У дзяцінстве я не была абдзелена ўвагай дарослых. Сваёй любоўю, увагай, ведамі шчыра са мною дзяліліся матуля, бабуля і дзядуля, прабабуля і прадзядуля. Тата, кадравы афіцэр, на жаль, рана пайшоў з жыцця, мама так і засталася адна… І як я зайздросціла сваім сяброўкам-суседкам, у якіх быў бацька! Хаця той часам прыходзіў дамоў нецвярозы і гучна лаяўся, але ж які-ніякі, а бацька. Ён мог і падарунак прынесці, і ў кіно звадзіць. Можа таму я доўгі час угаворвала маці выйсці замуж з надзеяй, што і ў нас будзе поўная сям’я…
Да чаго гэтыя шчырыя ўспаміны, спытаецеся вы? Маўляў, у кожнага свая сямейная гісторыя. Але я пра тое, што наяўнасць бацькі побач – вельмі важная і патрэбная кожнаму дзіцяці, хлопчыку ці дзяўчынцы, і ў любым узросце. Таму мяне парадавала новаўвядзенне ў працоўным заканадаўстве, якое дае магчымасць нашым татам з першых дзён нараджэння дзіцяці паўнацэнна далучацца да яго выхавання.
Пры жаданні можна атрымаць у першыя паўгода афіцыйны водпуск на два тыдні, і наймальнік не мае права адмовіць у гэтым. Праўда, такі водпуск не аплачваецца. Але, нагадаю, і раней у водпуск па доглядзе дзіцяці да 3 гадоў замест маці мог пайсці бацька. І такія прыклады ёсць. Думаю, што гэта добра. Чаму?..
Лічыцца, што тыя малыя, якіх актыўна выхоўвалі таты, маюць шмат пераваг перад іншымі. Напрыклад, яны радзей парушаюць законы, кідаюць вучобу, маюць больш высокі ІQ і ў перспектыве – высокааплатную работу, у іх менш псіхалагічных праблем і лепшы стан здароўя. Такія вынікі даследаванняў, праведзеных у Нарвегіі, дзе яшчэ з 1994 года палову дэкрэта, а гэта 14 тыдняў, павінен правесці з дзіцём бацька.
А першымі прыцягнулі бацькоў да выхавання малянят у Швецыі і зрабілі гэта пры дапамозе фінансавай матывацыі. З сярэдзіны 80-ых гадоў мінулага стагоддзя там існуюць так званыя «бацькаўскія квоты» – колькасць дэкрэтных дзён, якія абавязаны ўзяць менавіта бацька, гэта 60 з агульных 480 дзён. І калі квоты не будуць выбраныя, то сям’я пазбавіцца адпаведных выплат, а ў выпадку падзелу водпуску пароўну – выплаты павялічваюцца. Так зрабілі і мае родныя, калі гадавалі сваіх дзяўчынак-двайнятак.
Цікавы вопыт Ісландыі. Згодна з заканадаўствам, мужчына, у якога нарадзілася дзіця, можа атрымаць адпачынак на 3 месяцы нароўні з жанчынай. У гэты час яму выплачваецца дапамога ў памеры 80% ад яго сярэдняга заробку. Такім чынам, абодва бацькі могуць знаходзіцца з дзіцём у першыя месяцы яго жыцця. Плюс да гэтага водпуску мамам і татам належыць яшчэ адзін 3-месячны перыяд. Яны самі вырашаюць, хто будзе сядзець з дзіцём, а хто працаваць. І… амаль 90% тат выбіраюць так званы «бацькаўскі дэкрэт».
А ў Партугаліі бацька абавязаны па законе правесці з малянём 5 дзён, якія і аплачваюцца, за парушэнне – нават штраф.
У Кітаі маці маюць права на дэкрэт тэрмінам ад 90 да 120 дзён з захаваннем поўнай зарплаты і іншых выплат. Кітайскія бацькі таксама могуць узяць яго.
У Вялікабрытаніі маці даецца 26 тыдняў аплачанага дэкрэтнага водпуску, і пры жаданні можна ўзяць яшчэ 26 тыдняў часткова аплачваемага. Таты таксама маюць права правесці да 2 тыдняў з дзіцём з захаваннем зарплаты да 90%. Такой прывілеяй скарыстаўся прынц Уільям пры нараджэнні старэшага сына. Дарэчы, у «бацькаўскі дэкрэт» схадзілі знакаміты футбаліст Крышціяну Раналду, кінаакцёр Мэцью Макконахі, заснавальнік сацыяльнай сеткі Facebook Марк Цукерберг.
Наогул, у 14 краінах свету, як і ў нас, так званы дэкрэтны бацькаўскі водпуск працягваецца 14 дзён. У 25 краінах – 10 дзён, у 36 краінах – тыдзень, які да таго ж аплачваецца. На жаль, такой магчымасцю карыстаюцца не шмат маладых тат.
Па даных Арганізацыі эканамічнага супрацоўніцтва і развіцця, у такіх краінах, як Аўстрыя, Чэхія, Польшча, Францыя сярод бацькоў, якія ідуць у водпуск па доглядзе дзіцяці толькі 4% – таты. У Расіі – 2%, а ў нас, наогул, 1%. Да таго ж, беларускія таты займаюцца дзецьмі ўтрая менш, чым маці.
Гэта вынікі шматіндыкатарнага кластэрнага абследавання хатніх гаспадарак для ацэнкі становішча дзяцей і жанчын у Беларусі, якое было нядаўна праведзена Белстатам і ЮНІСЕФ. І прычын тут некалькі. Спецыялісты на першае месца ставяць стэрэатыпы карпаратыўнай культуры. У жанчын, звычайна, меншыя заробкі, таму выгадней, каб у сям’і працаваў мужчына.
Існуюць і сацыяльныя стэрэатыпы. Будзем шчырыя, і дагэтуль да мужчын у дэкрэце многія ставяцца прадузята, маўляў, не справа моцнага полу мяняць падгузкі. Мне было дзіўна даведацца, што бейсбаліста Дэніэла Мэрфі прыхільнікі высмеялі ў сацыяльных сетках за тое, што ўзяў трохдзённы дэкрэтны водпуск. І гэта ў ЗША з іх моцным фемінісцкім рухам!
А між іншым, нават невялікі дэкрэт бацькі дасць магчымасць маладой маці крышачку адпачыць ад бытавых праблем, наведаць цырульню, купіць абноўкі ці проста выспацца. Думаю, што сумеснае цеснае выхаванне немаўляці яднае сям’ю, дадае гармоніі ў адносінах, дапамагае маладому тату больш асэнсаваць сваё бацькоўства і адказнасць за будучы лёс дзіцяці.
А колькі радасці і шчасця даюць першыя ўсмешкі маляняці, первыя словы і няўпэўненыя крокі, яны могуць растапіць сэрца нават самага суровага мужчыны!
Сёння ў свеце мяняюцца адносіны да бацькоўства. Нават самым багатым краінам эканамічна не выгадна, каб жанчыны падоўгу сядзелі дома з дзецьмі, а мужчыны толькі працавалі. Роль жанчыны ў вытворчасці толькі ўзмацняецца, яе паспяховая прафесійная кар’ера нароўні з мацярынскімі абавязкамі важная не толькі ёй самой, але і сям’і, грамадству. Дапамога ў гэтым яе другой палавінкі вельмі неабходная. Бо калі моцная сям’я – моцная і дзяржава. Я так думаю. А вы?