Падзяліцца:
«Урачам – нізкі паклон. Я так думаю. А вы?» Радыёблог Алены Давідовіч (аўдыё)
  • Перадача: Радыёблог
  • Дата: 06.04.2020
«Урачам – нізкі паклон. Я так думаю. А вы?» Радыёблог Алены Давідовіч (аўдыё)

«Дарагая Алена Міхайлаўна…» Мая рука міжволі пацягнулася напісаць словы шчырай падзякі пасля прагляду тэлесюжэта ў «Панараме». На экране была яна… Нават праз спецыяльныя акуляры ахоўнага камбінезона выразна праглядаліся стомленыя вочы, а мяккі знаёмы голас спакойна расказваў пра адпрацаваны да дробязей пратакол работы з цяжкімі пацыентамі. Яна і сёння на перадавой, як і 20 гадоў таму, калі лячыла маю дачку. Алена Блатун, загадчыца аддзялення паветрана-кропельных інфекцый Гарадской інфекцыйнай клінічнай бальніцы Мінска, цяпер кожны дзень, апрануўшы спецыяльны касцюм, ідзе ў палаты да хворых, каб перамагчы каварны каранавірус. Як і яе калегі ў многіх іншых медыцынскіх установах.

Дарэчы, урачы-інфекцыяністы, вірусолагі заўсёды былі на пярэднім краі барацьбы з інфекцыйнымі захворваннямі, часта рызыкуючы сваім жыццём. Дастаткова ўзгадаць рускіх мікрабіёлагаў Мікалая Гамалея і Іллю Мечнікава, якія на сабе ставілі эксперыменты, каб знайсці вакцыны ад халеры, тыфу. А іх калега, адэскі ўрач Восіп Мачуткоўскі, яшчэ задоўга да Першай сусветнай вайны ў пошуках паратунку ад сыпнога тыфу ўводзіў сабе кроў інфіцыраваных хворых. І самы свежы прыклад. Усім вядомы гастрыт доўгі час лічыўся неінфекцыйным захворваннем. І вось аўстралійцы Робін Уорэн і Бары Маршал адкрылі мікроб хелікабактар і, каб пераканаць апанентаў, што менавіта ён выклікае гастрыт, выпілі заражаны напой і захварэлі. А потым з дапамогай антыбіётыкаў вылечыліся і ў 2005 годзе атрымалі Нобелеўскую прэмію за сваё адкрыццё.

А колькі радавых урачоў падчас розных эпідэмій (ці свіны грып, ці ліхарадка Эбола) адпраўляліся па ўласнай ініцыятыве ў ачагі інфекцый, ратуючы сотні і тысячы людзей. І сёння яны рызыкуюць, выходзячы адзін на адзін з небяспечнай інфекцыяй. Таму ва ўсім свеце – ад Кітая да Італіі – людзі гавораць ім вялікі дзякуй за адданасць справе.

Яшчэ сто гадоў таму ўрач-гігіеніст Мікалай Сямашка прапанаваў новую, цэнтралізаваную сістэму аховы здароўя. І галоўная на той час мэта – спыніць распаўсюджванне інфекцыйных захворванняў і эпідэмій – была дасягнута! Беларуская сістэма аховы здароўя грунтуецца на спадчыне акадэміка Сямашкі. І сёння яна дапамагае эфектыўна змагаццца з сучаснымі выклікамі. Таму і нам самы час аддзячыць сваім, беларускім медыкам: урачам-інфекцыяністам, эпідэміёлагам, вірусолагам, реаніматолагам, мядсёстрам, лабарантам, усім, хто на пярэднім краі барацьбы з каранавірусам. Гэта яны героі нашага часу, верныя клятве Гіпакрата і свайму грамадзянскаму доўгу. І, думаю, мы павінны дапамагчы ім у гэтай нялёгкай барацьбе. І ўжо дапамагаем. З’явіліся добрыя ініцыятывы, накіраваныя на падтрымку ўрачоў.

Адзін са сталічных рэстаранаў пачаў забяспечваць іх гарачым харчаваннем, а мінская служба таксі дае магчымасць бясплатна карыстацца яе паслугамі. Ёсць гасцінныя гаспадары кватэр, якія прапануюць камандзіровачным урачам бясплатны пастой. Адгукнуўся на гэту справу і гасцінічны сэрвіс. Некалькі фірм сталі шыць ахоўныя маскі, а некаторыя бяруцца з дапамогай 3d прынтара вырабіць шматразовыя ахоўныя шчыткі. Беларускія музыканты вырашылі штодня ладзіць анлайн-марафоны ў падтрымку беларускіх медыкаў. Усе сабраныя сродкі падчас трансляцый будуць накіроўваць на дабрачынны рахунак для набыцця неабходнага абсталявання, сродкаў аховы для ўрачоў і лекаў для барацьбы з COVID-19. А вядомыя асобы, як, напрыклад, тэнісіст Уладзімір Самсонаў, ахвяруюць вялікія грошы. Для гэтага галіновае міністэрства адкрыла дабрачынны рахунак.

Упэўнена, народзіцца яшчэ шмат карысных ініцыятыў у падтрымку нашых дарагіх урачоў. Але галоўнае, каб кожны з нас дасканала выконваў іх парады: мыць рукі, пазбягаць лішніх кантактаў, аберагаць нашых бабуль і дзядуль і гэтак далей. Я так думаю, а вы?

P.S. Мая дарагая, не, наша дарагая Алена Міхайлаўна ў сваім напружаным графіку знайшла хвілінку для адказу і пажадала ўсім нам берагчы здароўе!

Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: