Падзяліцца:
«Вердыкт. Саюз юрыстаў Беларусі адзначае 30-годде». Радыёблог Леаніда Новікава (аўдыё)
  • Перадача: Радыёблог
  • Дата: 30.11.2020
«Вердыкт. Саюз юрыстаў Беларусі адзначае 30-годде». Радыёблог Леаніда Новікава (аўдыё)

На тыдні беларускія юрысты адзначаць прафесійнае свята. Саюз юрыстаў ганарыцца сваімі значнымі праектамі і падзеямі. За 30 гадоў ён стаў аўтарытэтнай арганізацыяй, з меркаваннем якой лічацца. Створана сапраўды ўнікальная прафесійная арганізацыя, дзякуючы якой з'ядналі юрыстаў самых розных спецыялізацый.

З Саюзам юрыстаў сёння звязваюць такія вядомыя праекты, як вышэйшая юрыдычная прэмія «Феміда», фестываль школьнікаў і студэнтаў «Медыяцыя будучыні», конкурс на лепшую работу па спартыўным праве і конкурс «Лепшая юрыдычная ідэя». Саюз з'яўляецца адным з арганізатараў асветніцкага выдавецкага некамерцыйнага праекта «Спадчына права». Да таго ж, ён рэгулярна становіцца пляцоўкай для правядзення прававых форумаў, канферэнцый, круглых сталоў, семінараў на актуальныя тэмы. У Саюзе яго ўдзельнікі атрымліваюць дадатковыя магчымасці для прафесійнага росту, навуковай дзейнасці. Такая праца – гонар саюза.

Не менш важная справа нарадзілася з ініцыятывы Саюза юрыстаў – стварэнне 30 гадоў таму першай недзяржаўнай вышэйшай навучальнай установы Мінскай вышэйшай юрыдычнай школы і шэрагу навучальных цэнтраў, накіраваных на павышэнне кваліфікацыі і перападрыхтоўку юрыстаў і іншых спецыялістаў. З яго падачы ў нашай краіне 30 гадоў існуе прыватная адукацыя. Цікавы факт – беларускі вопыт быў першым у Савецкім Саюзе.

Якія былі для таго перадумовы? Патрэба ў развіцці прыватнай юрыдычнай адукацыі, пачынаючы з 90-х гадоў ХХ стагоддзя, была звязана са зменамі ў сацыяльна-эканамічных умовах існавання рэспублікі. Пашырыўся попыт на юрыдычныя кадры. А іх відавочна не хапала. З'явіліся кааператывы, малыя прадпрыемствы, індывідуальныя прадпрымальнікі. На сітуацыю адрэагаваў Саюз юрыстаў Беларусі. Так здарылася, што гэтым грамадскім аб’яднаннем першапачаткова стаў кіраваць доктар юрыдычных навук, прафесар Сцяпан Фёдаравіч Сокал. Ён адразу выявіў праблему недахопу юрыдычных кадраў па званках з месцаў. За гэтым рушыла ініцыятыва стварыць навучальную ўстанову.

Задачы Саюза юрыстаў на працягу 30 гадоў існавання рэалізоўваліся і мяняліся разам з развіццём прававой сістэмы Беларусі. У цяперашні час выкарыстоўваюцца сучасныя формы работы, ставяцца новыя задачы і пашыраюцца напрамкі дзейнасці арганізацыі. Усё больш і больш аб'яднанне выкарыстоўвае ў сваёй дзейнасці онлайн-зносіны, што дазваляе эканоміць час і задзейнічаць значную колькасць удзельнікаў.

Акрамя ўсяго іншага, Саюз юрыстаў уносіць значны ўклад у нарматворчую і адукацыйную дзейнасць, удзельнічае ў прававой асвеце грамадзян, займаецца папулярызацыяй дзейнасці ў сферы медыяцыі, садзейнічае развіццю новых галін права, дае пляцоўку для абмеркавання актуальных пытанняў, аказвае ўсялякае садзейнічанне ўкараненню інфармацыйных тэхналогій у прававую сістэму дзяржавы. Напрыклад, укараненне электроннага натарыята, інфарматызацыя дзейнасці адвакатаў.

30 гадоў дзейнасці Саюза юрыстаў прывялі да значных вынікаў – назапашанаму досведу, уменню аналізаваць пройдзены шлях, рабіць высновы і паспяхова працаваць над стварэннем новых форм і спосабаў вядзення сваёй дзейнасці і далей кансалідаваць юрыдычную супольнасць Беларусі. Вось чаму смела можна сцвярджаць, што Саюз юрыстаў сфармаваўся ў якасці аўтарытэтнай грамадскай арганізацыі, з меркаваннем якой лічацца ўсе органы і галіны ўлады ў рэспубліцы, а таксама міжнародныя арганізацыі.

Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: