Падзяліцца:
«Вердыкт. Попыт на спецыялістаў рабочых прафесій задавальняем!» Радыёблог Леаніда Новікава (аўдыё)
  • Перадача: Радыёблог
  • Дата: 17.09.2020
«Вердыкт. Попыт на спецыялістаў рабочых прафесій задавальняем!» Радыёблог Леаніда Новікава (аўдыё)

Сёння мы пагаворым аб прафесійна-тэхнічнай адукацыі. І нагода для таго ёсць. Па рашэнні Рэспубліканскага арганізацыйнага камітэта WorldSkills International у Рэспубліцы Беларусь 15-18 верасня ў гандлёва-выставачным цэнтры на тэрыторыі Кітайска-Беларускага індустрыяльнага парку «Вялікі камень» праводзіцца фінал IV Рэспубліканскага конкурсу WorldSkills Belarus-2020. Гэта падстава пагаварыць пра важнасць прафесійнай адукацыі і значэнне гэтага конкурсу для павышэння прэстыжу рабочых прафесій. Конкурс сёння ператварыўся ў міжнародны некамерцыйны рух, мэта якога – павышэнне статусу прафесійнай адукацыі і стандартаў прафесійнай падрыхтоўкі і кваліфікацыі па ўсім свеце.

Гэты конкурс прафесійнага майстэрства WorldSkills Belarus-2020 арганізаваны па стандартах міжнароднага руху WorldSkills International і аб'ядноўвае спаборніцтвы сярод маладых рабочых, спецыялістаў і навучэнцаў устаноў прафесійнай і вышэйшай адукацыі па прафесійных кампетэнцыях у сферы вытворчых, інфармацыйных, будаўнічых, транспартных тэхналогій, сацыяльных і персанальных паслуг, моды і дызайну.

Праграма Рэспубліканскага конкурсу ўключае спаборніцтвы па 38-мі конкурсных кампетэнцыях WorldSkills. Упершыню на Рэспубліканскім конкурсе будуць прадстаўлены кампетэнцыі «Тэхналогіі праектавання будынкаў» і «Пачатковая адукацыя». Арганізаваны спаборніцтвы па 4-х конкурсных кампетэнцыях InclusionSkills: «Тэхналогія моды», «Вэб-дызайн і распрацоўка», «Графічны дызайн», «Сістэмнае адміністраванне» і 5-ці дэманстрацыйных кампетэнцыях: «Полімеханіка і аўтаматызацыя», «Прамысловы дызайн», «Акватроніка», «Распрацоўка мабільных прылад», «Ювелірная справа». Сярод вучняў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі JuniorSkills арганізаваны спаборніцтвы па 10 конкурсных кампетэнцыях.

У Рэспубліканскім конкурсе спаборнічаюць 350 канкурсантаў з усіх рэгіёнаў Беларусі. Да ўдзелу ў спаборніцтвах таксама запрошаны каманды з Расіі, Польшчы, Казахстана. Урачыстая цырымонія закрыцця спаборніцтваў адбудзецца заўтра на «Чыжоўка-Арэне».

Сёння самая вялікая праблема нават у развітых краінах – недахоп рабочых- прафесіяналаў, спецыялістаў. Пры недахопе працоўных рэсурсаў, недастатковым ўзроўні іх кваліфікацыі ёсць небяспека выкліку эканоміцы і страты прывабнасці для інвестараў. Праблему можа змякчыць сучасны падыход да падрыхтоўкі спецыялістаў у сферы прафадукацыі. І гэтыя крокі робяцца.

Тое, што ў Беларусі захавалі сістэму прафесійна-тэхнічнай адукацыі, лічыцца дасягненнем. У постсавецкіх дзяржавах падрыхтоўка кадраў па рабочых спецыяльнасцях не атрымала развіцця, як у Беларусі. Мы ж попыт на спецыялістаў рабочых прафесій задавальняем. Спецыялістаў, якія працуюць на сучасным абсталяванні, замяніць не так проста, чалавек «з вуліцы» на складанай тэхніцы працаваць не зможа.

Прафесійна-тэхнічная адукацыя ў нашай рэспубліцы захавала лепшыя традыцыі з савецкіх часоў і працягвае ўдасканальвацца. У новым Кодэксе аб адукацыі, які галіновае міністэрства плануе восенню ўнесці на разгляд у парламент, застанецца толькі адзін від устаноў у галіне сярэдняй прафесійнай адукацыі – прафесійны каледж. Пры рэалізацыі праграмы прафесійна-тэхнічнай, сярэдняй спэцыяльнай і агульнай сярэдняй адукацыі будзе не простае механічнае зліццё, а аптымізацыя навучальных планаў спецыяльнасцей.

Плануецца, што гэтыя каледжы будуць своеасаблівымі сацыяльнымі ліфтамі для прафесійнага і сацыяльнага ўзыходжання маладых людзей. Для іх выпускнікоў адкрываецца магчымасць атрымаць вышэйшую адукацыю па скарочанай праграме. На гэтую тэму ў мяне ёсць прыклад сына маіх аднакурснікаў Марозавых. Іх Ягор скончыў у свой час ПТВ-32, а затым атрымаў вышэйшую адукацыю і трапіў працаваць на Беларускае тэлебачанне.

Па-другое, юнакі, якія ідуць на службу ў армію, ужо атрымаюць прафесію у межах таго часу, які б яны правялі ў школе. Такую аргументацыю я прымяніў сёлета, калі схіляў унука пасля 9 класа пайсці вучыцца ў Мінскі гарадскі каледж электронікі. Па журналісцкіх справах я бываў у гэтай установе. Ведаю яе матэрыяльна-тэхнічную забяспечанасць і добра арганізаваны навучальны працэс. Зараз унуку вучыцца цяжкавата, бо вучоба займае і суботу. Трэба прайсці агульадукацыйныя прадметы і авалодаць сучаснай прафесіяй мехатроніка. Але ж намаганні таго варты.

Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: