«Мамы разные нужны, мамы разные важны…» Думаю, многія з вас памятаюць вядомы верш Сяргея Міхалкова «А что у вас?» Нельга не пагадзіцца з паэтам, які проста і даходліва тлумачыў дзецям пра важнасць і каштоўнасць кожнай прафесіі, асабліва, калі ёю валодае маці. І ўсё ж, на маю думку, на свеце ёсць важнейшыя прафесіі, жыццёваважныя справы, без якіх не можа абысціся ніводны чалавек, не могуць існаваць грамадства і дзяржавы. Гэта – лячыць, вучыць, абараняць, здабываць хлеб надзённы.
Зараз многія разважаюць, якім будзе свет пасля пандэміі. Адны гавораць пра немінучы эканамічны крызіс, перадзел сфер уплыву, другія прагназуюць крах глабалізму і рост сепаратыўных настрояў, іншыя пагражаюць згортваннем грамадзянскіх свабод і ўзмацненнем ролі дзяржавы, а некаторыя пужаюць татальным кантролем з боку «вялікага брата». Пажывём, як гаворыцца, пабачым. Але зразумела адно – свет, сапраўды, будзе іншым, як пасля любога глабальнага ўзрушэння.
А асабіста мне хочацца, каб з гэтага ўзрушэння чалавецтва выйшла перш за ўсё вычышчаным маральна, духоўна абноўленым, каб мы перагледзелі свае каштоўнасці і аддалі даніну павагі тым людзям, якія гэта сапраўды заслужваюць. Бо мы яшчэ раз ўпэўніліся, што ніякія грошы і прывілеі не ратуюць ад хвароб і каварных вірусаў. Яны косяць прынцаў і прэм’ераў, вядомых асоб і мільянераў. І па ратунак бягуць да ўрачоў, тых, хто за сваю працу атрымліваюць грошай на некалькі парадкаў менш.
«Вы даяце мільёны еўра ў месяц футбалістам і 1800 еўра ў месяц біёлагам. Зараз вы маеце патрэбу ў лячэнні. Ідзіце да Раналда ці Месі, і яны найдуць вам вакцыну». Гэты відэаролік ад імя нібыта іспанскіх урачоў я бычыла на свае вочы ў інтэрнэце. І ён ўразіў мяне! А літаральна днямі сустрэла навіну, што 24-гадовы нападаючы (прозвішча называць не буду) падпісаў кантракт з маскоўскім ЦСКА, згодна з якім атрымае 100 мільёнаў рублёў за два сезоны ў КХЛ – а гэта дзясяткі тысяч еўра ў месяц!
Не, я ні ў якім разе не заклікаю лічыць грошы ў чужой кішэні, не хачу абразіць вядомых і невядомых спартсменаў, разумею, што арэна патрабуе таксама шмат сіл і эмоцый, але я – пра сацыяльную справядлівасць. Тую, што вызначыў яшчэ Арыстоцель і мае на ўвазе «аднолькавую ўзнагароду за раўнацэнна ўкладзеную працу». А вось з ацэнкай гэтай роўнасці ў сучасным грамадстве атрымаўся нейкі перакос.
Адзін з псіхолагаў растлучамыў, чаму мы гатовыя плаціць вялікія грошы за білет на канцэрт эстраднай зоркі і скардзімся на платныя медыцынскія паслугі. Усё проста. Чалавеку патрэбныя перш за ўсё станоўчы эмоцыі, яркія, незабыўныя ўражанні. А які настрой можа быць у кабінеце ўрача, не гаворачы ўжо пра стаматалагічнае крэсла?! Таму ідзём мы па порцыю адрэналіну ў канцэртную залу ці на спартыўную арэну, а не ў паліклініку. І «носім на руках» куміраў рэпа і сумніўных шоў, ставім лайкі кошачкам-сабачкам, а не тым, хто ратуе жыцці за аперацыйным сталом ці ў полымі агню, хто вучыць нашых дзяцей і дапамагае старым. А потым здзіўляемся, чаму у райдары некаторых гастралюючых зорак непамерныя патрабаванні, чаму дамы-палацы і замежная маёмасць ёсць ў тых жа гаваруноў ад палітыкі і шматлікіх вешчуноў-экстрасэнсаў.
Зразумела, узгаданы псіхолаг гаварыў пра нашы эмоцыі, падсвядомаць, што імі рухае. А можа, неабходна ўключыць калектыўны розум і рацыянальны падыход? І зразумець, што чалавек, які ратуе жыцці, які побач і пры нараджэнні, і часта пры апошнім уздыху, заслужыў не менш павагі і дабрабыту, чым маладая зорка-футбаліст ці поп-выканаўца.
Здаецца, што падзеі апошняга часу нешта зварушылі ў нашай свядомасці і людзі пачалі разумець, хто сапраўдныя героі нашага часу. Вось пра што я думаю, калі гаворыцца аб будучыні пасля каранавіруса. А вы?