Падзяліцца:
«Вердыкт. Санкцыі і спробы анексіі». Радыёблог Леаніда Новікава (аўдыё)
  • Перадача: Радыёблог
  • Дата: 25.05.2022
«Вердыкт. Санкцыі і спробы анексіі». Радыёблог Леаніда Новікава (аўдыё)

Кожны раз на сустрэчы беларускага і расійскага лідараў адна з асноўных тэм перагавораў – пытанні развіцця кааперацыі і паглыблення эканамічнага супрацоўніцтва Расіі і Беларусі. Так было і падчас цяперашніх перамоў у Сочы. Дарэчы, гэта была ўжо пятая сустрэча Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна сёлета. Два лідары абмеркавалі пытанні развіцця адносін і інтэграцыйных працэсаў у рамках Саюзнай дзяржавы, а таксама сітуацыю ў эканоміцы дзвюх краін, якая склалася пасля ўвядзення Захадам шматлікіх санкцый.

У Крамлі ўпэўнены: нягледзячы на ўсе складанасці, расійская эканоміка санкцыйны ўдар вытрымлівае, і робіць гэта вельмі годна. Сведчаннем таму – усе асноўныя макраэканамічныя паказчыкі. Адпаведныя намаганні эканамічнага блока расійскага ўрада даюць станоўчы эфект. Умацоўваецца эканоміка не толькі Расіі, але і ў цэлым Саюзнай дзяржавы. Асноўны напрамак, над якім працуюць урады дзвюх краін, – імпартазамяшчэнне. Краіны Захаду, самі таго не разумеючы, падштурхнулі Мінск і Маскву да таго, каб мы больш інтэнсіўна займаліся сваёй эканомікай, скарыстаўшыся часам магчымасцей.

Але не толькі пра эканоміку ішла размова ў Сочы. Эксперты звярнулі ўвагу на яшчэ адну тэму. Падчас размовы беларускі лідар выказаў занепакоенасць у сувязі з магчымымі планамі Польшчы адарваць заходнюю частку Украіны і выказаў меркаванне: Кіеву яшчэ, магчыма, давядзецца звяртацца па дапамогу да Расіі і Беларусі, каб гэтага не дапусціць. Напярэдадні памочнік Прэзідэнта Расіі Уладзімір Мядзінскі выказаў меркаванне: Польшча забрала б заходнія тэрыторыі Украіны пры першай магчымасці. А яшчэ раней намеснік старшыні Савета бяспекі Расіі Дзмітрый Мядзведзеў адзначаў: польскія ўлады збіраюцца захапіць тэрыторыі заходняй часткі Украіны на падставе «вечнага братэрства» і нагадаў, што прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда афіцыйна прызнаў тэрытарыяльныя прэтэнзіі да Украіны.

Падчас трэцяга візіту ва Украіну Дуда на пленарным пасяджанні Вярхоўнай Рады выступіў з прамовай перад парламентарыямі, ініцыяваў заключэнне новага пагаднення аб добрасуседстве паміж Польшчай і Украінай і заявіў: межаў паміж дзвюма краінамі больш не будзе.

Раней стала вядома, што Уладзімір Зяленскі мае намер унесці ў парламент законапраект, які ўстановіць асаблівы прававы статус для грамадзян Польшчы на тэрыторыі Украіны. Анансаванае ім падчас выступлення ў Радзе пагадненне з Польшчай спросціць перасячэнне граніцы паміж краінамі. Так пад рыторыку аб «вечным братэрстве», не выказваючы адкрыта тэрытарыяльныя прэтэнзіі да Украіны, рыхтуецца захоп тэрыторыі заходняй часткі дзяржавы.

Расія і Беларусь не дазволяць Польшчы заняць Заходнюю Украіну. Хаця б таму, што гэта будзе стварэннем прэцэдэнту па пераглядзе вынікаў Другой сусветнай вайны.

Невыпадкова ў апошнія дні ў медыяпрасторы актыўна абмяркоўваецца польска-украінская тэма. Маўляў, Варшава збіраецца накіраваць войскі на Львоў і акупіраваць заходнія вобласці Украіны. Заўважым, што палякі спяшаюцца. Акрамя Польшчы, на часткі Заходняй Украіны заглядаюцца таксама Венгрыя і Румынія, бо там жыве частка іх карэннага насельніцтва. У апошні час жыхары гэтых тэрыторый актыўна атрымлівалі другое грамадзянства, гэтак жа, як і рускія, адчувалі прыгнёт, які зыходзіць ад нацыяналістычных кіеўскіх улад. Таму сцэнарый анэксіі гэтых земляў у зручнай сітуацыі, якая склалася зараз, бачыцца цалкам магчымым.

Падрыхтоўку гэтага працэсу першай пачала Польшча. Вядома, што Варшава ўжо стварае ўмацаваны рубеж абароны на захадзе Украіны і ўся зброя, якую перапраўляе Кіеву НАТА, зараз застаецца менавіта там. А значыць, гэта можна разглядаць як першы этап стварэння ўзброеных сіл новай празаходняй украінскай дзяржавы. Калі ўсё пойдзе па такім сцэнарыі, на гэтай тэрыторыі будзе створана квазі-дзяржава, якая стане крыніцай пастаянных ваенных пагроз у адносінах да ўсёй астатняй Украіны, а таксама Расіі. Вось чаму Расія і Беларусь не дазволяць Польшчы заняць Заходнюю Украіну – упэўнены палітолагі.

Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: