1 верасня, у Дзень ведаў, вучні, іх бацькі, педагогі заклапочаныя праблемай падрыхтоўкі новай змены для краіны. Гэта найпершы клопат дзяржавы. Пра гэта чарговы раз заяўлена падчас нядаўняга наведвання Прэзідэнтам Белдзяржуніверсітэта. На гэтай нарадзе па актуальных пытаннях дзейнасці ВНУ абмеркаваны праблемы, якія ёсць яшчэ ў сістэме вышэйшай школы. Удасканаленне яе чакаецца і надалей.
Новая рэдакцыя правілаў прыёму ў ВНУ зацверджана ў студзені, каб выпускнікі маглі выбудаваць сваю траекторыю паступлення ва ўстановы вышэйшай адукацыі, ведаючы новыя ўмовы. Мы можам бачыць, як па выніках прыёмнай кампаніі гэта спрацавала. Бал, атрыманы на цэнтралізаваным экзамене, уплываў не толькі на атэстат, але і на далейшае паступленне ў выбраную ўстанову вышэйшай адукацыі. Выбар даваў магчымасць выпускнікам павысіць сярэдні бал атэстата, вызначыўшы для здачы ЦЭ найбольш лёгкі для сябе экзамен, бо ў дакумент выстаўлялася адзнака як сярэдняе арыфметычнае паміж гадавой і атрыманай на экзамене. Быў час на падрыхтоўку да найбольш складанага для навучэнца іспыту.
Важнае новаўвядзенне ўступнай кампаніі – новыя траекторыі паступлення ў ВНУ. У першую чаргу гэта павелічэнне льгот для пераможцаў міжнародных, рэспубліканскіх і ўніверсітэцкіх алімпіяд, выпускнікоў Нацыянальнага дзіцячага тэхнапарку, ліцэяў і медалістаў. У другую – магчымасць быць залічанымі па выніках унутранага экзамену для выпускнікоў каледжаў, абітурыентаў, якія паступаюць на асобныя спецыяльнасці гуманітарнага профілю, творчай накіраванасці і ў галіне фізічнай культуры, а таксама па выніках сумоўя для навучэнцаў педагагічных, спартыўна-педагагічных, аграрных і ваенна-патрыятычных класаў.
Хаця ў гэтага новаўвядзення ёсць адзін спрэчны, на мой погляд, момант – абясцэньванне школьнага медаля. Прывяду прыклад нашай сям'і. Мой унук Кірыл – адзіны ў сваёй школе залаты медаліст. Але нават з медалём ён, верагодна, не меў бы шанцаў паступіць на бясплатнае, калі б пры гэтым не меў яшчэ і першы дарослы разрад па баскетболе. Да таго ж, Кірыл – яшчэ і віп-ігрок знакамітай баскетбольнай каманды. У выніку, ён – студэнт БДУІР, бацькі і бабулі з дзядулямі рады.
Асобна варта сказаць пра мэтавы набор. Гэта магчымасць забяспечыць сабе надзейнае месца працы на жаданым прадпрыемстве ці ў арганізацыі. Абітурыенты ў такім выпадку паступалі па асобным конкурсе са здачай аднаго вуснага ўнутранага іспыту. На новых умовах паступалі выхаванцы ваенна-патрыятычных клубаў і ўдзельнікі заключнага этапа рэспубліканскай алімпіяды, узнагароджаныя пахвальным водгукам. Першымі залічваліся па-за конкурсам ва ўстановы вышэйшай адукацыі, падпарадкаваныя сілавым структурам і на ваенныя факультэты, другія – на найбольш запатрабаваныя эканомікай спецыяльнасці. Так што пашырыліся магчымасці ўлічыць працу навучэнцаў і сацыяльную актыўнасць у школьныя гады.
Калі выпускнік школы або гімназіі не трапіў пад пералічаныя льготныя катэгорыі, у яго была магчымасць паступіць у жаданую ўстанову вышэйшай адукацыі на агульных падставах, прыклаўшы да існуючых двух сертыфікатаў ЦЭ і сярэдняга бала атэстата сертыфікат цэнтралізаванага тэсціравання па прадмеце, які быў выбраны для паступлення. Вядома, пры няўдалым збегу абставін пры паступленні ў чалавека была магчымасць паступіць на платную форму навучання.
Чарговы раз удасканаленая процэдура прыёму ў ВНУ і выпрацаваныя механізмы робяць уступную кампанію празрыстай і комфортнай. Хоць, як і ўсё новае, гэта нарадзіла сёлета нямала трывог у абітурыентаў і іх бацькоў, але дазволіла ім выбраць прапанаваную траекторыю ў прафесію. А таксама – у перспектыве забяеспечыць патрэбы эканомікі кваліфікаванымі кадрамі.