У адным з нядаўніх радыёблогаў я прыгадаў інтэрв'ю вядомага амерыканскага псіхолага Стывена Пінкера. У сваіх выступленнях ён настойвае: з кожным годам жыццё людзей на Зямлі становіцца ўсё лепшым і лепшым. Пра гэта сведчаць шматлікія даследаванні, сухія лічбы статыстыкі. Але ж многія людзі гэтага не заўважаюць, а некаторыя нават спрачаюцца – так ім хочацца даказаць, што ўсё навокал дрэнна.
І вось днямі з'явілася чарговае пацвярджэнне ідэй Пінкера. ААН абнародавала лічбы, як расце колькасць людзей у свеце, якім 100 і больш гадоў. Скажам так, расце амаль выбуховымі тэмпамі. Лепш, канечне, паглядзець на графік, але і на слых можна ўявіць маштаб. Калі ў пачатку 1960-х на планеце было каля 20 тысяч стогадовых, то сёння іх – амаль 600 тысяч! Рэзкі рост адзначаецца з пачатку новага стагоддзя.
Прычыны самыя розныя, але відавочна – з кожным годам становяцца лепшымі ўмовы жыцця, развіваецца медыцына, удасканальваецца сацыяльная дапамога. Важнае ўдакладненне: у сярэднім па планеце! Зразумела, у кожнай краіне свае асаблівасці і свае графікі, але ж агульны трэнд пазітыўны.
Удакладніць трэба, бо прадбачу ўжо заўвагі: а што нам да тых планетарных графікаў, калі ва ўласным жыцці не ўсё так радасна! Але ж у тым і сіла лічбаў, што яны не бяруць да ўвагі канкрэтныя гісторыі канкрэтных людзей, яны паказваюць тэндэнцыі. Асобныя гісторыі – заўсёды эмацыйныя, а лічбы – сухія. Спрачацца з лічбамі – канечне, глупства.
Праўда, трэба браць пад увагу і чалавечую псіхалогію. Да ўсяго добрага мы прызвычайваемся хутка. Яшчэ ўчора здавалася дасягненнем, радасцю вялікай, а ўжо сёння – «а што, можа быць інакш»? Часта жывём сённяшнім днём, а вялікія пазітыўныя змяненні ў асноўным заўважныя на адлегласці – і проста няма часу, каб іх ацаніць. Каб падумаць, параўнаць і зрабіць высновы, падвесці прамежкавыя вынікі.
Але я ўпэўнены, час ад часу проста неабходна так рабіць – і на ўзроўні асобнага чалавека, і ў маштабах цэлай краіны. Усебеларускі народны сход – цудоўная магчымасць для такога падвядзення вынікаў. Спакойнага, без эмоцый, з сухімі лічбамі ў руках. Што з запланаванага атрымалася, а што не. І калі не – то чаму? Як падстрахавацца на будучыню?
Сухія лічбы – цудоўны аргумент у спрэчках з тымі, хто лічыць, што ўсё дрэнна і не атрымалася нічога. Цікавы праект робяць нашы калегі з Агенцтва тэленавін Белтэлерадыёкампаніі – «Беларусь. 20 гадоў у лічбах». Найноўшая гісторыя краіны праз прызму рэйтынгаў і дасягненняў. Пэўныя лічбы прывядзём зараз і мы.
І калі пачалі ўжо размову з працягласці жыцця, то паглядзім, як яна змянялася ў Беларусі за апошнія дзесяцігоддзі. У 1995-ым годзе чакаемая працягласць жыцця пры нараджэнні ў нашай краіне складала 68,5 гадоў. Зараз гэты паказчык – 74,5 гады. Яшчэ праз пяць гадоў чакаецца новая планка – 76,5 гадоў. Так, гэта сярэдні паказчык, так, жанчыны ў нас жывуць даўжэй за мужчын (а хіба ў многіх краінах інакш?), але тэндэнцыя відавочная: беларусы сталі жыць даўжэй. Дарэчы, доўгажыхароў (гэта тыя, чый узрост ад 90 да 99) у нас больш за 40 тысяч. А ўзровень дзіцячай смяротнасці за гады незалежнасці знізіўся амаль у 5 разоў.
Яшчэ з сацыяльных дасягненняў. Мала хто задумваецца, але ў Беларусі сёння выплачваюць 11 відаў розных дапамог. Камусьці здаецца, што так і павінна быць, але насамрэч далёка не ў кожнай краіне ёсць такая падтрымка. Не дзіўна, што з года ў год становіцца больш шматдзетных сем'яў.
Па індэксе чалавечага капіталу Сусветнага банка Беларусь увайшла ў топ-40 (усяго ў спісе 174 дзяржавы). У сусветным рэйтынгу дасягнення мэт устойлівага развіцця наша краіна 18-ая. Па ўзроўні развіцця медыцыны Беларусь 59-ая ў свеце, па індэксе ўзроўню адукацыі – на 30-ым месцы. Заўважце: усё гэта ацэнкі міжнародных структур і рэйтынгавых агенцтваў.
Натуральна, для многіх важнае пытанне даходаў – усё ж такі настрой шмат у чым залежыць ад таго, колькі грошай у кашальку. І тут жа зробім гістарычны экскурс: а ці многія памятаюць, што ў 1994-ым годзе сярэдняя беларуская пенсія не дацягвала да 7 долараў у эквіваленце? Затое шалёную інфляцыю, напэўна, прыгадаюць многія. Зараз рост цэн складае адназначныя велічыні. Адносна 2015-га інфляцыя зніжана больш чым у паўтара раза. Стаўка рэфінансавання Нацбанка зніжана больш чым утрая, значыць, больш даступнымі сталі крэдыты.
За мінулыя дзесяцігоддзі велізарны шлях прайшла беларуская прамысловасць. І сёння кожны трэці самазвал, кожная пятая тона калійных угнаенняў, кожны восьмы трактар у свеце – з маркай «Зроблена ў Беларусі». Наша краіна поўнасцю забяспечвае сябе харчаваннем (наколькі гэта важна, стала зразумела падчас леташняй пандэміі і паўсюднага закрыцця межаў – калі б лакдаўн цягнуўся даўжэй, многія краіны маглі б застацца без імпартных прадуктаў). Цудоўна ведаюць беларускія прадукты і за межамі – толькі ўдумайцеся, экспарт сельгаспрадукцыі з пачатку 1990-х павялічыўся ў 12 разоў! А гэта ўжо нават не мільёны, а мільярды долараў у бюджэт.
Але ж не буду грузіць лічбамі. Пералічваць пазітыўныя змяненні можна і далей. І ў бліжэйшыя дні іх абавязкова яшчэ не раз агучаць на Усебеларускім народным сходзе. Лепш, калі так зробіць і кожны з нас, на ўзроўні не цэлай краіны, а свайго асабістага жыцця. Прыгадае, як было, і ўбачыць, як стала. Падумае, параўнае, ацэніць. І зразумее, як лёгка гэта дасягнутае страціць.