Апошнім часам мне часта ўзгадваюцца прарочыя словы майго дзядулі Васіля: «Нам ніколі не прабачаць нашай Вялікай Перамогі». Удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, кадравы ваенны, які вайсковую навуку спасцігаў пад камандаваннем маршала Георгія Жукава, служыў у розных кутках Савецкага Саюза – ад Беларусі да Далёкага Усходу, ад Масквы да паўднёвага Аджыкенда – ён добра ведаў унутраныя спружыны кожнага ваеннага канфлікту, разумеў, хто і дзе наш вораг, і прадбачыў, як на палявой карце, развіццё падзей.
Гвардыі маёр Васіль Іванавіч Кахновіч пайшоў з жыцця незадоўга да так званай перабудовы і развалу вялікай краіны, але з цвёрдай упэўненасцю, што «порах трэба трымаць сухім», бо яшчэ не раз нам давядзецца абараняць свае межы. І ён меў рацыю…
Будзем шчырыя, нам задавалася, што з падзеннем Берлінскай сцяны завяршылася яшчэ адна, «халодная вайна», а Белавежскіе пагадненні адкрываюць вароты ў «заходні рай». Многія нават лічылі, што «Захад нам дапаможа», дапаможа пабудаваць нейкае свабоднае грамадства і рыначную эканоміку, падзеліцца праславутай дэмакратыяй і іншымі заходнімі дабротамі.
Сапраўды, нам многае тады, на пачатку 90-ых мінулага стагоддзя, абяцалі: адкрытыя і непарушныя дзяржаўныя граніцы, свабодны рух тавараў і паслуг, гарантавалі бяспеку і гуманітарную дапамогу. А на самай справе – будавалі аднапалярны свет, распальвалі лакальныя войны і каляровыя рэвалюцыі, набліжалі сілы агрэсіўнага блока НАТА да нашых межаў, займаліся фальсіфікацыяй гісторыі той жа Вялікай Айчыннай і Другой сусветнай войнаў, імкнуліся навязаць сваю мараль і законы.
Потым зусім па-нахабніцку пачалі ўмешвацца ва ўнутраныя справы суверэннай Беларусі, падсілкоўваць грашыма «пятую калону», садзейнічаць (і не аднойчы) антыканстытуцыйным выступленням, зусім нядаўна, у 2020-ым, адкрыта справакавалі і падтрымлівалі спробу дзяржаўнага перавароту, а зараз уводзяць розныя санкцыі і абмежаванні.
Можа, некаторыя жадаюць удакладніць, што гэта за сілы? Мой дзед называў іх коратка – ЗША і НАТА. Зараз мы гаворым «калектыўны Захад». Менавіта гэтыя сілы прагнуць рэваншу. І, як у далёкім 41-ым імкнуліся сцерці Беларусь з карты і зямлі, так і зараз, як гаварыў мой дзед, «не могуць дараваць нам нашай Вялікай Перамогі».
Для тых, хто яшчэ сумняваецца ў гэтым, прывяду некалькі фактаў. У рассакрэчаных матэрыялах Стратэгічнага камандавання ВПС ЗША, датуемых 1956 годам, прыводзіцца спіс цэлей для бамбардзіроўкі на тэрыторыі тагачаснага СССР. У ім 26 беларускіх гарадоў. Адны з іх планавалася падвергнуць тэрмаядзерным ударам магутнасцю да 9 мегатон у тратылавым эквіваленце. Гэта ў сотні разоў больш, чым амерыканцы абрушылі на Херасіму і Нагасакі! Іншых чакаў больш «гуманны» лёс – знішчэнне з дапамогай «простых» ядзерных бомб, якія ўсяго ў 10 разоў мацнейшыя за тыя, што скінулі на Японію…
Сёння ў арсенале заходніх стратэгаў з’явілася іншая зброя – інфармацыйная. Лічыцца, што з яе дапамогай ужо зараз вядзецца Трэцяя сусветная вайна, у якой няма бачных разбурэнняў, але спакваля ідзе маніпуляванне масамі людзей і апрацоўка іх свядомасці ў патрэбным ворагу напрамку. Што самае небяспечнае! У гэтай сучаснай вайне, па афіцыйных даных, супраць Беларусі задзейнічана да 70 тысяч спецыялістаў адпаведных структур як на тэрыторыі ЗША, так і заходніх краін. На жаль, сярод такіх ёсць і нашы суседзі. Мабыць, забыла тамтэйшая ўлада, што ў агульнай Вялікай Перамозе ёсць уклад і іх народаў.
Сёння свет стаў яшчэ больш небяспечным. І па-ранейшаму ў ім прызнаюць толькі сілу. Сілу зброі, а не розуму, колькасць узброеных сіл той ці іншай краіны, а не духоўны патэнцыл і здабыткі нацыі. Таму даводзіцца дзейнічаць пакуль па такіх правілах. Беларусь умацоўвае сваю абараназдольнасць, нацыянальную бяспеку, дэманструе магчымасць адэкватна рэагаваць на новыя выклікі і пагрозы. І разам з партнёрамі па АДКБ эфектыўна супрацьстаяць змовам ворагаў, як гэта было падчас нядаўніх падзей у Казахстане.
Ну а нам, народу Беларусі, неабходна мацаваць сваё адзінства. Не забываць, што Беларусь – краіна-пераможца, і менавіта нам належыць (нават сёння!) абараняць нашу Вялікую Перамогу, захоўваць гераічную спадчыну і гістарычную памяць.
Я так думаю, а вы?