Падзяліцца:
«Вердыкт. Узгадаем гісторыю Канстытуцыі Беларусі». Радыёблог Леаніда Новікава (аўдыё)
  • Перадача: Радыёблог
  • Дата: 24.08.2021
«Вердыкт. Узгадаем гісторыю Канстытуцыі Беларусі». Радыёблог Леаніда Новікава (аўдыё)

Жнівень 1991 быў поўны падзей – драматычных і лёсавызначальных, якія супярэчылі вынікам рэферэндуму ад 17 сакавіка 1991 года аб захаванні СССР. Інакш нам удалося б захаваць дзяржаву. Нагадаю, 82,7% тых, хто прагаласаваў, выказаліся за захаванне СССР. Але мы ведаем, што ў Маскве ў жніўні адбыўся пераварот, з'явілася такая структура як ГКЧП. Гэта паскорыла прыняцце Вярхоўным Саветам БССР 25 жніўня 1991 года рашэння аб наданні Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце Беларускай ССР статусу канстытуцыйнага закона. Прыняццю самой Дэкларацыі, безумоўна, папярэднічала такая гісторыя. 18 чэрвеня 1990 года пад уплывам прыняцця Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце РСФСР Вярхоўны Савет БССР прымае рашэнне аб падрыхтоўцы Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце. За яго прыняцце 27 ліпеня 1990 года прагаласавала 229 дэпутатаў з 232 зарэгістраваных.

За наданне Дэкларацыі незалежнасці статусу канстытуцыйнага акту роўна 30 гадоў прагаласавалі 253 дэпутата. На падставе канстытуцыйнага акту былі ўнесены змены і дапаўненні ў Канстытуцыю 1978 г., прыняты пастановы аб забеспячэнні палітычнай і эканамічнай самастойнасці рэспублікі і аб прыпыненні дзейнасці КПБ. Было заяўлена аб вяршэнстве на тэрыторыі рэспублікі Канстытуцыі БССР і яе законаў. Дэ-факта ўсё гэта азначала абвяшчэнне незалежнасці краіны. Канстытуцыйны акт абвясціў поўны дзяржаўны суверэнітэт Рэспублікі Беларусь як вяршэнства, самастойнасць і паўнату дзяржаўнай улады рэспублікі ў межах яе тэрыторыі, правамоцнасць яе законаў, незалежнасць рэспублікі ў знешніх зносінах. 19 верасня 1991 года Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка (БССР) была перайменавана ў Рэспубліку Беларусь, пазней былі прынятыя новы дзяржаўны герб і новы дзяржаўны сцяг, а яшчэ пазней – новая Канстытуцыя і грамадзянскі пашпарт.

Станаўленне права сучаснай Беларусі непасрэдна звязана з развіццём беларускай дзяржаўнасці. За гады незалежнасці ў Рэспубліцы Беларусь створана ўласная нацыянальная прававая сістэма, асновай пабудовы якой паслужыў мэтанакіраваны курс на павышэнне эфектыўнасці прававога рэгулявання грамадскіх адносін у мэтах абароны правоў і свабод асобы, дзяржаўнага суверэнітэту, забеспячэння нацыянальных інтарэсаў Рэспублікі Беларусь на міжнароднай арэне пры выпрацоўцы і прыняцці міжнародна- прававых актаў.

Дакументы пачатку 90-х гадоў сфарміравалі якасна новыя асновы ў дзяржаўным і грамадскім жыцці. З набыццём Рэспублікай Беларусь незалежнасці сістэма заканадаўства савецкага перыяду, прынцыпы стварэння і рэалізацыі норм права ўжо не адпавядалі патрэбам сучаснай беларускай дзяржавы. Для стварэння новай, ўзгодненай сістэмы нацыянальнага права неабходна была распрацоўка яе падмурка для ўзаемадзеяння асобы, грамадства, дзяржавы, эфектыўнага функцыянавання дзяржаўных інстытутаў.

15 сакавіка 1994 г., была прынята Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь, якая абвясціла нашу рэспубліку унітарнай дэмакратычнай сацыяльнай прававой дзяржавай. Прыняцце новай Канстытуцыі, далучэнне Рэспублікі Беларусь да сусветнай супольнасці як суверэннай і незалежнай дзяржавы пацягнулі кардынальныя змены ў заканадаўстве. Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь стала асновай для пабудовы прававой сістэмы незалежнай дзяржавы. Адным з найважнейшых новаўвядзенняў Канстытуцыі стала змена сістэмы прыярытэтаў дзяржавы. На першае месца ў іерархіі каштоўнасцей ставіцца чалавек, яго правы, свабоды і гарантыі іх рэалізацыі. Дадзеная канстытуцыйная норма становіцца ключавым прынцыпам заканадаўства, які вызначае вектар далейшага развіцця айчыннай прававой сістэмы і правапрымяняльнай дзейнасці.

І ў цяперашні час мы перажываем новы этап прававога ўдасканалення беларускай мадэлі развіцця – дапрацоўваецца Праект зменаў у Канстытуцыю. Некаторые з іх у Асноўны закон маюць прынцыповае значэнне. Так, замацоўваецца статус Усебеларускага народнага сходу і яго роля ў сістэме дзяржаўнай улады.

Ад канстытуцыйнага акту 30-гадовай даўніны, праз шэраг змен і дапаўненняў у Канстытуцыю Беларусь рухаецца да канстытуцыйнай рэформы, якая заклікана зрабіць Асноўны закон з перспектывай на дзесяцігоддзі.

Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: