Беларусь і Расія адзначылі 30-ю гадавіну ўстанаўлення дыпламатычных адносін. Напярэдадні нашу рэспубліку наведаў Міністр замежных спраў Расіі Сяргей Лаўроў. Перагаворам у МЗС папярэднічала мерапрыемства на вышэйшым узроўні – кіраўніка расійскага МЗС прыняў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка. Абстаноўка хутка мяняецца, і ў знешнепалітычнай сферы ёсць што абмеркаваць. Беларускі лідар звярнуў увагу, што цяпер у Беларусі і Расіі адносіны асаблівага характару. Час такі: у свеце не слухаюць дыпламатаў. Ні адна міжнародная пляцоўка выніку не дае. І ўсё ж дыпламатыя павінна працаваць. Нават ва ўмовах гібрыднай вайны, якая вядзецца супраць нашых дзяржаў. У такіх умовах нам даводзіцца абараняцца, супраціўляцца. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на сустрэчы з міністрам замежных спраў Расіі Сяргеем Лаўровым, што Беларусь і Расія могуць выбудаваць такую канструкцыю адносін, што нам пазайздросцяць у свеце.
Натуральна, што адпаведная тэматыка абмяркоўвалася і непасрэдна на ўзроўні міністраў замежных спраў. Па выніках перагавораў падпісана сумесная заява. Да юбілею беларуска-расійскіх дыпламатычных адносін кіраўнікі знешнепалітычных ведамстваў разам з міністрам сувязі і інфарматызацыі прынялі ўдзел у гашэнні паштовага канверта з выявай будынкаў пасольстваў Беларусі і Расіі.
За 30 гадоў Беларусь і Расія ўмацавалі адносіны саюзніцтва і стратэгічнага партнёрства, заснаваныя на прынцыпах Дагавора аб стварэнні Саюзнай дзяржавы, падпісанага 8 снежня 1999 года. Новыя ж інтэграцыйныя дамоўленасці нацэлены на збліжэнне макраэканамічнай і гарманізацыю грашова-крэдытнай палітыкі, фарміраванне адзінай транспартнай прасторы, пабудову аб'яднаных рынкаў электрычнай энергіі, газу, нафты і нафтапрадуктаў, правядзенне адзінай прамысловай, аграрнай, падатковай, гандлёвай і мытна-тарыфнай палітыкі.
Шмат намаганняў абедзве краіны прыкладаюць для развіцця інтэграцыі. Дасягненні саюзнага будаўніцтва могуць служыць арыенцірам для іншых краін у рэгіянальных інтэграцыйных працэсах, – гаворыцца ў сумеснай заяве. Міністры таксама падкрэслілі паспяховасць і запатрабаванасць Еўразійскага эканамічнага саюза. Залог паспяховасці далейшага яго развіцця – сумесная планамерная і добрасумленная работа па рэалізацыі палажэнняў Стратэгічных напрамкаў развіцця еўразійскай эканамічнай інтэграцыі да 2025 года. Бакі разлічваюць, што ў канчатковым выніку ЕАЭС павялічыць сваю вагу ў сусветнай гандлёва-эканамічнай сістэме і стане адным з найбольш значных цэнтраў развіцця сучаснага свету.
Найважнейшы напрамак інтэграцыі – у рамках Дагавора аб калектыўнай бяспецы. Ёсць поспехі супрацоўніцтва Беларусі і Расіі ў АДКБ. Набыты першы станоўчы вопыт міратворчасці ў ходзе крызісных падзей у Казахстане ў студзені 2022 года, калі АДКБ прадэманстравала здольнасць дзейнічаць аператыўна, рашуча і ў рамках прававога поля. Важна забяспечыць далейшае развіццё патэнцыялу АДКБ па падтрыманні бяспекі і стабільнасці, у тым ліку ў нарошчвання дзяржавамі-членамі намаганняў па сумесным процідзеянні спробам знешняга дэструктыўнага ўмяшання ў зону адказнасці арганізацыі.
Беларусь і Расія аб'ядноўваюць намаганні і патэнцыялы эканомік для супрацьдзеяння неправамернаму санкцыйнаму ціску трэціх краін. Заўважу, санкцыйны ціск становіцца толькі каталізатарам умацавання беларуска-расійскіх адносін не толькі ў палітыцы, але і гандлёва-эканамічнай сферы. Як грыбы пасля дажджу з'яўляюцца новыя праекты, аператыўна вырашаюцца пытанні фінансавання, а часам і здымаюцца шматгадовыя бар'еры і набалелыя пытанні, па якіх гадамі не ўдавалася дасягнуць кансенсусу. Пра развіццё нашага супрацоўніцтва наглядней за ўсё гавораць лічбы тавараабароту паміж Беларуссю і Расіяй. У студзені-красавіку гэтага года ён павялічыўся ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года больш як на 10 працэнтаў. Ні для каго не сакрэт, што прадукцыя беларускіх і расійскіх прадпрыемстваў папулярная і запатрабаваная ў абедзвюх краінах.
Іншымі словамі, усё назапашанае Беларуссю і Расіяй за 30 гадоў пераконвае, што нашы краіны здольныя выбудоўваць такую канструкцыю адносін, што нам пазайздросцяць у свеце.