Падзяліцца:
«Сіла – у адзінстве! Я так думаю, а вы?» Радыёблог Алены Давідовіч (аўдыё)
  • Перадача: Радыёблог
  • Дата: 11.02.2021
«Сіла – у адзінстве! Я так думаю, а вы?» Радыёблог Алены Давідовіч (аўдыё)

«Адзінства! Развіццё! Незалежнасць!» пад такім слоганам праходзіць работа VI Усебеларускага народнага сходу. Гэта трыяда нясе глыбокі сімвалічны сэнс. Зараз, як заўсёды бывала ў лёсавызначальныя для беларусаў часы, нам неабходна зруртавацца, праявіць салідарнасць і пачуццё нацыянальнай еднасці, каб супольна вызначыць, якой дарогай рухацца наперад.

Наогул, на нашай зямлі здаўна важныя пытанні вырашалі разам (узгадаем народнае веча), а стваральную справу традыцыйна робяць талакою, калектывам. Будаваць дом маладым ці ўзводзіць храм, аднаўляць дзедаву крыніцу ці брукаваць дарогу, закладваць сад ці разбіваць дзяцячую пляцоўку ў двары. Думаю, у ментальным кодзе беларускага грамадства закладзена традыцыя дыялогу, якая ў сучасным выглядзе набыла форму найвышэйшага народаўладдзя – Усебеларускага народнага сходу.

Сённяшні, шосты па ліку, асабліва ярка дэманструе сплаў гістарычнага вопыту і сучасных тэндэнцый дэмакратызму. Яму папярэднічалі шырока разгорнутыя дыялогавыя пляцоўкі, у якіх прыняць удзел мог кожны беларус, неабыякавы да лёсу краіны, выступіць са сваімі прапановамі, данесці свой пункт гледжання на яе сацыяльна-эканамічнае і грамадска-палітычнае развіццё.

Толькі некалькі лічбаў: больш за 1200 дыялогавых пляцовак правялі плённыя дыскусіі, у якіх прынялі актыўны ўдзел каля 35 тысяч чалавек. Паступіла амаль 5 тысяч прапаноў і чвэрць з іх пасля аналізу і абагульнення дададзены да матэрыялаў форуму і пры ўдакладненні праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця на новую пяцігодку. Яшчэ 3 тысячы прапаноў прыйшлі на адрас грамадскіх прыёмных, а афіцыйны інтэрнэт-сайт Сходу апрацаваў ужо больш за тысячу зваротаў і працягвае працаваць над новымі. Так што голас кожнага будзе пачуты і канструктыўныя прапановы ўлічаны. Ці не гэта сапраўднае народаўладдзе?!

Дарэчы, адну з апошніх дыскусійных пляцовак правёў БРСМ. Яна аб’яднала 140 прадстаўнікоў каманды Саюза моладзі – удзельнікаў сёлетняга народнага cходу. Праз карпаратыўную платформу Zoom на анлайн-сустрэчу выйшлі самыя аддаленыя раёны краіны, адбылося абмеркаванне ідэй, з якімі моладзь збіраецца на форум, быў дадзены старт новай ініцыятыве – праекту «Роднае – народнае», што накіраваны на папулярызацыю дзяржаўных сімвалаў у Год народнага адзінства.

Што хвалюе нашу актыўную моладзь? Якія чаканні ад удзелу ў такім маштабным мерапрыемстве? Самарэалізацыя, дастойны заробак, адаптацыя да рэалій рынку працы і сучасных выклікаў і, што важна, – жаданне прымаць непасрэдны ўдзел у развіцці дзяржавы.

Што да чаканняў, то мяне па-добраму ўразіла меркаванне Бажэны Ярэміч, магістранткі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы. Дзяўчына марыць пазнаёміцца на форуме з цікавымі, неардынарнымі асобамі і пераняць вопыт і веды ў старэйшага пакалення.

Ну, а ветэраны заўсёды гатовы да дыялогу з моладдзю. Наогул, выхаванне моладога пакалення, перадача лепшых традыцый – адзін з прыярэтэтаў іх грамадскай работы. А на сход дэлегаты больш сталага ўзросту ідуць перш за ўсё з клопатам аб паляпшэнні сацыяльна-эканамічнага становішча краіны. Менавіта так выказаўся ў эфіры нашай праграмы «Актуальны мікрафон» першы намеснік старшыні Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў Юрый Луцык, адзін з прадстаўнікоў арганізацыі на форуме. І патлумачыў: «Нашы ветэраны – патрыёты Беларусі, аддалі шмат сіл і ведаў яе развіццю, сённяшнім дасягненням, і разумеюць, што чым багацей краіна, тым больш магчымасцей развіваць сістэму сацыяльнай абароны насельніцтва, у тым ліку, ветэранаў».

Слушная думка. І яна добра адлюстроўвае кантэкст другога слова слогана сходу – «Развіццё!» Новая пяцігадовая праграма, якая вынесена на агульнанацыянальнае абмеркаванне, мае дакладную стратэгію, скіраваную вывесці краіну на больш якасны ўзровень кіравання, новы тэхналагічны ўклад, павысіць дабрабыт насельніцтва. У яе аснове – прарыўныя тэхналогіі, партнёрскія адносіны «дзяржава-грамадства», дынаміка развіцця. Так што наперадзе вялікая работа для кожнага з нас.

А калі азірнуцца, то за 30 гадоў нашай найноўшай гісторыі мы таксама зрабілі вялікі крок у развіцці. Галоўнае – ўпершыню пабудавалі незалежную, суверэнную дзяржаву Беларусь, прыгожую, утульную, працавітую. І далей мы жадаем жыць у любімай спакойнай краіне, жыць сваім розумам, па сваіх правілах і законах, без навязвання звонку чужых ідэй і псеўдатэорый. «І дасягнуць гэтага мы павінны мірным і канструктыўным дыялогам, а не дыструктыўнымі метадамі» – падкрэсліла дэлегат VI Усебеларускага народнага сходу, наша калега, дырэктар тэлерадыёкампаніі «Магілёў» Таццяна Ларына. Таму трэцяе слова ў слогане сходу «Незалежнасць!» надае асаблівы сэнс нашай стратэгіі развіцця. Я так думаю. А вы?

Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: