Падзяліцца:
«Вердыкт. Асаблівасці ўступнай кампаніі-2021». Радыёблог Леаніда Новікава (аўдыё)
  • Перадача: Радыёблог
  • Дата: 28.07.2021
«Вердыкт. Асаблівасці ўступнай кампаніі-2021». Радыёблог Леаніда Новікава (аўдыё)

Фарміраванне кадравага патэнцыялу краіны ідзе ўжо сёння. Прыёмная кампанія ў ВНУ ў самым разгары. Вядомы вынікі цэнтралізаванага тэсціравання: у Беларусі 100 балаў паказалі 379 удзельнікаў ЦТ па 13 вучэбных прадметах. У гэтым годзе ў ЦТ узялі ўдзел больш за 60 тысяч маладых людзей.

Завяршыўся чарговы этап прыёмнай кампаніі – падача дакументаў на бюджэтнае навучанне па першай ступені вышэйшай адукацыі. Па 9 жніўня працягнецца прыём дакументаў ад абітурыентаў, якія вырашылі атрымліваць адукацыю на платнай аснове. Залічэнне на бюджэт завершыцца 5 жніўня, на платную форму навучання –11 жніўня.

Вядомыя новыя спецыяльнасці, па якіх у гэтым годзе праводзіцца набор. Так, у БНТУ адкрыты набор на прамысловы дызайн транспартных сродкаў і прамысловы дызайн вытворчага абсталявання. У БДУ з'явіліся «Рэгіёназнаўства» і «Эканамічная бяспека». А Беларуская дзяржаўная акадэмія авіяцыі пачне падрыхтоўку па спецыяльнасці «Лётная эксплуатацыя паветраных суднаў грамадзянскай авіяцыі». Упершыню будуць рыхтаваць пілотаў грамадзянскай авіяцыі. У Беларускім дзяржаўным тэхналагічным універсітэце сёлета адкрыты набор па новай спецыяльнасці «Мехатронныя сістэмы і абсталяванне дрэваперапрацоўчых вытворчасьцей». Выпускнікі будуць валодаць ведамі не толькі ў галіне механічнай апрацоўкі драўніны, але таксама ўсяго спектру сучасных інжынерных ведаў, якія базуюцца на сінэргетыцы механікі, электратэхнікі, мехатронікі, робататэхнікі і праграмавання. Ёсць упэўненасць ВНУ, якія іх адкрылі, што гэтыя спецыяльнасці будуць запатрабаваныя абітурыентамі.

Каб быць больш інфарматыўным у сваім радыёблогу, я глыбей пазнаёміўся з прыёмнай кампаніяй Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта. Сустрэўся з рэктарам, дэканамі, адказным сакратаром прыёмнай камісіі, абітурыентамі. Выбар невыпадковы – ВНУ споўнілася 90 гадоў. БДТУ і яго 8 факультэтаў падтрымліваюць кадравы баланс лясной, хімічнай, нафтахімічнай, фармацэўтычнай галін. Рыхтуюць кадры для паліграфічнай сферы, ІТ. Ад трох спецыяльнасцей лесатэхнічнага профілю за 9 дзесяцігоддзяў ВНУ вырасла да 33 спецыяльнасцей. І сёння ў ёй навучаецца 17 тысяч студэнтаў. Выпускнікі Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта ідуць працаваць у рэальны сектар эканомікі, на прамысловыя прадпрыемствы-гіганты. Яны атрымліваюць першае працоўнае месца ў досыць аплачваемай сферы. Але ў любым выпадку павінна быць разумная прафарыентацыйная работа, каб пасля першага курса не прыйшлося змяняць ВНУ.

Я выкладаю другакурснікам БДТУ філасофію. І да другога курсу шэрагі студэнтаў парадзелі. Адно, што ў тэхнічнай ВНУ вучыцца нялёгка. З гэтым звязаны адсеў. А некаторыя сапраўды памыліліся з выбарам прафесіі і ВНУ. Каб такіх памылак было менш, на факультэце лясной інжынерыі, матэрыялазнаўства і дызайну, які актыўна супрацоўнічае з прадпрыемствам «Амкадор», штогод у перыяд прыёмнай кампаніі арганізуецца выстава навінак прадпрыемства з прэзентацыяй ўкладу навукоўцаў і студэнтаў у распрацоўку машын. Праз стварэнне кафедры на гэтым прадпрыемстве навука атрымлівае сувязь з вытворчасцю.

Мой вопыт працы ў ВНУ прывёў да такіх жыццёвых назіранняў. Мы рыхтуем-рыхтуем кадры для розных галін. Але калі не думаць аб замацаванні кадраў, то маладыя спецыялісты, прыехаўшы на месца размеркавання, адпрацоўваюць належны тэрмін і знікаюць. Гэта як бег на месцы. Дашлюць новых і таксама на час. І такіх, хто мяняе прафесію на іншую, прыбытковую, нямала. Адну выпускніцу факультэта пачатковай адукацыі я сустрэў сярод кіраўніцтва прадпрыемства па вытворчасці чыпсаў. Так можна рыхтаваць спецыялістаў без канца і заўсёды будзе іх дэфіцыт. Выйсце адно – адрэгуляваць праз зарплату і іншыя механізмы ўтрыманне спецыялістаў. Справа не толькі ў выбары прафесіі на старце, але і ў забеспячэнні працы адпаведных прафесій, каб не прыйшлося мець справу з дэфіцытам кадраў у той ці іншай сферы.

Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: