Лічаныя месяцы застаюцца да запланаванага рэферэдума па абноўленай Канстытуцыі Беларусі. Дапрацоўка праекта Асноўнага закона краіны і падрыхтоўка да правядзення канстытуцыйнай рэформы — прыярытэт для людзей, якія прымаюць непасрэдны ўдзел у гэтым працэсе. Зараз над тэкстам Асноўнага закона дбайна працуюць Канстытуцыйная камісія і спецыяльная рабочая група. Нядаўна абмеркаваны канкрэтныя напрамкі дзейнасці групы па розных пытаннях, у тым ліку адносна статусу Усебеларускага народнага сходу, паўнамоцтваў розных органаў і іншых палажэнняў Канстытуцыі.
Работа ідзе скрупулёзная, напружаная, вельмі сур'ёзная. Таму што Канстытуцыя рыхтуецца на далёкую перспектыву. Па ёй беларусам жыць гады і дзесяцігоддзі. Гэта сур'ёзны дакумент, нават эпахальны. Трэба глядзець наперад, як ён будзе працаваць далей, якія ў нас сёння рызыкі, выклікі і пагрозы, і якія будуць заўтра. Гэта не проста – сесці і напісаць юрыдычныя фармуліроўкі. Трэба зыходзіць з вопыту папярэдніх пакаленняў, гісторыі незалежнай Беларусі і апошніх паўтара-двух гадоў, спрагназаваць, як развівацца краіне.
Цяпер распрацоўшчыкам праекта Канстытуцыі трэба будзе прыняць канкрэтныя рашэнні наконт фарміравання і колькаснага складу Усебеларускага народнага сходу. Выпрацоўваюцца падыходы, як будзе фарміравацца гэты орган. Дарэчы, прамога аналагу няма ні ў адной краіне. Гэта нашае ноў-хаў, інавацыя беларусаў. Сама назва – Усебеларускі народны сход – мяркуе шырокае сацыяльнае прадстаўніцтва. Трэба прапісаць, як рэгіёны будуць прадстаўлены, якое месца ў ім дэпутатаў. Па колькасці таксама пакуль яшчэ няма адзінства ні ў Канстытуцыйнай камісіі, ні ў рабочай групы. Але галоўныя задачы зразумелыя – прадстаўляць усе пласты грамадства, быць у меру кампактным і негрувасткім. Над такімі дастаткова складанымі пытаннямі на гэтым этапе працуе група. Шмат пытанняў узнікае і з пераразмеркаваннем паўнамоцтваў, перадачай часткі іх Усебеларускаму народнаму сходу.
У цяперашняй Канстытуцыі прадугледжана працэдура імпічменту кіраўніку дзяржавы, але рэалізаваць яе практычна немагчыма. Прэзідэнт у свой час растлумачыў такое палажэнне. У той час, калі фарміравалася цяперашняя Канстытуцыя, у сярэдзіне 1990-х, у грамадстве быў раздрай, і патрэбна была моцная ўлада. Прэзідэнт тады павінен быў дзейнічаць, не апасаючыся, што яго заўтра могуць, вобразна кажучы, «змесці» з пасады.
Дарэчы, моцная ўлада патрэбна нам і сёння. Таму ў многіх людзей складваецца меркаванне, што рэформа — пры ўсіх будучых зменах — павінна пакінуць Беларусь прэзідэнцкай рэспублікай.
У Адміністрацыі Прэзідэнта лічаць, што ў цэлым працэс дапрацоўкі Асноўнага закону зойме каля месяца. Да канца лістапада ці да снежня, магчыма, удасца выйсці на ўсенароднае абмеркаванне праекта. Ніхто, акрамя нас саміх, не паклапоціцца пра росквіт Беларусі. І гэтую ісціну трэба данесці да людзей падчас усенароднага абмеркавання праекта Канстытуцыі. У дэпутатаў тут важная роля і місія – не проста тлумачыць прапанаваныя змены, але і на дыялогавых пляцоўках, сустракаючыся з працоўнымі калектывамі, на асабістых прыёмах грамадзян атрымліваць аб'ектыўную інфармацыю пра меркаванні выбаршчыкаў па асноўных пытаннях. Вынікам грамадскага абмеркавання канстытуцыйных навацый павінен стаць агульнанацыянальны кансэнсус.
У наступным годзе краіне трэба зрабіць лёсавызначальны выбар, ад якога вельмі шмат залежыць. Вынікі рэспубліканскага рэферэндуму павінны стаць усвядомленым і адказным рашэннем народа, які самастойна піша сваю гісторыю.