Падзяліцца:
«Соль зямли? Чалавек працы! Я так думаю. А вы?» Радыёблог Алены Давідовіч (аўдыё)
  • Перадача: Радыёблог
  • Дата: 07.08.2020
«Соль зямли? Чалавек працы! Я так думаю. А вы?» Радыёблог Алены Давідовіч (аўдыё)

І да гэтага часу памятаю той спякотны жнівеньскі дзень, калі я, гарадское дзяўчо, упершыню трапіла на жытнёвае поле. Пад яркімі сонечнымі промнямі яно адлівала золатам, а пры лёгкім ветрыку станавілася неабсяжным морам, дзе ўдалечыні плылі незнаёмыя мне дагэтуль караблі… Каласы былі ў мой рост, дзядуля Васіль сарваў адзін, расцёр у руцэ, даў паспрабаваць зярняткі, а потым з хітрынкай сказаў: «Бачыш, булкі на дрэвах не растуць, а растуць, можна с казаць, вось з гэтага зерня, якое дае муку для хлеба». Расказаў і пра тыя «караблі», якія называюцца камбайнамі, і пра людзей, якія працуюць на такіх машынах і вырошчваць хлеб і да хлеба. І назваў такіх людзей «соль зямлі». Я ўпершыню пачула гэтыя словы, яны мяне вельмі ўразілі, а дзядуля патлумачыў: «Так здавён называюць у нас найлепшых, сапраўдных працаўнікоў, без якіх проста немагчымае наша жыццё». І дадаў: «Запомні, малеча: чалавека ацэньваюць не па яго словах, а па яго справах». Я засвоіла дзедаву навуку, і кожны раз мае журналісцкія сцежкі-дарожкі, гутаркі-сустрэчы давалі падставу ўпэўніцца ў яе мудрасці і праўдзе.

Тое першае знаёмства з хлебным коласам адбылося на полі тагачаснага калгаса імя Кірава, перадавой гаспадаркі не толькі Слуцкага раёна, але і Беларусі. Яго старшынёй доўгі час быў Сяргей Дзмітрыевіч Лямешчанка, франтавік, руплівы гаспадар, рэфарматар сяла, Герой Сацыялістычнай Працы. Мне пашчасціла гутарыць з гэтым легендарным чалавекам, які выхаваў цэлую плеяду выдатных майстроў сельскагаспадарчай вытворчасці, як у земляробстве, так і ў жывёлагадоўлі. І якіх ён, што цікава, таксама называў «соль зямлі нашай». Можа, таму і сёння гэта гаспадарка, пад сучаснай ужо назвай ААТ «Казловічы-Агра» не здае пазіцый, узятых Героем Працы.

І яшчэ адна незабыўная сустрэча з Героем, Героем Савецкага Саюза Васілём Сяргеевічам Мічурыным. Высокае званне ён атрымаў яшчэ ў савецка-фінскую вайну, потым была Вялікая Айчынная, за ўдзел у якой – новыя высокія ўзнагароды. А ў мірны час, пасля службы і выхаду ў адстаўку, палкоўнік запасу доўгія гады займаўся шматграннай патрыятычнай і навуковай работай. І на маю зразумелую цікаўнасць, адкуль сілы і такі баявы дух, ён адказаў проста: «Хачу быць карысным людзям і нашай Радзіме». Не так даўно гэты чалавек-легенда адзначыў 104 дзень нараджэння, а моцы яго духу, бліскучаму гумару і невычэрпнай энергіі можна толькі пазайздросціць! Вось такія людзі – соль зямлі нашай!

Ці сустрэча с легендай спорту, чалавекам сусветнага маштабу – Аляксандрам Мядзведзем. Трохразовы алімпійскі чэмпіен, сяміразовы чэмпіён свету, Зорны пасол II Еўрапейскіх гульняў. У яго яшчэ шмат званняў і рэгалій, а ён – просты, шчыры чалавек. І на маё нечаканае пытанне, чаму не паехаў жыць за мяжу, як некаторыя іншыя спартсмены (а запрашалі не раз), ён не задумваючыся адказаў: «Гэта не ў маім характары жыць у чужым горадзе». І падкрэсліў, што з Мінскам моцна звязаны, бо тут сфарміраваўся як асоба, атрымаў вышэйшую адукацыю, прафесарскае званне, Дзяржаўную прэмію. І хоць родам з Украіны, але лічыць сябе кроўным беларусам.

З такімі людзьмі за шчасце гаварыць, слухаць іх гісторыі, нават спрачацца, дыскутаваць. Бо за імі не толькі цікавая біяграфія, высокія дасягненні, багаты інтэлект, а глыбокая натура, цэлая жыццёвая філасофія. Менавіта такім людзям давяраеш і разумееш: гэта яны – соль зямлі нашай.

А ў сёлетняй ўборачнай – свае героі. 55 сезонаў жніва на рахунку заслужанага камбайнера Генадзя Цвірко з ААТ «Агранёманскі» Стаўбцоўскага раёна. Мяне ўразілі яго словы, прыведзеныя ў газеце «СБ. Беларусь сегодня»: «Праца для мяне – адпачынак. Як людзі сядзяць у рэстаране за сталом, так і я у кабіне адчуваю задавальненне. Абед і падвячорак, зноў жа падносяць». У гэтым, здавалася б, жарце – глыбокі сэнс. Што можа быць лепей за любімую справу, якая прыносіць і задавальненне, і дакладны вынік?!

Не адстае ад вопытных хлебаробаў і моладзь. Першымі камбайнерамі-тысячнікамі сярод маладзёжных экіпажаў Брэстчыны сталі Уладзімір Мядзведзь і Мікалай Крывецкі. Працуюць хлопцы ў СВК «Асавецкі» Дагічынскага раёна і мараць пра новыя перамогі. У Кармянскім раёне некалькі экіпажаў пераадолелі тысячны рубеж па намалоце. Чацвёртым па ліку стаў экіпаж у складзе старшага камбайнера Валерыя Рудніка і памочніка Васіля Агурыча з сельгаспрадпрыемства «Дубавіца». Ёсць і тыя камбайнеры, на рахунку якіх ужо некалькі тысяч намалотаў, як у Андрэя Росеніка і Мікалая Калбыкі, якія працуюць на палях вытворчага кааператыва імя Віталя Крамко Гродзенскага раёна, як у Сяргея Янучкі і Віктара Жукоўскага з ААТ «Кухчыцы» Клецкага раёна.

Герояў жніва ў гарачы час, па традыцыі, ушаноўваюць у полі: падарункі, граматы, падзячныя пісьмы, кветкі – ад дэпутатаў, мясцовай улады, прафсаюзных і грамадскіх арганізацый. Можа быць і невялічкае музычнае віншаванне, кароткае інтэрв’ю і далей, у поле. У працоўнага люду марнаванне часу не даруецца, пустыя размовы не вітаюцца, усе намаганні зараз – на дакладны вынік, на багаты каравай.

Беларусы наогул працавітыя людзі. Лечаць і вучаць, будуюць дамы і дарогі, убіраюць хлеб і кіруюць грамадскім транспартам, працуюць у навуковых лабараторыях і творчых майстэрнях. Яны занятыя дакладнай справай, на карысць сябе, сваёй сям’і, Бацькаўшчыны. Ім няма часу на пустыя размовы, гучныя абяцанні, размахванне рукамі, бо яны ведаюць: чалавек моцны сваёй справай. І самая надзейная характарыстыка челавека – вынік яго спраў і ўчынкаў. Я ўпэўнена ў гэтым. А вы?

Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: