Падзяліцца:
«Супраць тэрору – разам. Я так думаю, а вы?» Радыёблог Алены Давідовіч (аўдыё)
  • Перадача: Навіны
  • Дата: 11.09.2019
«Супраць тэрору – разам. Я так думаю, а вы?» Радыёблог Алены Давідовіч (аўдыё) 11 верасня. Cярод падзей, якія адбыліся ў гэты дзень, безумоўна, вылучаецца тая адзіная, якая, як лічыцца, змяніла сучасны свет. На жаль, не ў лепшы бок. Тэрарыстычныя атакі 11 верасня 2001 года ў ЗША выявілі ўсю цынічную, бесчалавечную сутнасць гэтага глабальнага зла. 2 тысячы 996 загінуўшых, больш за 6 тысяч параненых… І калі раней, у XIX стагоддзі, аб’ектамі тэрору з боку бамбіcтаў-адзіночак былі толькі асобы высокага рангу, як імператар Аляксандр ІІ ці генерал-губернатар Крапоткін, то з цягам часу за тэрактамі пачалі стаяць цэлыя групоўкі і экстрэмісцкія арганізацыі. І нават сучасныя тэрарысты-адзіночкі праходзяць падрыхтоўку ў спецыяльных лагерах, а іх ахвяры вылічаюцца сотнямі і нават тысячамі. Больш за 300 загінуўшых – вынік начной атакі на нігерыйскі горад Гамбору ў маі 2014 года. 257 жыццяў забралі тэракты ў індзійскім Бамбеі, калі ісламскія тэрарысты заклалі выбуховыя прылады ў аўтамабілі. У сучасным свеце ахвярамі тэрору можа стаць кожны, нават той, хто адправіўся адпачываць на далёкі востраў. Трагічны лёс напаткаў 164 замежных турыстаў у горадзе-курорце Кута на востраве Балі. Арганізатарамі тэратакі ля начнога клуба былі члены арганізацыі «Джамаа Ісламія». Не застрахаваныя ад тэрарыстаў зараз і высокія чыноўнікі. Групоўка «Аль-Каіда» узарвала прыпаркаваныя ля пасольстваў ЗША ў Кеніі і Тайландзе грузавікі, начыненыя ўзрыўчаткай. З 224 загінуйшых – 12 грамадзян ЗША. Шмат ахвяр падчас тэрактаў у паветры, на гэта, мабыць, і развічваюць экстрэмісты. Дастаткова ўзгадаць катастрофу пасажырскага самалёта «Аэрбас А-321» расійскай кампаніі «Кагалымавія» над Сінаем, які ляцеў з Егіпта ў Санкт-Пецярбург. Усе 217 пасажыраў і 7 членаў экіпажа загінулі. Цэлямі такіх авіяатак былі і пасажырскія самалёты авіякампаній ЗША, Індыі, іншых краін. Асаблівы боль – трагедыя Беслана, калі ў дзень ведаў баевікі ўзялі ў заложнікі вучняў і настаўнікаў адной з паўночна-асецінскіх школ. Для 186 дзецей ужо ніколі не наступіць 1 верасня… А яшчэ ўзгадваюцца выбухі на вакзалах Мадрыда, серыі атак у Францыі – сотні загінуўшых ні ў чым не вінаватых людзей. Уявіце, толькі летась ў свеце адбылося 15 тысяч тэрактаў, у якіх загінула больш за 13 тысяч чалавек! Страшэнныя лічбы! Тэрарызм, як ракавая пухліна, распаўсюдзіўся па ўсёй планеце, дасягнуў самых аддаленых куткоў. Так, у Новай Зеландыі гэтай вясной падвергліся ўзброенаму нападу тэрарыстаў дзве мячэці, загінулі 49 чалавек. І вось сумная навіна апошніх дзён: два теракты ў Буркіна-Фасо, 29 ахвяр... Хто вінаваты? Часцей за ўсё гэта радыкальныя ісламіскія групоўкі, экстрэмісцкія арганізацыі, розныя бандфарміраванні і іх спонсары. Так, сёння можна вылічыць, хто стаіць за такімі актамі насілля. Але што рабіць, як супрацьстаяць такому, ужо транснацыянальнаму, злу? Пра гэта ішла размова на нядаўняй Мінскай канферэнцыі па барацьбе з