Падзяліцца:
«Вердыкт. Урокі Хатыні». Радыёблог Леаніда Новікава (аўдыё)
  • Перадача: Радыёблог
  • Дата: 22.03.2022
«Вердыкт. Урокі Хатыні». Радыёблог Леаніда Новікава (аўдыё)

Ні на адной геаграфічнай карце няма цяпер беларускай вёскі Хатынь. Знішчаная фашыстамі вясной 1943-га, яна так і не была адноўлена. Лютасцю фашыстаў такі лёс напаткаў тысячы беларускіх вёсак. Помнікамі ім сталі мемарыяльныя комплексы «Хатынь» і «Дальва» ў Лагойскім раёне. Наказ жывым на брацкай магіле з белага мармуру ў Хатыні гучыць як набат:

«Людзі добрыя, помніце: мы любілі жыццё і Радзіму нашу, і Вас, дарагія. Мы згарэлі жывымі ў агні. Наша просьба да ўсіх: хай жалоба і смутак ператворацца ў мужнасць вашу і сілу, каб змаглі вы зацвердзіць вечна мір і спакой на Зямлі. Каб з гэтага часу нідзе і ніколі ў віхуры пажараў жыццё не памірала!»

Мемарыяльны комплекс «Хатынь» – помнік журботнай старонкі гісторыі часоў Вялікай Айчыннай вайны – стаў сімвалам трагедыі беларускага народа. Хатынь – наш боль, трагедыя і памяць пра страшныя старонкі гісторыі, наказ жывым берагчы мір на зямлі і не дапусціць вайны. Гэты мемарыял унесены ў спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь. Аўтары мемарыяла – архітэктары Юрый Градаў, Валянцін Занковіч, Леанід Левін і скульптар Сяргей Селіханаў – ўвекавечылі беларускія вёскі, сцёртыя фашыстамі з твару зямлі. На могілках неадроджаных населеных пунктаў пахаваныя урны з зямлёй 185 з тых, што падзялілі лёс Хатыні. Памяць пра 433 беларускія вёскі, якія перажылі трагедыю Хатыні, але адроджаны, сімвалізуе элемент мемарыяла «Сімвалічныя дрэвы жыцця». У «Сцяне памяці» ўвекавечаны месцы масавага знішчэння людзей у перыяд акупацыі. Беларусь страціла кожнага трэцяга жыхара. Азлобленасць фашыстаў, якія ўсвядомілі, што гэта вайна для іх – не прагулка са зброяй па Еўропе і яна будзе прайграна, перакінулася на мірных жахароў, дзяцей. Такія фашысцкія метады.

Падзеі тады разгортваліся так. Раніцай 22 сакавіка 1943 г. за 6 кіламетраў ад Хатыні партызаны пашкодзілі сувязь паміж гарнізонамі Лагойска і Плешчаніц, наладзілі засаду і абстралялі аўтакалону фашыстаў, якія прыехалі аднавіць сувязь. Забілі нямецкагаі афіцэра і дваіх паліцэйскіх. Забітым аказаўся гаўляйтар Вельке, любімец Гітлера, у мінулым тытулаваны спартсмен. Для праследавання партызан фашысты выклікалі падмогу з Лагойска і Плешчаніц. Партызаны не сталі ўвязвацца ў бой.

Жыхары вёскі нічога не ведалі пра ранішняе здарэнне. Раз’юшаныя фашысты наляцелі на Хатынь, усіх жыхароў сагналі ў калгасную пуню і замкнулі ў ёй. Хлеў абклалі саломай, аблілі бензінам і падпалілі. Пад націскам дзясяткаў чалавечых цел не вытрымалі і ўпалі драўляныя дзверы. У падпаленай вопратцы, ахопленыя жахам, задыхаючыся, людзі кінуліся бегчы. Але тых, хто вырываўся з полымя, расстрэльвалі з кулямётаў. У агні і ад фашысцкіх куль загінулі 149 жыхароў вёскі, з іх 75 дзяцей да 16-ці гадоў. Вёска знішчана цалкам.

Сярод жыхароў вёскі былі шматдзетныя. У сям'і Іосіфа і Ганны Бараноўскіх – дзевяць дзяцей, у Аляксандра і Аляксандры Навіцкіх – сямёра. З дзяцей, якія знаходзіліся ў пуні, сямігадовы Віктар Жалабковіч і дванаццацігадовы Антон Бараноўскі засталіся ў жывых. Віця аказаўся пад сваёй маці. Яна прыкрыла сына і сама загінула. Дзіця, параненае ў руку, праляжала да адыходу карнікаў з вёскі. Антон Бараноўскі быў паранены ў нагу куляй, і эсэсаўцы прынялі яго за мёртвага. Дзяцей падабралі і выхадзілі жыхары суседніх вёсак.

Равесніцай гэтых дзяцей была мая цешча Галіна Іванаўна Лашкевіч, якая жыла тады з бацькамі ў вёсцы Камен непадалёку ад Хатыні. І была старэйшай з 5-х дзяцей у сям’і. Распавядала пра жудаснае зарыва на ўсю акругу. У гэты час па даручэнні маці яна гнала па снезе карову ў лес. Людзі баяліся, што і да іх могуць прыйсці карнікі. Паводле яе ўспамінаў, яшчэ з хатынцаў застаўся жыць хлопчык, які ў час жудаснага здарэння гасцяваў у бацькавага брата Папкоўскага ў іх вёсцы – хаты былі побач. Яго бацькі і сястра згарэлі ў Хатыні. Сам жа ён выхоўваўся ў дзядзькі і стаў ваенным.

З дарослых жыхароў вёскі выжыў толькі 56-гадовы вясковы каваль Іосіф Камінскі. Абгарэлы і паранены, ён прыйшоў у прытомнасць толькі позна ўначы, калі карныя атрады пакінулі вёску. Яму давялося перажыць яшчэ адзін цяжкі ўдар: сярод забітых аднавяскоўцаў ён знайшоў свайго сына. Хлопчык быў смяротна паранены ў жывот, атрымаў моцныя апёкі. Памёр на руках у бацькі. Іосіф Камінскі з сынам на руках – прататыпы знакамітага помніка «Няскораны» ў мемарыяльным комплексе «Хатынь».

У першы год адкрыцця мемарыяла мы класам наведалі Хатынь. Тады яшчэ жывы быў Іосіф Камінскі. Так трапілі, што на экскурсію прыехала дэлегацыя з ГДР. У мяне і зараз перад вачамі Камінскі ля помніка праклінае фашыстаў і вайну. Гэта забыць немагчыма.

Адзначаючы ўгодкі Хатыні, мы павінны задумацца, як не дапусціць фашызм, які падпітваюць пэўныя сілы Захаду, што забылі ўрокі Другой сусветнай вайны і ролю СССР у ратаванні свету ад «карычневай чумы». 30 гадоў ва Украіне пад падбухторванне Захаду фарміравалася гэта чалавеканенавісніцкая ідэалогія, замешаная на ўкраінскім нацыяналізме. Так рыхтаваўся плацдарм для нападу на Расію. Расійская спецыяльная аперацыя па дэмілітарызацыі і дэнацыфікацыі заклікана ліквідаваць гэты ачаг фашызму ва Ўсходняй Еўропе і даць Украіне іншы вектар развіцця.

Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: