Беларусь увайшла ў перыяд электаральнай актыўнасці. І нам цікавыя асноўныя падыходы да вывучэння электаральных паводзінаў насельніцтва, выяўленне магчымасці прымянення напрацаванага вопыту іншых краін у Рэспубліцы Беларусь. Ёсць сэнс задацца пытаннем, наколькі выкарыстоўваецца сацыялагічны падыход і наколькі дасканалая ў Беларусі сацыялогія, каб яна адэкватна асвятляла электаральныя працэсы. Сацыялагічная супольнасць рэспублікі знаходзіцца ў стадыі сталасці і гатовая вырашаць сур'ёзныя задачы. Пра гэта сведчыць удзел беларускіх сацыялагічных цэнтраў у міжнародных даследаваннях. Гэта праект “Еўрапейскія каштоўнасці”, які ажыццяўляецца раз у пяць гадоў, праекты “Сусветныя каштоўнасці”, “Вывучэнне электаральнай гісторыі свету”, удзел у рамачнай праграме Еўрапейскай камісіі. Праз удзел у міжнародных праетках сцвярджаецца аўтарыэт беларускай сацыялогіі і ствараецца сфера для яе вядомасці і даверу.
Сацыёлагаў непакоіць, што пакуль не існуе паняцця сацыялагічная граматнасць, дзякуючы якой людзі маглі б даведацца, як праводзяцца даследаванні, як трэба ацэньваць вынікі іх, калі іх лічыць правільнымі. І галоўнае, каб кожны чалавек мог параўноўваць лічбы і высновы з уласным вопытам. І гэту дзейнасць па павышэнні сацыялагічнай культуры трэба пашыраць і развіваць рознымі спосабамі.
Сёння паўстае такое важнае пытанне: што ўяўляе сабой электаральная сацыялогія ў Беларусі. Электаральныя паводзіны – адзін з неабходных атрыбутаў палітычнага працэсу. Іх можна вызначыць як разнавіднасць палітычнага ўдзелу грамадзян, які ўключае ў сябе шэраг матываў, арыентацый, дзеянняў, мадэляў паводзін і праяўляецца найбольш актыўна ў перыяд выбараў. У электаральнай сацыялогіі трэба ведаць сутнасныя правілы. Яна – не просты разавы замер. Гэта комплекс мерапрыемстваў, які ўключае тры этапы: перадвыбарны замер, даследаванні ў дзень выбараў і пасля іх.
І яшчэ адзін важны момант – легальнасць работы сацыялагічных службаў. Яна дасягаецца праз акрэдытацыю ў Інстытуце сацыялогіі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Гэта працэдура не палітычная, а прафесіянальная. І патрэбна яна для павышэння прафесіяналізму. Даследаванні павіны праводзіць арганізацыі, дзе працуюць сацыёлагі-прафесіяналы, дзе захоўваюцца ўсе патрабаванні. Такім чынам да апытанняў і даследаванняў не будуць дапушчаны людзі і арганізацыі, якія не валодаюць прафесійным вопытам.
Значнасць выбараў як інстытута дэмакратычнага грамадства і перыядычнасць іх правядзення, роўна як і неабходнасць рэгулярнага ўдзелу грамадзян у палітычным жыцці дзяржавы, вызначаюць праблему даследавання электаральных паводзінаў як адну з самых актуальных. Важнае месца ў дзейнасці сацыёлагаў сёння адводзіцца адказнасці, супрацьстаянню падробак на электаральным полі, данясенню да людзей праўдзівай інфармацыі.