Падзяліцца:
«Вердыкт. Беларусь – Кітай: 30 гадоў супрацоўніцтва і сяброўства». Радыёблог Леаніда Новікава (аўдыё)
  • Перадача: Радыёблог
  • Дата: 13.01.2022
«Вердыкт. Беларусь – Кітай: 30 гадоў супрацоўніцтва і сяброўства». Радыёблог Леаніда Новікава (аўдыё)

Беларусь і Кітай напярэдадні важнай даты ў двухбаковых адносінах – 30-годдзя ўстанаўлення дыпламатычных адносін. Сёння супрацоўніцтва Мінска і Пекіна поўнасцю адпавядае ўзаемным доўгачасовым стратэгічным інтарэсам. Яно не залежыць ні ад якіх кан'юнктурных ваганняў, таму што адпавядае спадзяванням нашых народаў.

Супрацоўніцтва дзвюх дзяржаў у палітычнай сферы за мінулыя 30 гадоў развівалася спакойна і разам з тым дастаткова дынамічна, паслядоўна, сістэмна, ніколі не перарываючыся. Гэта асаблівасць пераканаўча пацвярджаецца рэгулярнымі ўзаемнымі візітамі на вышэйшым і высокім узроўнях і падпісанымі шасцю сумеснымі дэкларацыямі, Сумеснай заявай і Дагаворам аб дружбе і супрацоўніцтве. Менавіта дыялектычная ўзаемасувязь палітычнага, эканамічнага, навуковага і гуманітарнага супрацоўніцтва Беларусі і Кітая выступае базісам стасункаў. Кожны чарговы больш высокі ўзровень палітычных адносін і палітычнага ўзаемадаверу натуральна стымуляваў пашырэнне і паглыбленне кантактаў у іншых сферах – навуковай, гуманітарнай, бяспекі і абароны. Сфарміраваны за 30 гадоў узровень палітычнага супрацоўніцтва і ўзаемадаверу дае каласальныя магчымасці для значна больш шырокага і глыбокага беларуска-кітайскага ўзаемадзеяння ва ўсіх без выключэння сферах.

Адносіны КНР і Беларусі вытрымалі выпрабаванні міжнароднай абстаноўкай, якая імкліва змяняецца. На гэта звярнуў увагу цяперашні кітайскі пасол у Беларусі Се Сяаюн – напярэдадні на канферэнцыі, што прайшла ў Рэспубліканскім інстытуце кітаязнаўства імя Канфуцыя Белдзяржуніверсітэта. Як лічыць пасол, 30-годдзе з дня ўстанаўлення дыпламатычных адносін паміж Кітайскай Народнай Рэспублікай і Рэспублікай Беларусь – агульнае свята для нашых народаў.

Напярэдадні Старшыня КНР Сі Цзіньпін і Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў тэлефоннай размове высока ацанілі дасягненні двухбаковых адносін за 30 гадоў і пазначылі будучы напрамак развіцця дзвюх краін. На працягу гэтых трох дзесяцігоддзяў беларуска-кітайскія адносіны захавалі жыццяздольнасць і энергію, дасягнулі значных вынікаў супрацоўніцтва ў розных галінах. Кітай і Беларусь сталі па-сапраўднаму блізкімі братамі, узаемавыгаднымі партнёрамі і добрымі сябрамі, якія падтрымліваюць пастаянную сувязь. Дыпламатыя Кітая бачыць сакрэт у тым, што развіццё адносін дзвюх краін адпавядае карэнным інтарэсам народаў.

