У казахаў – асар, узбекаў і таджыкаў – хашар, кыргізаў – ашар, у Асеціі – зіу, Малдове – клака, Літве – талка, на Данбасе – толока, а ў Расіі – помач. Менавіта так карыстальнікі Facebook з розных краін назвалі цудоўны народны звычай сумеснай добраахвотнай працы, якую мы ў Беларусі называем талака. Я спецыяльна не ўдакладняла, як па-сапраўднаму гучыць у той ці іншай мясціне гэты старадаўні абрад. Сутнасць у іншым – у гарачай дыскусіі, якая разгарнулася ў сацыяльнай сетцы, і ў тых гісторыях, якія прыгадваліся з асаблівай цеплынёй і настальгіяй.
Напрыклад, такі ўспамін. Быцькі адной з карыстальніц Facebook сустрэліся якраз падчас узвядзення талакой новай хаты. Яе маці мясіла нагамі гліну, а будучы бацька адносіў яе да месца будаўніцтва. Бацькі і дагэтуль, піша аўтар, часта ўзгадваюць тую сумесную працу, якая дапамагла прыгледзецца маладым адно да аднаго, пакахаць і стварыць моцную сям’ю.
Ці такая гісторыя з 70-ых: жыхары аднаго з сібірскіх гарадоў, і дарослыя, і дзеці, гуртом рамантавалі свой пад’езд, а потым дружна адправіліся на рэчку, адмыць пыл, фарбу і проста падурэць ў вадзе. А сям’я сённяшніх гараджан узгадвае сваіх аднавяскоўцаў, якія хутка талакою дарабілі прыбудову да дома, калі іх бацька нечакана трапіў у бальніцу, а яны, тады малыя з цяжарнай маці засталіся амаль што на вуліцы.
Такіх кранальных гісторый у той стужцы было нямала. Многія падкрэслівалі, што ў іх мясцінах захавалі такую традыцыю ўзаемадапамогі, як, напрыклад, у Азербайджане, Узбекістане. Але большасць з жалем канстатавалі, што гэты прынцып талочнасці забыўся, згубіўся на сучасных прасторах. І задаваліся пытаннем, чаму так адбылося?
Меркаванняў таксама было нямала. Імклівасць часу, калі не паспяваеш спыніцца, азірнуцца, тут ужо не да ўвагі да навакольных. Уплыў сучасных тэхналогій, якія ўсё больш уцягваюць у віртуальны свет і замяняюць рэальнае жыццё, а значыць, і рэальныя чалавечыя адносіны. Да таго ж вымушаная ізаляцыя падчас пандэміі, работа многіх анлайн узмацніла гэты аспект. Называлася і ўрбанізацыя, калі ў вялікім горадзе міжасобасныя адносіны не такія блізкія, тут чалавек можа хутка згубіць сацыяльны сувязі і пачаць адчуваць адзіноту.
Дарэчы, такому распаду сувязей у грамадстве, сацыяльнаму раз’яднанню, ізаляцыі адно ад аднаго навука дала назву атамізацыя грамадства. Гэта выяўляецца ў зніжэнні даверу паміж людзьмі, страце навыкаў сумеснага вырашэння праблем і калектыўнага ўзаемадзення.
Страта даверу нават паміж блізкімі таксама ўзгадвалася ў той дыскусіі. З пытаннем, як і каму ўдалося ўнесці разлад паміж людзьмі і нават народамі?
Асабіста ў мяне такі адказ: у пэўны час мы не змаглі супрацьстаяць уплыву не лепшых прыкладаў заходняй культуры, навязванню далёкіх ад нашага менталітэту каштоўнасцей – культ грошай, геданізм, нізкая мараль, распад традыцыйнай сям’і, адкрытае ўжыванне наркотыкаў. І, канечне, – праславуты індывідуалізм, сацыяльны эгаізм, культ асобы, для якой калектыўныя ўяўленні стаяць на другім месцы.
Але ж вядома, што адной з характэрных рыс народнага менталітэту славян заўсёды была калектыўная самасвядомасць, якая грунтуецца на гасціннасці, працавітасці, спагадзе, сардэчнасці, падтрымцы не толькі блізкіх, але ўсіх, каму патрэбна жыццёвая апора. Гэты механізм сацыяльнай узаемадапамогі з даўніх часоў уключаўся напрацягу ўсяго года – талакой беларусы гулялі святы і вяселлі, будавалі дом і царкву, брукавалі дарогу і уладкоўвалі крыніцу, сеялі, жалі, касілі. А Талакой называлі старадаўняе славянскае бажаство, апякунку жніва і ўрадлівасці.
Ну, а калі зноў звярнуцца да дыскусіі ў Facebook, то там была і такая думка, якую падзялялі многія: усё залежыць ад саміх людзей, ад кожнага з нас, проста ад жадання быць чалавекам. А значыць, адкрыць сваё сэрца, не забываць пра міласэрнасць і спачуванне, не даць зачарсцвець душы нават у гэтым вірлівым свеце.
…Днямі патэлефанавала сваячка з-пад Слуцка. Сярод розных навін прыгадала, што выхаднымі разам з дзецьмі, якія прыехалі з горада, хадзілі дапамагаць суседзям выбіраць бульбу.
Так што традыцыя талакі ў нас працягваецца. Я так думаю, а вы?