Актыўныя і крэатыўныя, цікаўныя і мэтанакіраваныя, адкрытыя і дружалюбныя. Такімі якасцямі надзяляюць моладзь. А каго, дарэчы, лічаць моладдзю? Згодна з класіфікацыяй ААН, гэта юнакі і дзяўчаты да 24 гадоў. У Расіі, напрыклад, з 14 да 35 гадоў, у Вялікабрытаніі – з 13 да 19. У нашай краіне моладдзю лічацца людзі ва ўзросце ад 14 да 31 года. І такіх на пачатак гэтага года, па даных Нацыянальнага статыcтычнага камітэта, налічваецца 1 мільён 663 тысячы 261, амаль кожны шосты жыхар рэспублікі.
У свеце зараз жыве рэкордная колькасць маладых людзей – каля 1,8 мільярда дзяцей і падлеткаў. Больш за ўсё ў Індыі. На жаль, кожны з дзесяці знаходзіцца ў зоне канфлікту, больш за паўмільярда – у беднасці. І што зусім жахліва, кожны дзень каля 30 тысяч дзяцей памірае ад галечы. Тым часам, як моладзь складае адну чвэрць сусветнай рабочай сілы, на яе ж прыпадае палова беспрацоўных. Па прагнозах Міжнароднай арганізацыі працы, да канца гэтага года колькасць такіх у свеце вырасце да 207 мільёнаў. І ў гэтым глабальным беспрацоўі і палітычнай нестабільнасці больш за ўсё церпіць менавіта маладое пакаленне.
Такія несуцяшальныя даныя прыводзяцца напярэдадні Міжнароднага дня моладзі, які адзначаецца 12 жніўня. Ён абвешчаны Генасамблеяй ААН. Яго мэта – нагадаць аб ролі маладых людзей у развіцці і пабудове свету, падкрэсліць іх праблемы і шляхі вырашэння.
Цікавая даведка. Штогод у многіх краінах свету адзначаецца Сусветны дзень моладзі (10 лістапада), Міжнародны дзень салідарнасці моладзі (24 красавіка) і свае Дні моладзі, для якіх кожная дзяржава вызначыла адпаведныя даты. У Расіі, напрыклад, гэта 27 чэрвеня. У нашай краіне свята адзначаецца з 1998 года ў апошнюю нядзелю першага летняга месяца. Сёлета гэта было 26 чэрвеня і прайшло пад назвай Дзень моладзі і студэнцтва.
А гісторыя свята бярэ пачатак з савецкіх часоў, якое таксама адзначалася ў апошнюю нядзелю чэрвеня з 1958 года. Дарэчы, у савецкага дня моладзі быў свой папярэднік – Міжнародны юнацкі дзень, якія існаваў з 1917 года па 1945. Так што ва ўсе часы святу рамантыкі і маладосці, творчасці і натхнення, энергіі і запалу надавалася асаблівая ўвага. Як і самому пакаленню.
Зразумела, моладзь – найвялікі патэнцыял кожнай дзяржавы, яе працоўны, інтэлектуальны, творчы рэсурс. Прычым, рэсурс стратэгічны, які можа зрабіць краіну яшчэ больш паспяховай і канкурэнтаздольнай.
У Беларусі робіцца ўсё магчымае, каб маладыя людзі змаглі раскрыць і рэалізаваць свае творчыя магчымасці. Распрацавана і рэалізуецца дзяржаўная маладзёжная палітыка, вызначаны яе асноўныя напрамкі, закладзены прававыя асновы. Прынята больш за 50 нарматыўных прававых актаў у гэтай сферы. Асаблівая ўвага – маладым спецыялістам, практычна кожнаму выпускніку гарантавана першае рабочае месца. І, дзякуючы гэтаму, сёння ў нас зусім нізкі працэнт непрацуючай моладзі. Творчая моладзь таксама пад пільнай увагай дзяржавы: дзейнічаюць фонды па падтрымцы адораных людзей, назначаюцца імянныя стыпендыі.
Летась зацверждана Стратэгія развіцця дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі. Сярод прыярытэтаў – адукацыя і занятасць, здароўе і падрымка маладой сям’і, патрыятычнае выхаванне і грамадская актыўнасць. Зараз на разглядзе ў парламенце актуалізацыя Закона «Аб асновах дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі», які дзейнічае з 2009 года. Уводзіцца новы накірунак – дзяржаўная падтрымка маладзёжных ініцыятыў. Прыняцце гэтай нормы дазволіць шырэй прымяняць новыя сучасныя формы і метады работы, павысіць матывацыю маладзёжных грамадскіх арганізацый і ініцыятыўных груп, дапаможа ў рэалізацыі цікавых і інавацыйных праектаў.
А такіх наватарскіх ідэй ў маладзёжным асяродку нямала – у сферы ІТ, бізнесу, экалогіі, турызму, адукацыі, навуцы, па ўсіх напрамках. Толькі ў валанцёрскім руху ўдзельнічае кожны чацвёрты малады чалавек. Таму дзяржава і робіць стаўку на ініцыятыву і прадпрымальнасць, нестандартнае мысленне і творчы пошук, на тое, што так уласціва новаму пакаленню.
За гады суверэннай Беларусі зроблена нямала, каб кожны малады чалавек быў упэўнены, што ён патрэбен роднай зямлі, сваёй радзіме, што менавіта тут можа рэалізаваць свае планы, ідэі, мары. Для кожнага дзяржава адкрыла ўсе шляхі. Галоўнае – не збочыць з дарогі і апраўдаць надзеі бацькоў і Бацькаўшчыны.
Я так думаю, а вы?