну пачала вяшчаць радыёстанцыя, якая крытыкавала інданэзійскага кіраўніка. Высокапастаўленых чыноўнікаў закідвалі лістоўкамі, якія выпускалі ад асобы эмігрантаў. На самай справе пісалі іх брытанцы. Для атмасферы – вось вам цытата з адной такой лістоўкі: “Мы не заклікаем да гвалту. Але ад асобы ўсіх патрыётаў патрабуем выразаць камуністычную ракавую пухліну. Партыя ператварылася ў параненую змяю. Трэба забіць яе перш, чым яна выздаравее”.

У выніку брытанскім спецам прапаганды ўдалося расхістаць рэжым. У Інданэзіі адбыўся дзяржаўны пераварот. Прычым брытанцы, як піша Guardian, актыўна падбухторвалі інданезійцаў “ліквідаваць усе камуністычныя арганізацыі”, інакш нацыя будзе ў небяспецы. Дзейнічалі ў асноўным праз ваенных генералаў. Па розных даных, з 1965 па 1966 год загінулі ад 500 тысяч да трох мільёнаў жыхароў Інданэзіі, так ці інакш звязаных з камуністамі.

Заўважце, дзейнічалі брытанцы не напрамую, а рукамі іншых. Самі не забівалі, а толькі падбухторвалі. Але, несумненна, гэтыя сотні тысяч ахвяр – і на іх сумленні.

Дарэчы, па звестках журналістаў, быў замяшаны і Вашынгтон. Магчыма, амерыканскія ўлады перадавалі інданезійцам спісы чыноўнікаў, якіх падазравалі ў сувязях з камуністамі (хоць ЦРУ такое адмаўляе). Мясцовыя гісторыкі ўпэўнены: Штаты былі ўцягнутыя да такой ступені, што дапамагалі мясцовым узброеным сілам праводзіць расправу над непажаданымі.

Саміх амерыканцаў, дарэчы, таксама нельга назваць белымі і пухнатымі. ЗША маюць дачыненне да розных непрыгожых гісторый, дзе пралівалася кроў. Зноў жа, далёка не заўсёды гэта рабілася іх рукамі – але яны падтрымлівалі тых, хто рабіў.

Як прыклад – аперацыя “Кондар”, якая праводзілася ў разгар халоднай вайны. Гэта кампанія праследавання і забойства палітычных апанентаў (у асноўным камуністаў) у шэрагу краін Паўднёвай Амерыкі ў 1970-80-ыя гады. Па розных ацэнках, ахвярамі аперацыі сталі ад 40 да 60 тысяч чалавек, прычым каля паловы з іх – толькі ў адной краіне, Аргенціне. Амерыканскія спецслужбы былі ў курсе самых дробных падрабязнасцей акцый пакарання (гэта паказалі рассакрэчаныя ў канцы 1990-х дакументы Дзярждэпартамента). А часам і падтрымлівалі іх, пад лозунгам знішчэння ідэй камунізму.

Адметна, што калі праваабаронцы абвінавацілі былога дзяржсакратара ЗША Кісінджэра ў дачыненні да аперацыі “Кондар” і паспрабавалі ўручыць яму выклік на допыт, той хуценька пакінуў Францыю, дзе ў той час знаходзіўся. А пасля адмяніў паездку ў Бразілію. Вельмі паказальная рэакцыя! Можна лічыць яе ўскосным прызнаннем віны.

Пра “Кондара”, як і іншыя аперацыі, канфлікты і паўстанні, дзе тырчаць вушы заходніх краін, напісаны сотні артыкулаў і кніг – было б толькі жаданне іх чытаць і гатоўнасць успрымаць гэтую інфармацыю. Бо некаторым жа так цяжка паверыць, што “дэмакраты” з гуманітарнымі каштоўнасцямі могуць цынічна правакаваць крывавыя гісторыі. Проста дзеля дасягнення палітычных мэт.

Думаю, нас чакае яшчэ шмат цікавых падрабязнасцей пра сучасныя канфлікты – трэба толькі пачакаць, калі рассакрэцяць адпаведныя дакументы.

Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: