Статыстыка – рэч упартая. Бо з лічбамі не паспрачаешся. Але ў асяродку «неверагодных», мабыць, свая матэматыка. Вывады там робяць з абсалютна невядомых высноваў, вельмі далёкіх ад навуковых падыходаў. Гэта з іх вуснаў чуецца як мантра: эканоміка Беларусі стагніруе, экспартныя пастаўкі спыніліся, людзям не выплачваюць заработную плату, рабочыя на мяжы забастоўкі і гэтак далей. Пад такія фэйкі нават нейкія лічбы прыводзяць, схемы, дыяграмы малююць, а блогеры-эксперты нешта аналізуюць і выдаюць толькі ім жаданыя вынікі.
Але ўсё гэта ніяк не адпавядае рэчаіснасці, сапраўднаму стану спраў у асобных галінах і эканоміцы ў цэлым, наогул, у самім жыцці беларусаў. Мы самі бачым: паліцы нашых магазінаў поўныя, паліва на запраўках хапае, у кватэрах цёпла, беларускія прадпрыемствы працуюць, прадукцыя адпраўляецца на экспарт, а на міжнародных выставах і форумах падпісваюцца буйныя кантракты на новыя пастаўкі. Што можна падмацаваць рэальнай статыстыкай.
Возьмем асноўнае і больш зразумелае для кожнага з нас – наша штодзённае жыццё, патрэбы. Беларусь поўнасцю забяспечвае сябе харчаваннем і адносіцца да краін з самадастатковай вытворчасцю сельскагаспадарчай прадукцыі, а пакупніцкі попыт на харчовыя прадукты больш чым на тры чвэрці задавальняецца за кошт айчынных.
Па аб’ёме вытворчасці асобных сельскагаспадарчых культур Беларусь займае ў свеце высокія пазіцыі: 5 месца па вытворчасці жыта, грэчкі – 10 месца, бульбы – 11, цукровых буракоў – 14. Гэта даныя Харчовай і сельскагаспадарчай арганізацыі ААН (ФАО). І, нягледзячы на некаторыя неспрыяльныя акалічнасці (умовы надвор’я, пандэмія, глабальны крызіс), удаецца павялічваць вытворчасць прадуктаў харчавання, за 9 месяцаў – на 2,3% да адпаведнага мінулагодняга перыяду. Гэта ўжо даныя Нацыянальнага статыстычнага камітэта. Таму будзе ў нас на стале і да стала, і з іншымі падзелімся. Дарэчы, геаграфія экспарту беларускага харчавання – 86 краін свету. І за тыя ж 9 месяцаў пастаўлена на суму больш за 3178 мільёнаў долараў, прырост склаў амаль 8,5%.
Плюсуе экспарт і іншай беларускай прадукцыі, нягледзячы на санкцыйны ціск з боку калектыўнага Захаду. Лібчы? Калі ласка, прычым афіцыйная статыстыка, агучаная ўрадам падчас нядаўняга сумеснага пасяджэння дзвюх палат беларускага парламента. Так, экспарт прадукцыі МАЗа і БелАЗа ў параўнанні з мінулым годам вырас амаль на 250 мільёнаў долараў, нафтахіміі – на 700 мільёнаў, па азотных і калійных угнаеннях – на 100 мільёнаў долараў. А гэта – валюта ў бюджэт, неабходная як на развіццё самой вытворчасці, так і на сацыяльныя патрэбы, у тым ліку, барацьбу з каранавірусам.
Прычым улады не хаваюць, што санкцыйны ціск адчуваецца. Страты беларускіх НПЗ, напрыклад, ўжо склалі 80 мільёнаў долараў. Але распрацаваны і прымаюцца спецыяльныя меры падтрымкі прадпрыемстваў, што трапілі пад санкцыі, і іх працоўных калектываў. Дарэчы, у эканоміцы краіны ў верасні былі заняты больш за 4 мільёны 263 тысячы чалавека. І намінальная налічаная сярэдняя заработная плата склала 1442,7 рубля.
І яшчэ красамоўная статыстыка для «неверагодных», якія любяць паразважаць пра нібыта ізаляцыю Беларусі. Па выніках 8 месяцаў забяспечаны рост экспартных паставак прамысловай прадукцыі ў Цэнтральную Афрыку амаль у 4 разы, Паўночную Амерыку – у 2,5 і нават у Заходнюю Еўропу – амаль ўтрая. Наогул, экспарт беларускіх тавараў вырас на 15,6%. І гэта яшчэ раз сведчыць, што Беларусь – краіна з адкрытай эканомікай і мае гандлёвых партнёраў па ўсім свеце.
Давайце нагадаем, што вырабляем і актыўна прадаём. Легкавыя аўтамабілі і трактары, веласіпеды і матацыклы, газавыя і электрапліты, тэлевізары і пральныя машыны, чыгуначныя вагоны і зернеўборачныя камбайны, велікагрузныя аўтамабілі і трансфарматары. Менавіта гэтая прадукцыя вырасла сёлета ў колькасным выражэнні і прырасла ў экспарце. А яшчэ ёсць халадзільнікі і маразільнікі, ліфты і пад’ёмнікі, лекі і медпрэпараты, шырокі асартымент тавараў лёгкай прамысловасці і іншых галін эканомікі.
Можна прыводзіць яшчэ нямала лічбаў афіцыйнай статыстыкі, але, думаю, на сёння дастаткова. Дастаткова, каб не «весціся» на розныя фэйкі ад «неверагодных», а верыць правераным даным і сваім вачам.
Я так думаю, а вы?