«О, спорт, ты – мір» – гэты лозунг фундатара сучаснага алімпійскага руху П’ера дэ Кубертэна функцыянеры ад спорту ўпарта імкнуцца адправіць ва ўтыль. Палітызацыя становіцца адной з галоўных праблем спорту. Рашэнні Міжнароднага алімпійcкага камітэта і некаторых федэрацый часам здзіўляюць і абураюць. Чаго варта забарона правядзення ў Беларусі серыі гульняў чэмпіянату свету па хакеі-2021? Падстава што ні ёсць палітычная, са звыклай песняй аб нібыта парушэнні правоў чалавека.
Асабліва прыкра, калі палітыка бруднымі рукамі ўмешваецца ў алімпійскі рух. Пачалося гэта стагоддзе таму, калі на Алімпійскія гульні 1920 года ў Антверпене і 1924-га ў Парыжы не былі дапушчаны зборныя каманды Германіі і яе саюзнікаў у Першай сусветнай вайне. Санкцыі былі накладзеныя і на Савецкую Расію, якая наогул не выступала на гульнях аж да 1952 года. Аднак узгадаем, у 1936 годзе алімпіяда адбылася ў Берліне, нягледзячы на расісцкі рэжым у Германіі, які супярэчыў усім алімпійскім ідэалам.
Найбольш ярка палітызацыя спорту праявілася ў гады «халоднай вайны», калі алімпійскі рух аказаўся на мяжы развалу з-за байкоту ЗША Маскоўскай алімпіяды-80 і гульняў у Лос-Анджэлесе ўжо з боку Савецкага Саюза. У новым стагоддзі палітызацыя ўзаемаадносін у сферы спорту толькі ўзмацнілася. Напрыклад, яшчэ ў 2008 годзе ЗША спрабавалі пазбавіць Расію права правядзення зімовай Алімпіяды-2014 у Сочы з-за грузінскага канфлікту. Пазней амерыканскі істэблішмент заклікаў спартсменаў ЗША не ехаць у Сочы па іншай прычыне – у сувязі з гучнымі выкрыццямі Эдварда Сноўдена, які знайшоў на той час прытулак у Расіі.
Палітычныя скандалы не абышлі і сёлетнюю алімпіяду ў Токіа, якую не выратаваў нават абноўлены дэвіз «Хутчэй, вышэй, мацней – разам!». Спачатку была гісторыя з допускам трансгендараў да спаборніцтваў, затым з прадстаўнікамі ЛГБТ. Працягваўся ціск на расійскіх спартсменаў і былі ўведзены санкцыі на беларускі Нацыянальны алімпійскі камітэт. А затым – змадэліраваная гісторыя з беларускай бягунняй Ціманоўскай, калі звычайны спартыўна-бытавы выпадак стаў падставай да адтрымання палітычнага прытулку.
Такійская алімпіяда адгукнулася не спартыўным, а палітычным рэхам ва Украіне. Лёгкаатлетку Яраславу Магучых падверглі булінгу мясцовыя нацыяналісты з-за фота, дзе тая абдымаецца з саперніцай расіянкай Марыяй Ласіцкіне пасля спаборніцтваў. Не, каб падзякаваць зямлячцы за бронзавы медаль у скарбонку краіны, але палітычны пыл заслаў вочы нават украінскім чыноўнікам і прымусіў спартсменку публічна прасіць прабачэння за свае шчырыя эмоцыі.
У сучасным свеце спорт стаў важным палітычным інструментам уплыву на грамадства. Ён можа выступать як сродак фарміравання ў насельніцтва пачуцця гонару на сваю краіну, фактар развіцця міждзяржаўных і міжкультурных сувязей. А можа стаць – і становіцца(!) – інструментам ціску з мэтай навязвання пэўных палітычных поглядаў ці распальвання міжнацыянальных канфліктаў. Так што яшчэ адзін лозунг П’ера дэ Кубертэна «Спорт па-за палітыкай!» у нашыя дні ніяк не адпавядае рэчаіснасці. На жаль…
Сёння ў Токіа стартуюць XVI летнія Паралімпійскія гульні. У пяці відах спорту будуць адстойваць гонар Беларусі дваццаць нашых спартсменаў. Сярод іх – праслаўленыя Людміла Волчак і Ігар Бокій, і навічок, але не менш вядомы Аляксей Талай. Яны і ўся каманда спадзяюцца выступіць не горш, чым у Рыа-дэ-Жанэйра, адкуль нашы паралімпійцы вярнуліся з 10 медалямі.
Няхай спраўдзяцца іх і нашыя надзеі! Пажадаем ім удачы, вытрымкі і перамог! Гэтыя мужныя, моцныя духам і воляй людзі дастойныя справядлівага судзейства, высокіх спартыўных адносін і сапраўднага алімпійскага духу на стадыёнах!
Я так думаю, а вы?