Кітай – адна з першых краін, што прызналі незалежнасць Беларусі і ўстанавілі з ёй дыпламатычныя адносіны. Тройчы, прыступка за прыступкай, узнімаліся кітайска-беларускія стасункі: ад "сяброўскіх адносін супрацоўніцтва" да "адносін усебаковага стратэгічнага партнёрства", а таксама аж да "адносін давернага ўсебаковага стратэгічнага партнёрства і ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва". Што важна для нас: Кітайская Народная Рэспубліка паважае шлях развіцця, выбраны беларускім народам, заўсёды цвёрда падтрымлівае Беларусь у абароне дзяржаўнага суверэнітэту і нацыянальнай годнасці, выступае супраць умяшання знешніх сіл ва ўнутраныя справы нашай краіны і супраць неабгрунтаваных аднабаковых санкцый у адносінах да яе. Беларускі бок у сваю чаргу аказвае цвёрдую падтрымку кітайскаму боку па пытаннях, якія датычацца карэнных інтарэсаў Пекіна (перш за ўсё – па пытаннях Тайваня, Сіньцзяна, Сянгана).

Глабальнае пытанне развіцця супрацоўніцтва Беларусі і КНР – сумеснае адстойванне правоў на выбар шляху развіцця, сацыяльна-эканамічнай мадэлі, канстытуцыйнага ладу, тэрытарыяльнай цэласнасці, – адзначыў на канферэнцыі першы віцэ-прэм'ер, сустаршыня беларуска-кітайскага міжурадавага камітэта па супрацоўніцтве, экс-пасол у Кітаі Мікалай Снапкоў. Ён звярнуў увагу на вялікую ролю лідараў дзвюх краін у імклівым развіцці ўзаемадзеяння.

Сённяшні стан і будучыня нашых адносін фарміруецца на ідэі старшыні КНР Сі Цзіньпіна аб стварэнні супольнасці адзінага лёсу. Мірнае суіснаванне дзяржаў з рознымі сацыяльнымі сістэмамі не страціла сваёй актуальнасці пасля заканчэння “халоднай вайны”. Пры гэтым сузалежнасць дзяржаў ніхто не адмяняў. У сучаснай архітэктуры міжнародных адносін бяспека і дабрабыт не толькі малых і сярэдніх краін залежыць ад буйных, але і наадварот. Бо збоі на лагістычных маршрутах, лакдаўны, закрыццё межаў, міграцыйныя патокі і іншыя з'явы істотна адбівацца на эканамічным становішчы і бяспецы краін. Асабліва гэта тычыцца тэрыторый на перакрыжаванні сусветных гандлёвых шляхоў, якія маюць статус вузлавых у межах "Поясу і шляху". Адной з такіх тэрыторый з'яўляецца Беларусь.

Найярчэйшы праклад нашага супрацоўніцтва – Кітайска-Беларускі індустрыяльны парк "Вялікі камень", пабудаваны з удзелам кітайскіх прадпрыемстваў. Гэта знакавы і ўзорны праект супрацоўніцтва дзвюх краін па ініцыятыве "Адзін пояс, адзін шлях". За 6 гадоў парк стаў цэнтрам прыцягнення тэхналогій і капіталу для кампаній з усяго свету. Цяпер тут зарэгістраваны 85 рэзідэнтаў. Геаграфія іх заснавальнікаў ахоплівае 15 краін. Прадпрыемствы "Вялікага каменя" пастаўляюць прадукцыю і паслугі ў 20 краін. Аб'ём заяўленых інвестыцый перавышае $1 млрд. Прадпрыемствамі "Вялікага каменя" створана больш за 1700 працоўных месцаў з заробкам вышэйшым, чым у сярэднім па краіне.

Глабальныя пытанні, якія стануць апорнай канструкцыяй беларуска-кітайскіх адносін на бліжэйшыя дзесяцігоддзі, – гэта сумеснае адстойванне правоў суверэнных дзяржаў на выбар уласнага шляху развіцця, сацыяльна-эканамічнай мадэлі, канстытуцыйнага ўладкавання, тэрытарыяльнай цэласнасці, а таксама фарміраванне і падтрыманне стабільнасці стратэгічных камунікацый Кітая ў рэгіёне Еўразіі.

Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся:
Войти как пользователь
Вы можете войти на сайт, если вы зарегистрированы на одном из этих сервисов: