Мастацкае слова, як выказнік думак і адчуванняў чалавечай душы, заўсёдна новае і шлях яго для творцы кожны раз пачынаецца як бы з нулявой адзнакі, з чыстага ліста. Эмацыянальная шкала лірычнага героя настройвае на свой спавядальны лад, а болевы парог, мне думаецца, у многім вызначае сутнасць мастака. З гэтым адчуваннем паэт ідзе па зямлі і шмат што ў яго творчасці якраз і вымяраецца наяўнасцю гэтага складніка.
Вядомая пісьменніца Раіса Баравікова сёлета адзначае свой юбілей. Яна па-ранейшаму працуе ў розных жанрах: паэзія і проза, творы для дзяцей. Кожны раз, напэўна, гэта іншы досвед для самой аўтаркі, а для чытача – магчымасць распазнаць новыя грані яе творчасці. І ўсё ж, мне думаецца, адказнасць за напісанае слова застаецца галоўным і самым важным.
“Слова кожнае мае свой шлях…”. Да 75-годдзя з дня нараджэння пісьменніцы, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Беларусі Раісы Баравіковай – так вызначана тэма літаратурнага “Творчага вечара”. Госця студыі – Раіса Андрэеўна Баравікова. Працяг гутаркі слухайце ў наступны чацвер, 28 ліпеня. Чытайце творы нашай сённяшняй госці і вы знойдзеце ў іх шмат таго, што патрэбна вашай душы!