тэрарызмам, якую арганізавала наша краіна з Контртэрарыстычным упраўленнем ААН. Беларуская пляцоўка прыцягнула шырокае кола аўтарытэтных замежных удзельнікаў, больш за 400 прадстаўнікоў з паўсотні дзяржаў – міжнародных, рэгіянальных, няўрадавых арганізыцый, экспертнай супольнасці. На працягу двух дзён ішло абмеркаванне найбольш вострых пытаннў глабальнай бяспекі, у тым ліку выкарыстанне тэрарыстамі новых тэхналогій і нават штучнага інтэлекту. Цэнтральнае месца ў гэтай дыскусіі заняла ініцыятыва аб стварэнні адзінага антытэрарыстычнага фронту, агучаная кіраўніком нашай дзяржавы. Сёння тэрарызм стаў адной з самых магутных і адчувальных пагроз, таму змагацца з ім можна толькі разам. Такую пазіцыю выказаў Аляксандр Лукашэнка і заклікаў міжнародныя арганізацыі стварыць згуртаваны антытэрарыстычны фронт. І калі раней акцэнт тут рабіўся на буйных гульцах, то цяпер прагучала думка аб больш актыўнай ролі невялікіх дзяржаў, такіх як Беларусь, Польшча, Аўстрыя. Наогул, Беларусь выступала і выступае за ўзнаўленне шырокага міжнароднага дыялогу па пытаннях бяспекі, даверу, пераадолення раздзяляльных межаў. Асабліва зараз, калі парушаны баланс па стратэгічнай зброі, калі перастаў дзейнічаць дагавор па ліквідацыі ракет сярэдняй і меншай далёкасці. Дарэчы, Беларусь не выходзіла з ДРСМД і гатова выступіць з ініцыятывай аб прыняцці дэкларацыі адказных краін аб неразмяшчэнні такіх ракет у Еўропе. Наша краіна актыўна садзейнічае міру і бяспецы ў нашым рэгіёне, Беларусь – ініцыятар і праваднік многіх міратворчых ініцыятыў. Дастаткова ўзгадаць удзел ва ўрэгуляванні канфлікту ва Украіне, ініцыятыву Хельсінкі-2. І вось яшчэ адна, новая – стварэнне пояса лічбавага добрасуседства. Яна вельмі актуальная і жыццёва важная. Экстрэмісты ў сваіх атаках усё часцей выкарыстоўваюць высокія тэхналогіі, задзейнічаюць сацыяльныя сеткі, падпольны інтэрнэт, праз які ідзе гандаль зброяй, іншымі небяспечымі рэчывамі. Вядома, што зараз у свеце дзейнічае 30 тысяч экстрэмісцкіх сайтаў. І, як адзначыў у сваім выступленні Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка, нават ядзерная зброя ў параўнанні з лічбавымі магчымасцямі можа быць не такой небяспечнай. Таму супраць глабальнага тэрарызму, які цяпер узброены перадавымі тэхналогіямі, неабходна дзейнічаць разам, скаардынавана, як на глабальным, так і рэгіянальным і нацыянальным узроўнях. Ініцыятывы Беларусі знайшлі водгук ва ўдзельнікаў канферэнцыі. Голас Беларусі пачуты ў свеце. І галоўнае зараз, каб на яго адгукнуліся дакладнымі дзеяннямі тыя, ад каго сёння залежыць эфектыўнасць руху антытэрору – кіраўнікі буйных дзяржаў і ваенных альянсаў, уплывовыя палітыкі і ваенныя лобі, міратворчыя арганізацыі і магнаты лічбавых імперый. Тады сённяшняя трагічная дата можа стаць сапраўдным урокам, а не толькі адной у шэрагу глабальных чалавечых памылак з такімі катастрафічнымі вынікамі. Я так думаю, а вы?
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся:
Войти как пользователь
Вы можете войти на сайт, если вы зарегистрированы на одном из этих сервисов: