Падзяліцца:
«Вердыкт. Памяці штурмана айчыннай журналістыкі Рыгора Булацкага». Радыёблог Леаніда Новікава (аўдыё)
  • Перадача: Радыёблог
  • Дата: 05.05.2021
«Вердыкт. Памяці штурмана айчыннай журналістыкі Рыгора Булацкага». Радыёблог Леаніда Новікава (аўдыё)

Сёння ў Беларусі адзначаецца Дзень друку, які стаў святам журналістаў, як савецкіх, так і ў незалежнай Беларусі. Так супала, што ў гэты дзень сто гадоў таму нарадзіўся Рыгор Васільевіч Булацкі, які стаў гісторыкам друку, стваральніком факультэта журналістыкі БДУ і яго дэканам на дзесяцігоддзі. Праз яго лёс прайшлі сотні творчых асоб, якімі ганарыцца краіна. І мне пашчасціла вучыцца ў гэтай школе Булацкага. Сам жа ён – чалавек незвычайнага лёсу і нават легендарнага. Вось пра гэта і паразважаем у юбілейны дзень.

Яшчэ студэнтамі мы з цікавасцю даведаліся, што ў ваенны час Рыгор Васільевіч са сваімі таварышамі па лётным вучылішчы Ульянавым і Пятровым уклалі ўласныя зберажэнні на набыццё самалёта. Дзякуючы гэтаму, ім удалося першымі з выпуска трапіць на фронт і ваяваць на самалёце, які, праўда, нельга назваць уласным. Заўважце, пачын сяброў, які ажыццёўлены задоўга да ўчынка Ферапонта Галаватага, ухвалены стаўкай галоўнакамандуючага – была тэлеграма Сталіна «Булатскому» – прозвішча менавіта ў такой транскрыпцыі. У сувязі з гэтым варта ўспомніць, як пажылы селянін-пасечнік Ферапонт Галаваты, георгіеўскі кавалер у першую Сусветную вайну, камандзір эскадрона ў арміі Будзёнага ў грамадзянскую, у 1943 годзе дабіўся, каб яму дазволілі купіць знішчальнік «Як-1» на свае зберажэнні. Надпіс на борце сведчыў: «От Ферапонта Головатого на окончательный разгром врага». Захаваліся сведчанні пра кошт самалёта — 100 тысяч рублёў. На зварот дырэктара авіязавода Левіна ў Ваенны Савет ваенна-паветраных сіл Чырвонай Арміі з нагоды такой незвычайнай прапановы быў адказ: «Падзякаваць Ферапонта Галаватага за яго патрыятычны ўчынак, грошы ўнесці у дзяржбанк, у фонд абароны». Самалёт «Як-1» быў урачыста передадзены маёру Барысу Яроміну ў студзені 1943 года ў Саратаве. І такія выпадкі множыліся падчас вайны. Учынак ваенных сяброў Булацкага, Пятрова і Ульянава, быў у ліку першых. За ім стаяў парыў – трапіць на фронт і хутчэй біць фашыстаў, змяніць падрыхтоўку да палётаў на баявыя вылеты. Так таварышы першымі з курса трапілі на фронт.

У 60-я гады, калі ўжо Рыгор Булацкі быў дэканам факультэта журналістыкі, знайшліся так званыя «дабразычліўцы», што засумняваліся, ці быў такі факт у біяграфіі Рыгора Васільевіча. Напісалі ў Камітэт народнага кантролю. І Булацкага паклікалі ў парадку рэагавання на сігнал. Запыталіся, ці ёсць дакумент, што сапраўды заплаціў грошы за самалёт. Чыноўнікам ён тады адказаў: быў пачын, была тэлеграма са стаўкі галоўнакамандуючага, быў самалёт. І нават, каб была квітанцыя, ён бы не паказаў яе з-за той формы, у якой гэта пытанне сфармулявана. На гэтым была пастаўлена кропка і да тэмы больш ніхто не звяртаўся.

Як мы разумеем сёння, той, хто падаў «сігнал» – з кагорты жадаючых перапісаць гісторыю Вялікай Айчыннай вайны. І такіх прыкладаў мы сёння бачым нямала. Гэта спробы падвергнуць сумненню самаадданасць савецкіх людзей, глыбокі патрыятызм, імкненне дапамагчы Айчыне змагацца з ворагам, гатоўнасць да подзвігу.

Булацкі, Пятроў і Ульянаў на тым самалёце паспелі паваяваць, пакуль у адным з баёў экіпажу з-за пашкоджанняў ледзь удалося дацягнуць да нейтральнай тэрыторыі і на выратаванне дабеглі нашы. А магло быць інакш. Тым не менш, пасля гэтага бою быў шпіталь. Канечне, і пазней палятаць удалося, але ж пасля вайны камісія была больш строгай і з-за раненняў камісавалі. Усё жыццё раны непакоілі. І ўсё ж Рыгор Васільевіч болі пераносіў мужна.

Пазней была вучоба ва ўніверсітэце, маштабная грамадская работа партыйнага сакратара, вучоба ў аспірантуры, абарона кандыдацкай дысертацыі, а затым і доктарскай. І, канечне ж, лебядзіная песня яго жыцця – стварэнне факультэта журналістыкі і кіраванне ім на працягу многіх гадоў.

Я ўспамінаю нашага дабрэйшага дэкана, які асабліва мне быў другім бацькам, бо мой загінуў пры выкананні службовых абавязкаў, калі мне было 7 гадоў. Дэкан ведаў усіх студэнтаў. Мяне ж вылучаў з-за таго, што я вучыўся ў Кармянскай школе-інтэрнаце. А ён у Карму прыязджаў, калі даследаваў творчасць Панцеляймона Лепяшынскага, які ў паслярэвалюцыйны час з жонкай Вольгай стварылі ў Ліцвінавічах непадалёк ад Кармы школу-камуну. Ну і як земляку Лепяшынскага смела даваў адказныя даручэнні. Гэта была своеасаблівая праверка на сталасць чалавека.

Памятаю развітальны сход на пятым курсе. Ён нас заклікаў пісаць свае кнігі. І значок, які нам прыкалолі на памяць, з выявай Булацкага са шчаслівай усмешкай і з надпісам «Геніяльнаму публіцысту». Вось такога Булацкага я запомніў. А ўрокі яго школы суправаджаюць мяне ўсё прафесійнае жыццё.

Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: