Падзяліцца:
«Вердыкт. Перамога ў надзейных руках!» Радыёблог Леаніда Новікава (аўдыё)
  • Перадача: Радыёблог
  • Дата: 04.02.2020
«Вердыкт. Перамога ў надзейных руках!» Радыёблог Леаніда Новікава (аўдыё)

Фінішаваў 55-ты «Зорны паход» студэнтаў і выкладчыкаў Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка па месцах баявой і працоўнай славы беларускага народа. Сёлета ён быў прысвечаны 75-годдзю Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне.

На гэты раз ён быў інтэрнацыянальны. Сярод 300 чалавек побач са студэнтамі з Беларусі былі прадстаўнікі ВНУ партнёраў педуніверсітэта – Еўразійскага нацыянальнага ўніверсітэта імя Гумілёва (Казахстан), Маскоўскага дзяржаўнага педагагічнага універсітэта, Новасібірскага педагагічнага універсітэта, Ташкенцкага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Нізамі (Узбекістан). У складзе 9 атрадаў наведалі Баранавіцкі, Вілейскі, Пухавіцкі, Слуцкі, Салігорскі, Пінскі, Аршанскі, Смаргонскі, Асіповіцкі раёны. Гэты факт і навёў мяне на роздум, якім я хацеў бы падзяліцца.

Падчас працы ў рэдакцыі газеты «Савецкі настаўнік», я таксама далучаўся да «Зорных паходаў». Добра ведаў іх ініцыятара – дацэнта кафедры фізічнага выхавання, старшыню турыстычнага клуба тады педінстытута імя Максіма Горкага Сцяпана Акімавіча Голуба. Першы паход адбыўся ў 1966 годзе. Лыжнікі тады выстраіліся такім чынам, што ўтварылі зорку. Гэты сімвал і пакладзены ў назву акцыі.

Самы памятны мой «Зорны паход» – у Крупскі раён. 18 Героеў Савецкага Саюза – удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны – маюць дачыненне да Крупшчыны: хто нарадзіўся тут, хто вызваляў раён і загінуў у гэтых мясцінах.

Асабліва мне запала гісторыя Алены Колесавай. Яна нарадзілася ў 1920 годзе ў вёсцы Колесава на Яраслаўшчыне. На фронце з 1941 года, у якасці медсястры ўдзельнічала ў абароне Масквы. На чале дыверсійнай групы, якая дзейнічала на тэрыторыі Крупскага раёна, удзельнічала ў разгроме 6 гарнізонаў праціўніка, падрыве мастоў і цягнікоў. Загінула ў верасні 1942-га года. Пасмяротна ёй прысвоена званне Героя Савецкага Саюза. Пахавана ў горадзе Крупкі. Яе імя носіць вуліца ў райцэнтры.

Удзельнікі сёлетняга «Зорнага пахода» далучыліся да рэспубліканскай акцыі «На славу агульнай Перамогі». Наведалі ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, запісалі іх успаміны, аказалі дапамогу, правялі мітынгі, усклалі кветкі на брацкіх магілах і мемарыялах, выступілі з канцэртамі ў школах, правялі прафарыентацыйную работу са старшакласнікамі, арганізавалі майстар-класы рукадзелля, здаровага ладу жыцця і спартыўныя спаборніцтвы.

Пачынальнікам «Зорных паходаў» БДПУ стаў невыпадкова. Для будучых педагогаў важна пабываць у сельскай школе, сустрэцца з настаўнікамі і вучнямі, набыць вопыт ваенна-патрыятычнай работы на мясцовым матэрыяле, каб потым яго выкарыстоўваць.

«Зорныя паходы» – гэта не проста ўніверсітэцкая традыцыя, а неад'емная частка адукацыйнага працэсу педагагічнага ўніверсітэта, а ўражанні, незабыўны вопыт кожны пранясе праз усё жыццё.

Апошнія тры гады «Зорныя паходы» – інтэрнацыянальныя, з удзелам прадстаўнікоў ВНУ-пабрацімаў БДПУ. Вялікая Айчынная вайна была справай інтэрнацыянальнай. Студэнты з блізкага замежжа перад паходам правялі пошук і прыехалі мэтанакіравана ў тыя раёны Беларусі, дзе ваявалі і загінулі іх сваякі і землякі, каб пакланіцца героям і павезці адсюль зямліцы беларускай, што стала іх апошнім прытулкам.

Студэнты з іншых краін даведаліся пра найцяжэйшы перыяд у гісторыі Беларусі, убачылі ў Музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны экспанаты той эпохі, даставілі з розных мясцін зямлю ў крыпту Храма-помніка ў гонар Усіх святых і ахвяр, што паслужылі ратаванню Айчыны. Помнік гэты, закладзены ў маі 1994 года, стаў сімвалам памяці і смутку для ўсіх.

Змест акцыі застаецца нязменным – сустрэчы з ветэранамі добраўпарадкаванне брацкіх магіл і мемарыялаў, узаемадзеянне на месцах. Моладзь жа кожны год уносіць крэатыў. Удзельнікі «Зорнага пахода» выступілі як захавальнікі памяці і носьбіты гістарычнай праўды пра Вялікую Айчынную вайну. Акцыя скіравана на тое, каб наведаць мясцовых удзельнікаў тых падзей, даведацца пра іх лёсы, аддзячыць ім за заваяваны мір, пры неабходнасці дапамагчы, далучыць да патрыятычнай работы школьнікаў, упарадкаваць помнікі і мемарыялы.

Вялікая Айчынная вайна пакінула ў сэрцах беларусаў глыбокі след. У помніках і абелісках увекавечаны подзвіг салдат і простых грамадзян. Няшмат ветэранаў жыве сёння. Яны адчуваюць патрэбу ў клопаце. З улікам таго, што будучыя педагогі панясуць гэту традыцыю ў школы, дзе будуць працаваць, надзейная эстафета патрыятызму забяспечана. Для педагогаў «Зорныя паходы» – жывы матэрыял для патрыятычнага выхавання. Ім яны абавязкова скарыстаюцца, каб заклік «Ніхто не забыты, нішто не забыта» заўсёды ўвасабляўся ў жыццё.

На прыкладзе інтэрнацыянальных «Зорных паходаў» ідзе яднанне моладзі розных краін вакол каштоўнасцей Перамогі, якой сёлета 75 гадоў. Паход па месцах баявой і працоўнай славы сведчыць пра тое, што моладзь захоўвае традыцыі папярэднікаў і прымнажае іх, а значыць Перамога – у надзейных руках.

Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: