Вялікая сям'я – як адладжаны механізм, у якім усе ролі і дзеянні размеркаваны, а вечным рухавіком нязменна застаецца любоў адзін да аднаго. Праўда, пасля залатога для нашай дэмаграфіі дзесяцігоддзя 1980-х, калі як мінімум двое дзетак былі нормай сямейнага жыцця, наступіў спад нараджальнасці. Рэха таго перыяду адгукаецца да гэтага часу. І тым не менш, калі ў 2006 годзе ў Беларусі было 58 тысяч шматдзетных сем'яў, то сёння іх – амаль 150 тысяч. За некалькі дзесяцігоддзяў Беларусі ўдалося вывесці нараджальнасць з крутога піке, а галоўнае – змяніць стаўленне грамадства да вялікай сям'і. Пры гэтым дзяржава абапіралася як на ўласныя магчымасці, так і на грамадскасць.
Важную ролю ў вырашэнні дэмаграфічных праблем адыгрывае грамадскае аб'яднанне «Беларуская асацыяцыя шматдзетных бацькоў». Калектыў аб'яднання сёлета адзначаны прэміяй «За духоўнае адраджэнне». Так ушанавана вялікая праца па матэрыяльнай і маральнай падтрымцы шматдзетных сем'яў, рэалізацыі гуманітарных праектаў «Конкурс на лепшую шматдзетную сям'ю», «Мінскі гарадскі форум маці», тэлепраекта «Родныя людзі».
Самыя цяжкія гады прыйшліся на пачатак 90-х. Калі разваліўся Савецкі Саюз, шматдзетныя сем'і засталіся сам-насам са сваімі праблемамі. 28 гадоў таму ў Мінску была створана гарадская арганізацыя шматдзетных бацькоў. Да гэтага ў кожнай раённай адміністрацыі сталіцы былі аддзелы, якія займаліся праблемамі шматдзетных. Тады і жыллё давалі на працягу года сем'ям, у якіх 4 і больш дзяцей. Але з 1992 года ўсё гэта рухнула і не з кім было вырашаць пытанні. Больш за тое, само стаўленне да шматдзетных сем'яў было адмоўным. Іх лічылі выключна нядобранадзейнымі. Усё таму, што ў тыя няпростыя гады дэфіцыту усім прыходзілася няпроста. Але калі бачыш, як у адной сям'і бегае дрэнна апранутае адзінае дзіця, а ў другой – пяць-дзесяць, уражанне, вядома, рознае.
Дарэчы, сям'я з трыма дзецьмі шматдзетнымі не лічылася да выхаду ў 1999 годзе Кодэкса аб шлюбе і сям'і. Нават нягледзячы на недахоп сродкаў, сем’і тады былі вялікія. А неабходнасць у такой асацыяцыі перш за ўсё звязана з дапамогай шматдзетным сем'ям фінансава, матэрыяльна. Кіраўнікі асацыяцыі шукалі, дзе маглі, спонсараў, размяркоўвалі індывідуальна паміж сем'ямі прадукты харчавання, адзенне – усё, у чым яны асабліва мелі патрэбу.
Я на той час быў заснавальнікам прадпрыемтсва «Індустрыял». За выкананую работу па мантажы сельскагаспадарчага абсталявання 1-я Мінская птушкафабрыка давала на рэалізацыю яйкі і мясныя вырабы. У нас тавар быў на 20 працэнтаў танней, чым у магазінах. І з кожным прывозам да нас падыходзілі прадстаўнікі асацыяцыі і прасілі оптам падвезці тавар да спажыўцоў. Гэта падтрымка магла працягвацца доўга, але ў 1995 годзе рашэннем Мінскага аблвыканкама Першай Мінскай птушкафабрыцы было забаронена адпускать тавар на рэалізацыю прыватным прадпрыемтсвам. І гандаль быў згорнуты.
Асацыяцыя старалася паступова даказваць, што шматдзетная сям'я – нармальная, што трэба павышаць яе статус, мяняць стаўленне грамадства. З гэтай мэтай у пачатку 1990-х гадоў пачалі праводзіць у Мінску гарадскі конкурс «Сям'я года» (зараз ён арганізуецца разам з камітэтам па працы, занятасцi i сацыяльнай абароны Мінгарвыканкома), каб паказаць, якія выдатныя адносіны, якія цудоўныя дзеці ў вялікіх сем'ях і якое гэта шчасце мець вялікую сям’ю. Пазней конкурс стаў рэспубліканскім і праводзіцца раз у два гады.
У сярэдзіне 90-х гадоў была адноўлена традыцыя ўзнагароджання шматдзетных маці, якія нарадзілі і выхавалі 5 і больш дзяцей, ордэнам Маці. З 1995 года вядзе адлік святкаванне Міжнароднага дня сям'і ў нашай рэспубліцы. У 1996 годзе ў Беларусі заснавана дзяржаўнае свята – Дзень маці.
Прыкметна памянялася становішча пасля прыняцця Прэзідэнтам указа аб ільготным крэдытаванні шматдзетных сем'яў пры будаўніцтве жылля. З тых часоў ён шмат разоў мяняўся, павялічваўся памер льготы, аб'ём пагашэння крэдыту ў залежнасці ад колькасці дзяцей у сям'і. Цяпер тым, у каго трое дзяцей, пагашаецца 75% крэдыту, у каго больш – 100%. Таму з прыняццем гэтых мер вельмі многія сем'і змаглі пабудавацца. Праўда, апошнія тры-чатыры гады, па аб'ектыўных прычынах, утварылася чарга. Але, згодна з новым указам, за два гады чарга вычарпае сябе.
Для сталіцы выйшаў асобны ўказ з канкрэтнымі мерамі па забеспячэнні шматдзетных сем'яў жыллём, бо тут сітуацыя асабліва напружаная: у чаканні чаргі на жыллё 16 тысяч шматдзетных сем'яў.
Сёння далёка не кожная шматдзетная сям'я, як член асацыяцыі, мае патрэбу ў матэрыяльнай падтрымцы. Не шыкуюць, вядома, але і не бядуюць. Таму пры размеркаванні спонсарскай або замежнай гуманітарнай дапамогі заўсёды прымяняецца індывідуальны падыход. Усё ж ёсць і няпоўныя сем'і (у сілу розных прычын), і сем'і, дзе дзеці маюць інваліднасць.
У гэтыя дні завяршаецца рэспубліканская акцыя «Нашы дзеці». І дзеці з сем’яў, што ўваходзяць у асацыяцыю, таксама атрымалі навагоднія сюрпрызы. Так пастараліся спонсары, якія ўжо шмат гадоў дапамагаюць такім сем’ям. А самая вялікая радасць і ўзнагарода для грамадскага аб'яднання «Беларуская асацыяцыя шматдзетных бацькоў» – званне лаўрэата прэміі «За духоўнае адраджэнне».