Беларускія энергетыкі адзначылі сваё прафесійнае свята. Яго вытокі – у 20-х гадах мінулага стагоддзя, калі быў прыняты ў Савецкай краіне Дзяржаўны план электрыфікацыі. Ён стаў нагодай для святкавання Дня энергетыка ў СССР. Гэта свята захавалася і ў незалежнай Беларусі. Энергетычная галіна сёння – гэта сучасны комплекс з магутным патэнцыялам, які дынамічна развіваецца і забяспечвае умацаванне канкурэнтаздольнасці нацыянальнай экономікі, павышэнне камфорта і якасці жыцця людзей.
У краіне паспяхова рэалізуюцца маштабныя праекты па будаўніцтве і мадэрнізацыі аб'ектаў энергасістэмы, шырока ўкараняюцца перадавыя энергаэфектыўныя і экалагічныя тэхналогіі. Гістарычнай падзеяй з'яўляецца пабудова пры падтрымцы расійскіх спецыялістаў Беларускай атамнай электрастанцыі. Усё гэта стала магчымым дзякуючы штодзённай карпатлівай працы, высокаму прафесіяналізму, адданасці справе і ініцыятыве працаўнікоў галіны.
Энергетыка Беларусі – адна з асноўных галін эканомікі, яе найважнейшы складнік. Яе развіццё вызначаецца канцэпцыяй энергетычнай бяспекі і павышэння энергетычнай незалежнасці краіны. Выконваюцца дзяржаўныя праграмы па развіцці альтэрнатыўных крыніц – атамнай і аднаўляльнай энергіі, павышэнні эфектыўнасці выкарыстання паліўна-энергетычных рэсурсаў.
Нагадаю, Беларуская АЭС з двума рэактарамі сумарнай магутнасцю 2400 МВт будуецца па расійскім праекце «АЭС-2006» паблізу Астраўца Гродзенскай вобласці. Генеральным падрадчыкам выступае інжынірынгавы дывізіён дзяржкарпарацыі «Расатам». Навіной стаў факт, што да Дня энергетыка першы блок Беларускай атамнай электрастанцыі пасля планавых выпрабаванняў падключаны да сеткі. Перад гэтым завершаны этап энергетычнага пуску. Усе выпрабаванні праведзены паспяхова. У бліжэйшы час пачнецца этап доследна-прамысловай эксплуатацыі першага энергаблока. Падчас яго будзе павялічана магутнасць рэактара з 50% до 100%. Магутнасць турбагенератара будзе даведзена да намінальнай. Гатоўнасць першага энергоблока БелАЭС складае 99%.
Неўзабаве на завяршальную стадыю будаўніцтва выйдзе другі энергаблок электрастанцыі. Зараз будаўніча-мантажныя работы выкананы на тры чвэрці. Зараз тут вядзецца мантаж асноўнага абсталявання, тэхналагічных трубаправодаў і пракладка кабеляў сілкаваня.
Калі будуць уведзены ў строй абодва энергаблокі БелАЭС, Беларусь зможа пашырыць многія энергаёмістыя вытворчасці, некаторыя перавесці на электрычнае сілкаванне і развіваць новыя. Да таго ж наступае новая эпоха выкарыстання электратранспарту ў нашай краіне.
Як паказваюць перспектыўныя разлікі, нават не прыбягаючы да экспарту, уся вырабленая электраэнергія можа быць спажыта ў Беларусі. Праграму па павелічэнні спажывання электраэнергіі насельніцтвам плануюць прыняць у пачатку 2021 года. Яна будзе комплекснай, заахвоціць выкарыстанне электрычнай энергіі людзьмі для мэт ацяплення і гарачага водазабеспячэння. Яна будзе ўвязана з рэалізацыяй дзяржаўных праграм «Будаўніцтва жылля», «Камфортнае жыллё» ў частцы рэканструкцыі электрычных сетак у сельскай мясцовасці.
У новым дакуменце будзе тры асноўныя напрамкі. Першы – будаўніцтва новага электрыфікаванага жылля, дзе электраэнергія будзе выкарыстоўвацца для ацяплення і гарачага водазабеспячэння. За 11 месяцаў бягучага году ўведзена ў эксплуатацыю больш за 30 тысяч квадратных метраў такога жылля.
Другі напрамак – перавод шматкватэрнага жыллёвага фонду на выкарыстанне электрычнай энергіі. На працягу наступнай пяцігодкі гэта задача таксама будзе рэалізавана.
Трэці напрамак – альтэрнатыва газіфікацыі – перавод існуючага індывідуальнага жылля на выкарыстанне электраэнергіі для мэт ацяплення і гарачага водазабеспячэння. Усе ўмовы для гэтага створаны. Зацверджаны стымулюючыя тарыфы для насельніцтва, вызначаны механізм кампенсацыі выдаткаў на электразабеспячэнне эксплуатуемага жыллёвага фонда.
На такім аптымізме Міністэрства энергетыкі плануе за 2021 год правесці ацэнку магчымасці будаўніцтва другой атамнай электрастанцыі ў краіне. Адпаведныя органы зараз вядуць вышуковую работу, каб падрыхтаваць матэрыялы і абгрунтаванні.
Ну што ж, фактычна з’явілася яшчэ адна краіна, што пачынае выкарыстоўваць мірны атам у прамысловых маштабах.