Беларусь рыхтуецца да правядзення шостага Усебеларускага народнага сходу. Ужо адбылося першае пасяджэнне рэспубліканскага аргкамітэта. Створаны неабходныя рабочыя органы, якім трэба падрыхтаваць прапановы па даце, парадку правядзення сходу, колькасці яго ўдзельнікаў, а таксама па пытаннях, якія плануецца вынесці на абмеркаванне.
Сёння мы паразважаем пра важнасць народнага сходу і паглыбімся ў гісторыю плебісцытаў на беларускіх землях у даўнія часы.
Усенародных сходаў у Беларусі ўжо праведзена пяць. Пачатак іх правядзенню быў пакладзены ў кастрычніку 1996 года. Другі праведзены ў маі 2001 года, трэці ў сакавіку 2006-га, чацвёрты ў снежні 2010-га, пяты ў чэрвені 2016 года. Кожны з іх мае свае асаблівасці.Спосаб палітычнай самаарганізацыі – вечавыя сходы ў старажытным Полацку – на думку большасці гісторыкаў, бяруць свой пачатак з родаплемянных адносін. Пры паступовай іх трансфармацыі ў феадальныя веча такія форумы то практычна знікаюць ў IX-X стагоддзях, то зноў адраджаюцца ў сярэдзіне XI-га. І, нарэшце, набіраюць сілу з XII стагоддзя, аж да паступовага знікнення ў XV стагоддзі.
Усебеларускі народны сход можна разглядаць як адраджэнне вечавых традыцый. Гэта агульны сход прадстаўнікоў розных сфер беларускага грамадства. На сход вылучаюцца дэлегаты з усіх рэгіёнаў краіны. Ацэньваецца дзеянне ўлады за папярэднія пяць гадоў і вызначаюцца асноўныя напрамкі развіцця дзяржавы на будучы пяцігадовы тэрмін.
Правядзенне Усебеларускага народнага сходу з'яўляецца асабліва значнай для краіны формай народаўладдзя. Менавіта на гэтай пляцоўцы найбольш поўна рэалізуецца канстытуцыйнае права грамадзян нашай краіны ўдзельнічаць у абмеркаванні надзённых пытанняў дзяржаўнага і грамадскага значэння. Гэта сапраўды важная падзея, якая шмат у чым вызначае стратэгічныя напрамкі руху Беларусі.
Сёння ўжо можна гаварыць аб асноўнай праблематыцы бліжэйшага форуму. Найбольш важнае пытанне, без сумнення, аб канстытуцыйнай рэформе. Пра гэта сведчыць і абмеркаванне актуальных тэм на дыялогавых пляцоўках. Пераважная большасць удзельнікаў дыялогу выказваецца, што найбольш рацыянальны падыход – не ламаць існуючую палітычную сістэму, а ўдасканальваць яе.
Важна, каб на Усебеларускім народным сходзе прагучалі розныя меркаванні, але ўсе яны павінны быць накіраваны на тое, каб зрабіць Беларусь больш моцнай. Для гэтага варта забяспечыць вылучэнне найбольш кампетэнтных кандыдатур, запрасіць да ўдзелу грамадзян з канструктыўнымі прапановамі, вядома ж, не абысціся без палітычных партый і грамадскіх аб'яднанняў. Сход для таго і праводзіцца, каб розныя погляды знайшлі ўвасабленне ў лёсавызначальных рашэннях.
У чым жа адрозненне цяперашняга Усебеларускага народнага сходу ад папярэдніх? Найважнейшым момантам, які неабходна аб'ектыўна ўлічваць, з'яўляецца санітарна-эпідэміялагічная сітуацыя. Яна вымушае шукаць аптымальнае рашэнне, каб правесці мерапрыемства без рызыкі для здароўя грамадзян.
Плануецца абмеркаваць не толькі ўдасканаленне грамадска-палітычнай сістэмы. Вядома, падмуркам для ўсяго з'яўляецца эканоміка, таму ключавым пытаннем будзе абмеркаванне Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 2021-2025 гады. Гэта базавы прагнозны дакумент, які традыцыйна выносіцца на разгляд і зацвярджэнне сходам і вызначае мэтавыя параметры на пяцігодку.
Цяперашняя сітуацыя ў краіне патрабуе, каб мерапрыемства не забюракратызавалася. А для гэтага важна, каб сход аб’яднаў прыхільнікаў розных поглядаў у адзінай мэце – агульнанацыянальнай кансалідацыі, якая сёння так патрэбна ў беларускім грамадстве.