Падзяліцца:
«Вердыкт. Порах трэба трымаць сухім!» Радыёблог Леаніда Новікава (аўдыё)
  • Перадача: Радыёблог
  • Дата: 23.02.2021
«Вердыкт. Порах трэба трымаць сухім!» Радыёблог Леаніда Новікава (аўдыё)

Свет перажывае сістэмны палітычны, эканамічны, сацыяльны і духоўны крызіс. Прыйшоў час паглядзець на яго як на глабальную праблему, якая падточвае асновы светапарадку. Тычыцца гэта і асобных дзяржаў. Шэраг нашых глабальных мірных ініцыятыў пераконвае, што Беларусь ведае, як збліжаць пазіцыі і выпрацоўваць рашэнні агульных праблем. Напрыклад, намі прапанаваны практычныя крокі ў галіне лічбавага добрасуседства.

Разам з тым, аналіз ваенна-палітычнай абстаноўкі і стану сістэм міжнароднай і рэгіянальнай бяспекі дэманструе няўхільнае нарастанне рызык і выклікаў, у тым ліку раней невядомых. Усе самыя негатыўныя прагнозы ў трэцім дзесяцігоддзі ХХI стагоддзя, на жаль, спраўджваюцца. Спынена дзеянне Дагавора аб ліквідацыі ракет сярэдняй і меншай далёкасці, вельмі цьмяныя перспектывы Дагавора па адкрытым небе. Пэўную надзею на прыпыненне гэтай спіралі недаверу і ваенна-палітычнай напружанасці ўсяляе дасягнуты ў апошні момант кансэнсус паміж Расіяй і ЗША па Дагаворы аб стратэгічных наступальных узбраеннях. Беларусь, безумоўна, падтрымлівае пашырэнне пазітыўнага эфекту ад гэтай дамоўленасці. Але расце ўзровень замежнай ваеннай прысутнасці ў рэгіёне. Пад прыкрыццём «прынцыпу ратацыі» фактычна на сумежнай з намі тэрыторыі нарошчваецца групоўка войскаў НАТА. Прыпынена вывядзенне войскаў ЗША з Еўропы. Новы амерыканскі прэзідэнт дэмакрат Байдэн адмяніў дзясяткі ўказаў ранейшага гаспадара Белага дома. Захад даўно забыў свае абяцанні не пашыраць інфраструктуру альянсу на ўсходнім кірунку. Так недалёка і да развязвання ваенных дзеянняў, таму што для многіх палітыкаў больш выгадная канфрантацыя, чым мір і згода.

Беларусь спрабуе звярнуць увагу сусветнай супольнасці на ініцыятыву «Хельсінкі-2», здольную спыніць эскалацыю напружанасці. Тым не менш, мы яшчэ раз пацвярджаем сваю нязменную ролю як донара стабільнасці. Мы –цэнтр Еўропы – стабільны, надзейны партнёр у сферы рэгіянальнай бяспекі, гатовы актыўна ўдзельнічаць у міратворчых стратэгічных ініцыятывах.

Сама ж наша краіна сёння апынулася ў фокусе ўвагі асноўных міжнародных гульцоў. Ідзе барацьба за ўцягванне Беларусі ў арбіту свайго ўплыву.

Мы перакананыя, што шлях канфрантацыі ў знешняй палітыцы тупіковы. Мы не разглядаем ні адну з дзяржаў у якасці праціўніка, асуджаем любы ваенны канфлікт і паслядоўна выступаем за мірнае ўрэгуляванне спрэчак. Мы гатовыя выбудоўваць адносіны з усімі краінамі і саюзамі на аснове прынцыпаў раўнапраўя, узаемнай павагі і неўмяшання ва ўнутраныя справы. І зацікаўлены мець збалансаваныя і разнастайныя сувязі са знешнім светам.

Эскалацыя напружанасці не выгадная нікому. У нашых інтарэсах вярнуцца да нармальнага палітычнага ўзаемадзеяння. Сёння мы глядзім на ўсе праблемы праз прызму бяспекі, нават у тых сферах, якія былі заўсёды выключна мірнымі, – харчовай, дэмаграфічнай, навукова-тэхнічнай, экалагічнай. У гэтым і сутнасць сучаснага погляду на нацыянальную бяспеку.

Мы заўсёды надаем асаблівую ўвагу развіццю Узброеных Сіл, якія забяспечваюць тэрытарыяльную цэласнасць краіны. У нас адна з лепшых армій у рэгіёне. Гэты статус падтрымліваецца баявой падрыхтоўкай, своечасовым абнаўленнем ўзбраення, ваеннай тэхнікі, мадэрнізацыяй ваеннай інфраструктуры.

Працягваецца ваеннае, ваенна-тэхнічнае супрацоўніцтва з Расійскай Федэрацыяй, іншымі краінамі АДКБ. Умацаванне абароназдольнасці краіны, звязанае з абвастрэннем ваенна-палітычнага становішча ва ўсходнееўрапейскім рэгіёне, паблізу ад нашых межаў. У Польшчы, у краінах Балтыі на пастаяннай аснове знаходзяцца шматнацыянальныя сілы НАТА. У Польшчы амерыканцы будуюць свае ваенныя базы, завозяць туды самае сучаснае ўдарнае ўзбраенне, размяшчаюць свае войскі. Кожны год праводзяцца дзесяткі ваенных вучэнняў з адпрацоўкай перамяшчэння вялікіх кантынгентаў войскаў з амерыканскага кантынента ў Еўропу. Усё гэта толькі ўзмацняе ваенную напружанасць. Таму абсалютна недарэчныя разважанні некаторых – ці быць беларускай арміі кантрактнай або, як цяпер, змешанай па тыпу камплектавання – і па кантракце і па прызыву. Рэзерв павінен быць гатовым абараняць Радзіму, сваю сям'ю, нашу зямлю. У такім жа кантэксце важна развіццё тэрытарыяльнай абароны і павышэнне эфектыўнасці стратэгічнага стрымлівання. Порах, як ніколі,трэба трымаць сухім!

Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: