Гутарылі юныя чытачы, дзяўчынка і два хлапчукі гадоў па 8-9, наведвальнікі сталічная дзіцячай бібліятэкі №8. У руках – па некалькі кніг, задаволеныя твары, вясёлая гаворка. Канікулы, наперадзе падарожжа ў свет прыгод разам з героямі кніг. Шчаслівае дзяцінста, якое без летняга чытання і сёння, у час лічбавізацыі, нельга ўявіць.
Вядомы педагог-наватар Васіль Сухамлінскі коратка і трапна выказаў галоўную сутнасць чытання: гэта акно, праз якое дзеці бачаць і пазнаюць свет і сябе. Так, вядома ісціна, што кніга – ключ да развіцця асобы, яна напаўняе розум і душу, будзіць думкі і фантазію, натхняе на творчасць. І чым раней трапіць у рукі дзіцяці кніжка, тым багацей стане яго ўнутраны свет. З першых кніжак малыя пазнаюць самыя простыя і важныя правілы жыцця, якія закладзены ў немудрагелістых вершах, народных песеньках і пацешках, кароткіх казках.
І незалежна ад узросту дзіцяці спецыялісты раяць ім прапаноўваць кнігі «правераныя часам», тыя, якімі мы, дарослыя, самі зачытваліся ў дзяцінстве. Якія вучаць дабрыні, сумленнасці, адвазе, даюць станоўчыя эмоцыі. Класіка: Маршак, Чукоўскі, Пушкін, сучасныя аўтары – Драгунскі, Осцер, нашы беларускія – Алена Васілевіч, Уладзімір Ліпскі, Алесь Бадак, Міхась Пазнякоў, Іна Фралова, Вольга Нікольская, Наталля Бучынская… Спіс немалы, існуюць розныя «топ» дзіцячых пісьменнікаў, дый бацькі самі ці разам з мудрымі настаўнікамі складаюць патрэбны ліст літаратуры для чытання. На сайце Нацыянальнага адукацыйнага партала можна знайсці рэкамендацыі па падборы кніг для рознага ўзросту.
Заўважана, што школьнікаў вельмі цікавіць прыгодніцкая літаратура, кнігі-фэнтазі. Памятаеце, які фурор выклікала сага пра Гары Потэра брытанскай пісьменніцы Джаан Роўлінг і кніга «Валадар кольцаў» Джона Р.Р. Толкіна. Дарэчы, аповесць патрыярха беларускай літаратуры Янкі Маўра «Палескія рабінзоны» таксама карыстаецца вялікай папулярнасцю ў юных чытачоў. Побач з імі я бы паставіла і «Міхасёвы прыгоды» Якуба Коласа. Галоўнае тут – зацікавіць, дапамагчы з выбарам, у час звярнуць увагу на таго ці іншага аўтара.
Той жа Рыгор Осцер, стваральнік вядомага жанру «Шкодных парад», дае карысную параду: «Чытайце дзецям не натацыі, а кнігі». А псіхолагі ведаюць і не стамляюцца паўтараць: дзеці, якім чытаюць кнігі бацькі, эмацыянальна ўраўнаважаныя і больш упэўненыя ў сабе. І вылучаюць яшчэ некалькі важных момантаў: такія дзеці адчуваюць бяспеку і абароненасць, лепей засвойваюць розныя мадэлі паводзін, у іх фарміруецца правільнае стаўленне да сучаснага свету. Ну, а калі гэта сапраўднае сямейнае чытанне, калі ўдзел у ім бяруць усе, і вялікія, і малыя, дзе вольны час і выхаванне ідзе поруч, то гэта паказчык добрай шчаслівай сям’і, залог яе дабрабыту і моцнай сувязі пакаленняў.
Часта кнігу называюць лепшым сябрам. Сапраўды, акунаючыся ў змест апавядання, дзіця суперажывае героям і часта атаясамлівае сябе з імі, жадае быць падобным на іх. І як важна, каб героі гэтыя накіроўвалі на добрыя ўчынкі. Як гераіня Алены Васілевіч Ганька, дзяўчынка-сірата, якія ў няпростых абставінах знаходзіць сілы радавацца жыццю і запальвае іншых сваім пазытыўным настроем. Новае выданне аповесці «Расці, Ганька» не так даўно выйшла ў выдавецтве «Беларуская Энцыклапедыя» і, думаецца, зноў сагрэееца цяплом чытацкіх рук, як гэта было і раней. Здаўна мы ведаем, і гэта праверана, што кніга – найлепшы падарунак. Дарэчы, існуе нават свята – Міжнародны дзень дарэння кніг, якое аб’ядноўвае ўсіх, хто дзеліца рознымі выданнямі з дзецьмі і дапамагае выхоўваць любоў да чытання. Адзначаецца яно 14 лютага разам з Днём усіх закаханых. Ці гэта не намёк на тое, каб усе мы, і дарослыя, і дзеці, былі «улюблёнымі» у чытанне, любілі і паважалі кнігі, любыя – папяровыя ці электронныя – на любым носьбіце.
Мая ўнучка, яшчэ немаўлятка, але ўжо моцна трымае ў маленькіх ручках сваю першую кнігу. Няхай там няма літар, толькі малюнкі, але шчырая цікавасць у дзіцячых вачах дае надзею, што гэта пачатак шляху ў свет яе вялікасці кнігі. Я так думаю. А вы?