У Турцыі – трагедыя. Землетрасенні забралі жыцці тысяч чалавек (на жаль, лічбы пакуль толькі растуць). Дарэчы, трэсла напярэдадні не толькі гэтую краіну – штуршкі рознай сілы адчуваліся ў Сірыі, Інданэзіі, Новай Зеландыі, у ЗША, Аргенціне і іншых дзяржавах. Аднак, акрамя цалкам зразумелага гуманітарнага складніка, трагедыя прымусіла задумацца над іншымі пытаннямі.
Так, палітолагі-міжнароднікі адразу пачалі разважаць: як наступствы землетрасення паўплываюць на шанцы турэцкага лідара Эрдагана пераабрацца на пасаду прэзідэнта. Выбары хутка, ужо ў маі. Магчыма, стыхія – гэта славуты “чорны лебедзь”, які прыляцеў нечакана і, як заўсёды, зблытае ўсе карты. Так кажуць адны. Іншыя, наадварот, бачаць у гэтым новыя магчымасці для набору палітычных ачкоў. Але асноўная выснова іншая: прырода застаецца вельмі значным фактарам, які можа ўплываць на палітычныя працэсы. І няма такога паліттэхнолага, які мог бы кіраваць стыхіяй.
Яшчэ адно пытанне, якім у гэтыя дні задаюцца многія эксперты: а што цяпер будзе з амбіцыйным праектам турэцкага газавага хаба? Пра яго ў апошнія месяцы казалі шмат. Такая сейсмічная актыўнасць у краіне прымусіць многіх інвестараў задумацца пра кошт газаправодаў і іх работы. Як мінімум задумацца. А хтосьці, магчыма, і не пажадае рызыкаваць.
Ну і хто цяпер адназначна адкажа: ці можа Турцыя прэтэндаваць на ролю ўплывовага сусветнага іграка, калі ў яе настолькі каварная прырода? Увогуле, гэта галаўны боль, канечне, не толькі для Турцыі.
Прыродная стыхія, надвор’е ўсё актыўней умешваецца ў жыццядзейнасць краін і кантынентаў. У адных толькі ЗША ў адным толькі 2021-м годзе страты кампаній ад прыродных з’яў перавысілі 100 мільярдаў долараў! Прычым гэта толькі застрахаваныя выпадкі (таму ёсць канкрэтныя лічбы), а колькі яшчэ незастрахаваных? Больш за тое, звычайна падлічваюць непасрэдны ўрон – а колькі наступстваў праявіцца праз гады пасля катастрофы?
Страшнае цунамі ў Інданэзіі, ураган “Катрына”, вывяржэнне ісландскага вулкана – гэта толькі самыя, скажам так, раскручаныя стыхійныя бедствы, пра якія шмат сказана і напісана. Насамрэч іх куды больш. А ёсць жа яшчэ не толькі здарэнні, але і працэсы. Тыя, што ідуць непрыкметна, павольна, дзень за днём. Здаецца, і ў навінах няма пра што казаць, нічога канкрэтнага “тут і зараз” не адбылося. Але працэс ужо незваротны. Як, напрыклад, раставанне льдоў у Грэнландыі. Або вечнай мерзлаты. Аказалася, не такая яна ўжо і вечная! Асабліва вострая тэма для Расіі: мерзлая зямля імкліва растае, пашкоджвае ўсё, што на ёй пабудавана: гарады, дарогі, прамысловую інфраструктуру. Між тым, у зоне вечнай мерзлаты размешчана шмат здабываючых прадпрыемстваў, нафта- і газаправодаў. Адпаведна ўсё больш здараецца аварый.
І вось парадокс: здавалася б, жывём у ХХІ стагоддзі, столькі розных навуковых адкрыццяў зроблена! Столькі тэхналагічных навінак з’явілася! Але прыродныя катаклізмы прыводзяць да больш катастрафічных наступстваў, чым гэта было сто або дзвесце гадоў таму. Таму што фатальна залежым ад тэхналогій. Таму што з’явілася шмат прамысловых аб’ектаў, нафтавых платформ, атамных станцый. Любое прыроднае бедства – пры дрэнных абставінах – можа следам выклікаць і тэхнагенную катастрофу.
Канечне, ёсць тое, на што чалавек можа паўплываць. Найперш кліматычныя змяненні. Спрэчак тут шмат, але збольшага хаця б зразумела, што рабіць, каб стала лепш (або не стала горш). Аднак шмат у чым мы застаемся бяссільнымі перад сіламі стыхіі. І гэта дрэнная навіна.
Любая краіна можа выстройваць самыя смелыя геапалітычныя і эканамічныя праекты. Але ў прыроды могуць быць свае планы…