Падзяліцца:
«Санкцыі як бумеранг. Я так думаю, а вы?» Радыёблог Алены Давідовіч (аўдыё)
  • Перадача: Радыёблог
  • Дата: 30.06.2021
«Санкцыі як бумеранг. Я так думаю, а вы?» Радыёблог Алены Давідовіч (аўдыё)

Аказваецца, эканамічныя санкцыі маюць доўгую гісторыю. У антываеннай камедыі «Ахарняне» Арыстафана ўзгадваецца такі факт: афінскі марскі саюз наклаў санкцыі на горад Мегару і яны адыгралі значную ролю ў развязванні катастрафічнай для тых жа Афін Пелапанескай вайны. А было гэта ў… 432 годзе да н.э.

У антычнасці і сярэднявеччы эканамічныя санкцыі вядомыя пад назвай «рэпрэсаліі» і былі звычайна лакальнымі і кароткатэрміновымі. У новы час папулярным інструментам санкцый сталі блакады, у ХІХ стагоддзі шырока прымяняліся марскія блакады. Асаблівае распаўсюджванне эканамічныя санкцыі набылі ў ХХ і ХХІ стагоддзях. Спачатку яны былі часткай венных дзеянняў, а пасля Другой сусветнай вайны набылі знаёмыя нам формы. Гэта – эмбарга, ці забарона на экспарт тавараў з краіны і імпарт тавараў у краіну, абмежаванне паставак пэўных або ўсіх тавараў. Гэта забарона на фінансавыя аперацыі з краінай, якая падвяргаецца ціску і кампаніямі адтуль, а таксама на ўклад інвестыцый ў эканоміку гэтай краіны.

Апошнім часам да эканамічных санкцый да юрыдычных асоб далучаюцца і санкцыі да асоб фізічных: абмежаванне іх перамяшчэння, унясенне ў так званыя санкцыйныя спісы, замарожванне актываў у замежных банках і г. д.

Адным словам, «рэпрэсаліі» па поўным рахунку і звычайна без суда і следства. І рабіліся з адной толькі мэтай «дамагчыся змены эканамічных, палітычных ці сацыяльных умоў». Так вызначае «Слоўнік бізнес-тэрмінаў» паняцце «эканамічныя санкцыі», якія «прымяняюцца адной юрыдычнай, фізічнай асобамі або дзяржавамі ў адносінах да іншых асоб або дзяржаў». Што мы бачым у дачыненні да нашай краіны? Беларусь пад санкцыямі з верасня 1997 года. І кожны раз пад гучнымі словамі аб нібыта «парушэнні правоў чалавека» або «парушэнні на выбарах» і пад надуманымі падставамі, як нядаўна з нагоды вымушанай пасадкі самалёта Ryanair з-за пагрозы выбуху на борце.

Апошнія санкцыі – самыя цынічныя і антычалавечныя. Уведзеныя ў дні, калі ў Беларусі ўзгадвалі трагічныя падзеі пачатку Вялікай Айчыннай вайны. 80 гадоў таму нам была аб’яўлена гарачая вайна, зараз – эканамічная. З лёгкай рукі калектыўнага Захаду і па настойлівым патрабаванні лідараў беглых змагароў(!) пад санкцыямі апынуліся беларускія экспарцёры нафтапрадуктаў і калійных угнаенняў, прадпрыемствы МАЗ, БелАЗ, некаторыя іншыя кампаніі.

Гэтыя санкцыі сектаральныя, пад іх падпадаюць прадпрыемствы, якія фарміруюць значную частку бюджэту краіны, прыносяць валютную выручку, там працуюць немалыя калектывы. Таксама становіцца абмежаваным доступ да еўрапейскага рынку капіталу. Не забыліся і пра чарговы спіс фізічных асоб, куды занеслі дэпутатаў, суддзяў, чыноўнікаў, бізнесменаў, прадстаўнікоў медыя. Гэта ўжо чацвёрты санкцыйны пакет з боку Еўрасаюза з восені. Гавораць, што рыхтуюць пяты.

Але кіраўніцтва Беларусі ўпэўнена, што санкцыі зробяць краіну яшчэ больш моцнай, а грамадства згуртаваным. Зараз ідзе актыўная работа па пераарыентацыі беларускага экспарту на іншыя рынкі, да нас працягваюць ісці правераныя інвестары, нашы сябры-партнёры на справе дэманструюць падтрымку. Сацыяльна арыентаваная эканоміка Беларусі паказала сваю жыццяздольнасць і трываласць за гады санкцыйнага ціску. Так будзе і на гэты раз.

Да таго ж закон бумеранга ніхто не адмяняў. Зброя аўстралійскіх абарыгенаў, дзякуючы асаблівай аэрадынамічнай форме, заўсёды прылятае да свайго ўладальніка. Так і любое наша слова ці дзеянне – як добрае, так і злое – у абавязковым парадку рана ці позна вяртаецца да нас. Гэта заўважылі яшчэ нашыя продкі і закон бумеранга зафіксавалі ў многіх прымаўках і прыказках. Напрыклад, «Як узараеш, так і збярэш», «Як гукнеш, так і адгукнецца».

І адгукаецца. Ад санкцый да Беларусі церпяць грамадзяне і кампаніі тых жа еўрапейскіх дзяржаў. Як літоўцы, што працавалі ў санаторыі «Беларусь», як заходнія авіякампаніі, якія вымушаны аблятаць нашу краіну і марнаваць дадатковае паліва і працоўны час, як марскія порты прыбалтыйскіх краін, што пазбавіліся магчымасці зарабляць грошы на транзіце беларускага экспарту.

Усё, як у далёкія-далёкія гады да нашай эры. Афіны, Пелапанеская вайна, рэпрэсаліі… Мабыць, калектыўнаму Захаду трэба лепей вывучаць сваю гісторыю. Я так думаю. А вы?

Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: