Падзяліцца:
«Роздум. Свет, у якім ёсць казка». Радыёблог Навума Гальпяровіча (аўдыё)
  • Перадача: Радыёблог
  • Дата: 30.12.2021
«Роздум. Свет, у якім ёсць казка». Радыёблог Навума Гальпяровіча (аўдыё)

Памятаю, як я чакаў Новага года. Хоць бацькі і загадвалі спаць, а ў маім дзяцінстве Новы год адзначалі куды больш сціпла чым зараз, я не мог заснуць і ўсё чакаў, калі ж стары год саступіць месца новаму. Ніяк не мог зразумець: вось да дванаццаці гадзін – адзін год, а пасля – раптам другі. Усё выглядваў у вакно: што змянілася? І не знаходзіў: усё так жа бялеў снег, усё такія ж зоркі блішчэлі пад марозным небам.

І калі гэта прыходзіць Дзед Мароз і кладзе падарунак пад ёлку, якую мы з мамай і сястрой упрыгожвалі картоннымі фігуркамі, выразанымі з паперы гірляндамі і цукеркамі, што былі ў перадсвяточных ранішніках у школе раздадзены дзецям?

Цяпер гэта здаецца надта наіўным, але такія навагоднія дні засталіся і па сённяшні дзень светлым і шчымлівым успамінам.

Сённяшнія дзеці больш абазнаныя ў розных сферах, яны ведаюць, што Дзедам Марозам можа быць замоўлены ў фірме дзядзька, што ёлку можна купіць у краме, а не прыносіць з лесу, што падаруначныя камплекты цацак можна знайсці там жа на любы густ, і ўсё залежыць ад іх кошту, што бацькі пакладуць пад ёлку загадзя вымалены новенькі смартфон або планшэт, а знаёмы электрык падключыць святочную ілюмінацыю.

Але, на дзіва, навагодняя казка ўсё ж перамагае.

Бо якія б разумныя і сучасныя ні былі б нашы дзеці, ім усё ж-такі хочацца верыць у цуды, у зімовую казку.

Новы год нібыта адкрывае новую старонку ў звычайным жыццёвым лёсе. І вось ужо сівы ветэран марыць пра поспехі ўнука ў навуцы ці мастацтве, а малады юнак марыць сустрэць сваё каханне, ды каб назаўжды, а толькі што створаная сям'я марыць пра будучае дзіця…

І мільёны людзей мараць пра мірнае небе над галавой і каб не было вайны, а матулі, каб іх сыны вярнуліся пасля службы ў войску жывымі і здаровымі.

Нам усім так не стае гэтай рамантыкі, гэтай казкі, гэтага палёту душы над штодзённасцю, праблемамі, над хцівасцю і здрадамі над хітрасцю і бязвер'ем.

І падсумоўваючы падзеі чарговага пражытага года, хочацца ўзгадаць пазітыў і здзяйсненні, сяброўскія ўсмешкі і спагаду, вернасць і адданасць, усё добрае што было, хаця год нам прынёс нямала горкіх хвілін, страт і праблем.

Пандмэмія, гэтае сусветнае зло, унесла свае істотныя карэктывы ў наша жыццё, стала суровым выпрабаваннем для кожнага.

Неспакойна было ў свеце, хапіла людскіх бед і пакут, лакальных канфліктаў і многага іншага такога што б хацелася назаўсёды пакінуць у мінулым.

І ўсё ж, пакуль жыве чалавек, ён хоча верыць у добрае. Таму, напэўна, і ёсць такія навагоднія святы, светлае Ражаство, калі ў храмах моляцца за мір і спакой, калі славяць Збаўцу свету і просяць у яго любові і ласкі.

Дык давайце на гэты момант разам з дзеткамі паверым у казку, калі ўсё завяршаецца шчасліва, добрымі падзеямі, давайце не толькі памарым, але падумаем , што мы можам зрабіць добрае для Радзімы, для сям'і, для родных і блізкіх людзей.

І ў гэтыя апошнія дні адыходзячага года дадзім волю запаветным марам, светлым пажаданням дабрыні і шчасця ўсім людзям. І веры, што гэта абавязкова збудзецца!

Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: