Падзяліцца:
«Звычайныя гісторыі. Гэтым летам дзе і што паглядзець?» Радыёблог Валянціны Стэльмах (аўдыё)
  • Перадача: Радыёблог
  • Дата: 08.07.2022
«Звычайныя гісторыі. Гэтым летам дзе і што паглядзець?» Радыёблог Валянціны Стэльмах (аўдыё)

Лета ў самым разгары. І пара вандровак таксама. Збіраючыся ў чарговы адпачынак, многія з вас прыкідваюць, што пабачыць і куды зазірнуць?

Не раз пераконвалася ў тым, што ў нас ёсць нямала цікавых мясцін, якія варта паглядзець, пазнаёміцца. І з тымі незвычайнымі гісторыямі, якія прыводзяць у сапраўднае захапленне. Знакамітыя і менш вядомыя, «раскручаныя» і тыя, пра якія нават чуеш упершыню.

Не раз і вы, паважаныя слухачы, падказвалі нам адрасы цікавых і знакавых мясцін. У маім журналісцкім блакноце занатаваны Смаляны і Паставы, Залессе і Мосар, беларуская вёсачка Парыж. А яшчэ мелавыя кар’еры непадалёк ад Ваўкавыска, Блакітная крыніца каля Слаўгарада і многія-многія іншыя.

А што казаць пра Белавежскую ды Налібоцкую пушчы, Браслаўскія азёры, Сафійскі сабор у Полацку, Гомельскі палацава-паркавы ансамбль, сядзібу Агінскага ў Залессі – нашы «паўночныя Афіны», касцёл у Гервятах! Гэты пералік хочацца доўжыць і доўжыць.

«У мінулыя выхадныя мне пашчасціла наведаць возера Струста, што непадалёку ад Браслава, – падзялілася са мной адна мая знаёмая, – прыгажосць неверагодная! Я, здаецца, нідзе больш не бачыла вады такога ярка-сіняга колеру! А якія далягляды адкрываюцца з гары Маяк, там абсталявана спецыяльная пляцоўка. Непадалёку турыстычная сцежка, якая знаёміць з мясцовым ландшафтам». І далей пачула яе захоплены аповед пра тое, якія там цудоўныя мясціны. На берагах гэтага возера некалькі вёсак – Струста (адсюль і назва), Кезікі, Міхееўцы. Мяне вельмі ўразіў Чайчын востраў. Другі па велічыні ў Беларусі. Сваю назву атрымаў таму, што тут жывуць калоніі чаек ды іншых вадаплаўных птушак. Калісьці на гэтым востраве, плошчай усяго 1,6 квадратных кіламетраў, знаходзіліся дзве вёскі. Уяўляеце! Асноўным заняткам мясцовых жыхароў была рыбная лоўля, і па гэтаму спрадвечнаму занятку ім не было роўных ва ўсёй акрузе. Цяпер ад вёсак практычна нічога не засталося.

А што да самага вялікага вострава, дык яго трэба шукаць на Асвейскім возеры. Таямнічы востраў Ду. Старажытную назву пакінулі фіна-угорскія плямёны, у перакладзе азначае «возера» ці азёрны востраў. Кажуць, што і тут існавала некалі вёска з уласным прыходам і царквой Ражаства Багародзіцы.

Ёсць астравы на азёрах Снуды, Неспіш, на Князь-возеры ды іншых. Скажу шчыра, астравы і асабліва вёскі на іх, сталі для мяне сапраўдным адкрыццём. Цяпер жыву з марай пабываць у тых мясцінах, тым больш, што яны авеяны рамантычнымі легендамі ды паданнямі.

Якраз у такі дзень, 8 ліпеня, толькі 1861 года, нарадзілася беларуская асветніца і мецэнатка Магдаліна Радзівіл. Яна апекавала дзіцячыя прытулкі, арганізавала некалькі вясковых школ, стварыла таварыства цвярозасці, устанавіла некалькі студэнцкіх стыпендый, падтрымлівала першыя беларускія перыядычныя выданні. На яе грошы былі выдадзены кнігі Максіма Багдановіча і Канстанцыі Буйло. Ёй ў спадчыну засталіся вялікія ўладанні ў Жорнаўцы і Кухцічах былога Ігуменскага павета, цяпер гэта Асіповіцкі раён на Магілёўшчыне і Уздзенскі – на Міншчыне. Вось вам яшчэ адрасы цікавых летніх вандровак – па мясцінах, звязаных з жыццём Магдаліны Радзівіл, выдатнай асобы нашай мінуўшчыны. Нягледзячы на свой даволі высокі шляхецкі статус (дарэчы, пазней яна пабралася шлюбам з Мікалаем Радзівілам, нашчадкам знакамітага роду), яна падтрымлівала цёплыя стасункі з мясцовымі сялянамі, парушаючы тым самым адвечныя класава-сацыяльныя каноны. Свой зямны шлях скончыла на чужыне, памерла ў адным з манастырскіх прытулкаў Швейцарыі ў 1945 годзе. У ліпені 2017 года яе прах вернуты ў Мінск, у лютым 2018-га перапахаваны на тэрыторыі касцёла ст. Тройцы ці (св. Роха). Магдаліна Радзівіл заўсёды заставалася шчырай і адданай беларускай.

8 ліпеня 1819 года ў Пецярбургу закладзены Ісакіеўскі сабор па праекце французскага архітэктара Агюста Манферана. Здавалася б, яшчэ адна дата? А калі пазнаёміцца бліжэй, такія гісторыі адкрываюцца! Уражвае тое, што будаўніцтва сабора (уявіце сабе, яго вышыня ажно 100 метраў!) працягвалася каля 40 гадоў. Агюст Манферан, прадстаўнік каталіцкай веры, узводзіў праваслаўны храм. Стварыў Александраўскую калону і ажыццявіў пад’ём і ўстаноўку Цар-звона на п’едэстал. Каго гэта зацікавіла, канешне ж, можна, як цяпер кажуць, «загугліць» і таксама зрабіць своеасаблівую вандроўку. Мяне ж вельмі ўразіла тое, што яго жыццё – яшчэ адзін прыклад таго, калі мірная стваральная праца яднае цэлыя народы і краіны. Хочацца верыць, што такі аб’ядноўваючы «аб’ект» знойдзецца і ў нашым, XXI-ым стагоддзі.

Ну, а пра тое, што вас асабліва ўразіла падчас летніх вандровак, пішыце на адрас: 220114, Мінск, Чырвоная, 4, Дом радыё. Давайце разам адкрываць Беларусь, захапляцца яе прыгажосцю і быць ёй адданымі.

Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: