Падзяліцца:
«У Гродне – карагод дружбы! Я так думаю, а вы?» Радыёблог Алены Давідовіч (аўдыё)
  • Перадача: Радыёблог
  • Дата: 02.06.2022
«У Гродне – карагод дружбы! Я так думаю, а вы?» Радыёблог Алены Давідовіч (аўдыё)

Беларусь… Сінявокая, прыгожая, утульная. А яшчэ гасцінная, шматнацыянальная, дружалюбная. Упэўніцца ў гэтым можна на Рэспубліканскім фестывалі нацыянальных культур. 13-ты раз старажытны Гродна збірае заўтра на свята сяброўства, мастацтва, самабытнай культуры.

Традыцыйнае тэатралізаванае шэсце прадстаўнікоў дыяспар сёлета робіць акцэнт менавіта на дэманстарацыі ідэнтычнасці і разнастайнасці народнасцей і нацыянальнасцей, якія жывуць у Беларусі. А іх налічваецца больш за 150!

Так, здавён на тэрыторыі нашай краіны ў дружбе і згодзе жывуць беларусы і рускія, татары і цыганы, яўрэі і афганцы, в’етнамцы і грэкі, карэйцы, туркі, немцы, літоўцы, балгары… Спіс, самі разумееце, доўгі. Многія стварылі свае нацыянальна-культурныя грамадскія аб’яднанні. Іх зараз 205. І кожнае гатова прадэманстраваць самабытнасць свайго народа.

Таму такая багатая палітра фестывалю. Шматлікія канцэртныя праграмы калектываў прафесіянальнай і аматарскай творчасці, майстар-класы і творчыя праграмы, падворкі «Дамашні ачаг» і дэманстрацыя нацыянальнай кухні, кінадворык і гала-канцэрт, прэзентацыі ўнікальных кніг і інтэрактыўныя пляцоўкі, выставы прадукцыі рамеснікаў і нацыянальных касцюмаў.

У праграме будзе каля 50 мерапрыемстваў на ўсе густы і ўзросты. Юныя госці фестывалю змогуць стаць удзельнікамі канцэртна-забаўляльных праграм дзіцячых творчых калектываў «Музычная садружнасць» і «Фарбы фестывалю». Для маладзёжнай аўдыторыі прапануецца «Фестывальны калейдаскоп» – канцэртная праграма кавер-бэнда, фаер-шоу «Агні фестывалю», канцэртная праграма замежных студэнтаў вышэйшых навучальных устаноў Гродна «Вянок дружбы», творчая пляцоўка «Харавод студэнцтва».

Зроблены акцент і на Год гістарычнай памяці. У галерэі імя Тызенгаўза пройдзе круглы стол «Беларусь – наш агульны дом: адзінства нацый і пакаленняў», а Гродзенская абласная навуковая бібліятэка імя Карскага правядзе дыскусію на тэму «Адзінства культуры і літаратуры: Беларусь – пляцоўка міралюбнасці». Плануецца прэзентацыя выставачных праектаў «Адзінства народаў – залог Вялікай Перамогі», «Беларусь – наш агульны дом», а таксама кніг «Сёстры Хатыні» і «Фестываль жыцця», прысвечанай гісторыі форуму.

Яшчэ адна асаблівасць сёлетняга фестываю нацыянальных культур – у трэці дзень, нядзелю, гасцей запросяць на Аўгустоўскі канал. Там чакаецца цікавая і насычаная праграма – гастрафэст, спаборніцтвы на тачках і па кіданні валёнак, конкурсы па паяданні сасісак і дранікаў. Для аматараў экстрыму арганізатары падрыхтавалі сапраўднае «Шоу асілкаў» – скручванне ў трубачку металічнай рыдлёўкі і завязванне ў вузел сталёвых цвікоў. Ну, і канечне, забяспечана прагулка на цеплаходзе па самім канале.

Так што, наперадзе нас чакае шматгалосае свята шматнацыянальнай Беларусі!

Наогул, фестывалі нацыянальных культур па вялікім рахунку – сімвал міру і міжнацыянальнага сяброўства на беларускай зямлі, яднання нацый і народнасцей, іх духоўнага багацця і творчага патэнцыялу. Гэта ўнікальная магчымасць убачыць сапраўднае сузор’е талентаў прадстаўнікоў розных нацыянальнасцей, якія жывуць і працуюць у Беларусі.

І заўсёды іх галоўная мэта – далейшая гарманізацыя міжнацыянальных адносін і развіццё шматвяковых традыцый нацыянальных аб’яднанняў Беларусі. А таксама папулярызацыя ўзораў мастацтваў, нацыянальнай кухні этнакультурных аб’яднанняў. І асабліва важна – што свята сцвярджае значнасць і запатрабаванасць кожнага грамадзяніна Беларусі, незалежна ад яго нацыянальнасці. Яно азначае адзінства і аб’яднанне ўсяго народа, захаванне сацыяльнай стабільнасці ў грамадстве.

Гэта асабліва актуальна зараз, калі варожыя сілы імкнуцца пасварыць народы, разбурыць шматгадовыя сувязі суседніх дзяржаў, стварыць напружанасць на межах. Падзеі апошніх гадоў і нават месяцаў даюць шмат негатыўных прыкладаў. А Беларусь заўсёды дэманструе прыклад міралюбнасці, талерантнасці і міжнацыянальнай згоды. І чарговы Рэспубліканскі фестываль нацыянальных культур – добрае таму сведчанне.

Я так думаю. А вы?

Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: