Са старонак буйнейшых сусветных інфармацыйных рэсурсаў не сыходзіць абмеркаванне «Вялікай размовы з Прэзідэнтам». Сустрэча была шматпланавая і шматтэмная, адкрытая і шчырая, інфарматыўная і ілюстратыўная. Менавіта на апошнім вызначэнні хачу спыніцца. Бо паводзіны журналістаў замежных СМІ падчас яе выразна прадэманстравалі: свабодная журналістыка на Захадзе – міф. Упарта задаваць, як пад капірку, адно і тое ж пытанне аб нібыта «нелегітымнасці існуючай беларускай улады», пра нейкія «катаванні і рэпрэсіі», фэйкавыя «мірныя пратэсты» і пры гэтым прызнавацца, што ведаюць пра гэта са слоў «свайго прадюсара». Гэта не журналістыка! Тады што: некампетэнтнасць ці пэўная заданасць?
Вось якія тлумачэнні дае палітолаг Аляксандр Шпакоўскі: гэта – «спланаваная інфармацыйная кампанія, якая суправаждае прынятыя шэрагам заходніх краін чарговыя рашэнні па эканамічным удушэнні Беларусі». Між іншым адна з заходніх журналістак у сваім пытанні і агучыла новыя санкцыі супраць нашай краіны. Нагадаю, у зале прысутнічалі прадстаўнікі вядучых медыйных карпарацый і буйных уплывовых выданняў – CNN, BBC, NY Times, Wall Street Journal, а таксама брытанскага тэлеканала навін Sky News. Іх называюць «акулы пяра і мікрафону», а на паверку аказаліся – фэйкамёты і правадыры палітыкі падвоеных стандартаў.
Узгадаем, літаральна перад «Вялікай размовай» тэлеканал CNN распаўсюдзіў па ўсім свеце нахабны фэйк пра «лагер для палітвязняў у гадзіне язды ад Мінска», выдаўшы за такі звычайную вайсковую часць. Абвяржэння і прабачэння за хлусню не атрымалі ні ад кіраўніцтва канала, ні ад журналісткі, якая задавала чарговае правакацыйнае пытанне нашаму Прэзідэнту, але пры гэтым яна прасілася на асабістае інтэрв'ю. Іншая сцвярджала пра нелегетымнасць беларускай улады і пры гэтым звярталася «Містэр Прэзідэнт».
Нездарма на ўсё гэта прама ў зале эмацыянальна адрэагавалі беларускія і расійскія журналісты, дэманструючы на сваіх смартфонах заходнім «праўдашукальнікам» праўдзівую інфармацыю, расказваючы пра жорсткі булінг і пагрозы ад так званых «мірных дэманстрантаў».
У гэтай сувязі мне ўзгадалася адна сустрэча з нямецкімі журналістамі. Яна праходзіла ў цэнтральным офісе міжнароднай тэлерадыёкампаніі Deutsche Welle. Супрацоўнікі «Нямецкай хвалі» хваліліся, што яны раз на тыдзень маюць магчымасць сустракацца на брыфінгах з прадстаўнікамі ўлады і задаваць любое пытанне. На што я адказала, што ў нас працуюць два буйныя прэс-цэнтры, Нацыянальны і Грамадскі ў Доме друку, дзе амаль штодня праходзяць прэс-канферэнцыі па актуальных пытаннях з удзелам як прадстаўнікоў улады, так і іншых структур, практыкуюцца выяздныя прэс-туры для айчынных і замежных журналістаў на беларускія прадпрыемствы і розныя сацыякультурныя аб’екты. А Міністэрства замежных спраў ладзіць штотыднёвыя брыфінгі для прадстаўнікоў усіх СМІ. Паверыць пра такую адкрытасць улады і свабоду прэсы ў Беларусі не змаглі і пачалі задаваць пытанні наконт прысутнасці лідараў думкі ў эфіры. Я ўзгадала нашу праграму «Актуальны мікрафон», дзе ў прамым эфіры пяць разоў на тыдзень можна не толькі пачуць кіраўнікоў міністэрстваў і ведамстваў, парламентарыяў і вядучых эканамістаў, сацыёлагаў і палітолагаў, але і задаць ім пытанне, і ў рэжыме анлайн артымаць адказ. Але нямецкія калегі былі ўпартыя, маўляў, усё роўна на дзяржаўных каналах адна прапаганда.
Што такое сапраўдная непрыхаваная прапаганда, навязванне «чужых каштоўнасцей», апошнім часам было прадэманстравана нам шмат разоў. Інфармацыйная вайна супраць Беларусі вядзецца жорсткая, маштабная і планамерная, задзейнічаны не толькі традыцыйныя сродкі масавай інфармацыі, але і сучасныя сродкі камунікацыі. Стаўкі высокія – незалежнасць краіны, будучыня нацыі.
Ах, обмануть меня не трудно!..
Я сам обманываться рад!
Так пісаў у свой час Пушкін у сваёй любоўнай лірыцы. Час зараз іншы, з жорсткай рэчаіснасцю, таму падманвацца ну ніяк нельга!
Я так думаю, а вы?