І пра надвор’е ў суседніх краінах… Кожны раз выпуск навін на беларускіх тэлеканалах завяршае інфармацыя пра тэмпературны рэжым у Варшаве, Кіеве, Вільнюсе, Рызе. Так, пра краіны-суседкі не забываем нават у такой, здавалася б, інфармацыйнай дробязі, як прагноз надвор’я. Не гаворачы пра справы больш высокага парадку. Я маю на ўвазе бязвізавы рэжым для грамадзян Літвы, Латвіі, Польшчы, мірныя ініцыятывы кіраўніцтва нашай краіны па ўрэгуляванні ваеннага канфлікту ва Украіне, іншыя дружалюбныя крокі па наладжванні добрасуседскіх адносін, якія парушаны апошнім часам не па нашай ініцыятыве.
А што ў адказ? Агрэсія, пагрозы, правакацыі. За апошнія гады градус напружанасці на заходне-паўднёвым напрамку ад нашай мяжы толькі ўзрастае. Уздоўж беларускіх рубяжоў працягвае ўзводзіцца «заслона» не толькі з бетону і металу, але і мінных палёў. Вядзецца актыўная паветраная разведка беларускай тэрыторыі з выкарыстаннем беспілотнікаў.
Польшча адзін за другім закрывае пункты пропуску, нарошчвае ваенны патэнцыял з дапамогай НАТА. І гэта не ўзбраенне абароны, а наступальнае. А ўлады нават не хаваюць сваіх захопніцкіх планаў на нашу тэрыторыю.
Не адстае і Літва, мілітарызацыя ідзе поўным ходам. Нягледзячы на інфляцыю, збядненне насельніцтва, літоўскі банк дае 28 мільёнаў еўра на будаўніцтва новага ваеннага гарадка ў Шаўляі, у планах – яшчэ тры пад Вільнюсам. Спытаем, для чаго гэта невялікай краіне?
А навошта Латвіі 30-метровы танэль на мяжы з нашай краінай? Яго прарылі не так даўно ў спешным парадку і якраз пад чыгуначным палатном Даўгаўпілс – Полацк, дзе курсіруюць паязды да Полацкага дэпо. А дэпо – база для рамонту цыстэрн, што перавозяць небяспечныя грузы.
Адказ, як гаворыцца, на паверхні. Дастаткова ўзгадаць падрыў цягніка ў Бранскай вобласці, дыверсіі на тэрыторыі Беларусі, учыненыя тэрарыстамі, якіх рыхтавалі ва Украіне. У гэтым наша паўднёвая суседка, здаецца, апярэдзіла ўсіх. У сваім антысуседскім запале ўкраінскія ўлады пад патранатам замежных куратараў пераходзяць усе межы, пачынаючы ад эмбарга на беларускія авіяпералёты і падтрымку санкцый да падрыўных, скаардынаваных дзеянняў супраць Беларусі.
У аднабаковым парадку разрывае адно за другім двухбаковыя пагадненні, накіраваныя, зразумела, на карысць абедзвюх краін. Недаўна ахвярай такога недружалюбнага кроку стала міжурадавае пагадненне аб пазбяганні двайнога падаткаабкладання, а днямі – аб супрацоўніцтве ў сферы абароны інфармацыі. І вось лагічны працяг такой палітыкі кіеўскай улады – Украіна вырашыла далучыцца да Кіберцэнтра НАТА. Зараз ля нашых межаў з’явіцца яшчэ адна ваенная база, только на віртуальным полі. Вось яна – проксі-вайна супраць Беларусі, у якую ўвязаны краіны-суседкі!
Шчыра кажучы, часам хочацца жорсткіх мер у адказ. Але мы разумеем, суседзяў на гэтай зямлі не выбіраюць, і простыя грамадзяне краін-суседак самі становяцца ахвярамі такой ваяўнічай палітыкі сваіх улад і нават «гарачай» вайны.
Таму Беларусь як была, так і застаецца донарам бяспекі ў рэгіёне.
Год міру і стварэння дэманструе міралюбнасць нашага знешняга курсу, тым больш, з «дзяржавамі-суседкамі першага парадку». Менавіта так называюцца краіны, што мяжуюць з намі. Шкада, што тамтэйшыя апалагеты «партыі вайны» гэтага не разумеюць.
Я так думаю, а вы?