Падзяліцца:
«Розгалас. Захварэлі? Вас вылечыць TikTok! (насамрэч не)». Радыёблог Максіма Угляніцы
  • Перадача: Радыёблог
  • Дата: 11.01.2023
«Розгалас. Захварэлі? Вас вылечыць TikTok! (насамрэч не)». Радыёблог Максіма Угляніцы

На дварэ – зноў зменлівае надвор’е, то +5, а то -15, а значыць, павялічваюцца шанцы захварэць традыцыйнай зімовай прастудай. Або пакуль не традыцыйнай, а новай, кавіднай, заразай. Хоць, здаецца, у апошнія месяцы ўжо і так усе знаёмыя вакол чымсьці прастудным перахварэлі.

А калі (не дай Бог!) захварэеце, адразу паўстане пытанне – як лячыцца? Раней было ўсё проста – доктар скажа, што рабіць, трэба толькі выконваць яго парады. Але ж цяпер у нас з’явілася вялікая спакуса – спытаць не ў доктара, а ў Гугла. Або ў Юцюба.

Вось і выданне «Форбс» паведамляе: распаўсюджанай крыніцай медыцынскай інфармацыі ў ЗША, асабліва для маладых людзей, стала сацсетка TikTok. Свежае даследаванне паказвае: трэць апытаных звяртаюцца менавіта да TikTok па медыцынскую дапамогу, а яшчэ 44% шукаюць парады ў YouTube, перш чым звярнуцца да свайго ўрача. Дзве асноўныя прычыны, чаму яны гэта робяць: даступнасць і прымальнасць па цане. Сапраўды, нават з дому не трэба выходзіць на кансультацыю!

Падзялюся ўласным вопытам, бо ў мяне Новы год пачаўся якраз-такі з прастуды. Калі спыталі парады ў знаёмага ўрача, што лепш прымаць, ён адразу назваў прэпарат, які ва ўсіх на слыху. Які добры прэпарат! – падумаў я, вывучыўшы анатацыю. Ніводнага пабочнага эфекту, акрамя магчымай алергіі.

Яшчэ праз дзень усё ж такі з’явілася спакуса пачытаць, што пішуць пра яго ў інтэрнэце. Аказалася, там хапае падрабязных артыкулаў, асноўная думка якіх: гэты прэпарат з недаказанай эфектыўнасцю. Іншымі словамі, горш ад яго не стане, але і лепш, хутчэй за ўсё, таксама не будзе. Нездарма ў асноўным ён распаўсюджаны толькі ў некаторых краінах постсавецкай прасторы. Карацей, вырашыў я не піць такія «лекі». Вось і пачытаў інтэрнет!

Чаму ж яшчэ так папулярная самадыягностыка праз сацыяльныя сеткі? А вось менавіта таму, што яны сацыяльныя. Зноў вернемся да апытання, праведзенага ў ЗША. Як кажуць некаторыя з рэспандэнтаў, «TikTok дазваляе лёгка кантактаваць з людзьмі, у якіх падобныя праблемы са здароўем, гэта дае пачуццё агульнасці і падтрымкі». Сапраўды, ці часта мы сустрэнем жывога, не віртуальнага, спецыяліста-медыка, які будзе ўважліва слухаць нас, чуць усе падрабязнасці захворвання, спачуваць нам? Пра што вы кажаце! Пяць хвілін адным вухам паслухаў, нешта неразборліва напісаў, усё – прыём закончаны, наступны!

Яшчэ адна гераіня артыкула ў «Форбс», маладая блогер кажа: з яе вопыту, ніводны з урачоў не праяўляў актыўнасці ў спробе высветліць першапрычыну яе сімптомаў. Затое яна знайшла шмат відэа ў TikTok, дзе падобныя да яе сітуацыі. І цяпер дзяўчына збіраецца проста паўтараць рэкамендацыі аўтараў відэа, якія дапамаглі вылечыць іх саміх або змякчыць сімптомы.

Ці правільнае такое рашэнне? Ну канечне, няправільнае! Нельга слепа давяраць усяму, што мы бачым і чуем у інтэрнэце. Асабліва, калі размова пра здароўе. Бо любому жывому ўрачу вы як мінімум зможаце пасля выказаць прэтэнзіі (калі штосьці пайшло не так). Каму іх выказваць у TikTok? А калі інтэрнет-артыкулы ўвогуле ананімныя, і нават незразумела, хто аўтар і ці ёсць у яго медыцынская адукацыя?

Больш за тое, варта памятаць: самыя розныя медыцынскія праблемы могуць выяўляцца падобнымі сімптомамі. Калі ў вас баліць галава, як і ў аўтара роліка ў TikTok, гэта не значыць, што яна ў вас баліць па адной прычыне. І лячэнне можа быць зусім розным.

У цэлым у спецыялістаў выклікае трывогу вялізная колькасць медыцынскай дэзінфармацыі, якая ёсць у сацыяльных сетках. І калі звычайная парада пры рабоце ў інтэрнэце – дбайна правяраць крыніцы любой інфармацыі, – то ў выпадку са здароўем гэтую параду трэба ўводзіць у абсалют.

А ўвогуле лепш за ўсё сказана ў вядомай беларускай прымаўцы: «Людзей слухай, а свой розум май». Гэта і пра віртуальных дактароў у сацсетках, і пра рэальных урачоў.

Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: