Падзяліцца:
«Вердыкт. Якой будзе абноўленая Канстытуцыя Беларусі?» Радыёблог Леаніда Новікава (аўдыё)
  • Перадача: Радыёблог
  • Дата: 15.03.2021
«Вердыкт. Якой будзе абноўленая Канстытуцыя Беларусі?» Радыёблог Леаніда Новікава (аўдыё)

Задоўга да леташніх выбараў Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка анансаваў унясенне змяненняў у Канстытуцыю Беларусі. Пра тое, што рыхтуюцца папраўкі ў Асноўны закон, гаварылася і на VI Усебеларускім народным сходзе. Тады кіраўнік дзяржавы заявіў: праект новай Канстытуцыі будзе гатовы на працягу года. Чаго ж можна чакаць ад гэтага працэсу, паразважаем сёння.

Яшчэ у 2019 годзе Прэзідэнт даў даручэнне Канстытуцыйнаму суду распрацаваць праект новай Канстытуцыі. Гэта было агучана ў штогадовым пасланні народу і парламенту. А значыць, ніяк не звязана з вынікамі выбараў і паствыбарнай сітуацыяй 2020 года. Кіраўнік дзяржавы даручыў прапрацаваць пытанні размеркавання функцый паміж галінамі ўлады, узмацнення ролі выканаўчай улады, а таксама правесці аналіз дзеючай выбарчай сістэмы на прадмет магчымага пераходу на выбары парламента па партыйных спісах.

У сучаснай гісторыі Беларусі змяненні і дапаўненні Канстытуцыі рэч не новая: папраўкі ў Асноўны закон ўносіліся ў 1996 і 2004 гадах. Тады для гэтага існавалі відавочныя палітычныя перадумовы. У 1996 годзе прыняцце паправак стала следствам працяглага канфлікту паміж Прэзідэнтам і парламентам, а змены 2004 году былі неабходныя, каб заканадаўча замацаваць магчымасць кіраўніка дзяржавы пераабірацца на вышэйшую пасаду неабмежаваную колькасць разоў.

Чым на гэты раз выкліканы планы рэформы Канстытуцыі? І ці будзе гэта новая Канстытуцыя або толькі папраўкі ў дзеючую? Гэтыя пытанні хвалююць грамадскасць. Канстытуцыйны суд пакуль падрабязных каментарыяў не дае. Суддзі вывучаюць вопыт замежных краін, іх канстытуцыі, навуковыя працы на гэтую тэму, але пра канкрэтныя артыкулы гаварыць пакуль заўчасна.

Затое свае прагнозы актыўна выказваюць палітолагі і эксперты. Яны не выключаюць: змены могуць закрануць не толькі публічна агучаныя пытанні. Напрыклад, могуць даць больш магчымасцей для дзейнасці палітычных партый і перайсці на змешаную выбарчую сістэму пры выбарах у парламент. Ёсць меркаванні, што змяненне Канстытуцыі будзе пэўным крокам да паглыблення інтэграцыі Беларусі і Расіі. Нагадаем, з трыбуны VI Ўсебеларускага народнага сходу прагучаў тэзіс: прапісанае ў Асноўным законе Беларусі імкненне да нейтралітэту ўжо не адпавядае сітуацыі. На думку Міністра замежных спраў Уладзіміра Макея, у сучасным глабалізаваным свеце нейтралітэта ў яго класічным разуменні ўжо быць не можа. Гэты аспект таксама прапанавана ўлічыць пры рабоце над папраўкамі.

Некаторыя аналітыкі ўпэўнены: практыка дзяржаўнага кіравання, напрацаваная ў Беларусі за апошнюю чвэрць стагоддзя, абавязкова павінна быць улічана пры наступным развіцці нашай краіны, магчыма, і замацаваная пэўным чынам у Канстытуцыі. Гэтыя ідэі могуць паслужыць і стварэнню ў будучым, так бы мовіць, «калектыўнага Аляксандра Лукашэнкі», як гэта ўжо было ў гісторыі, напрыклад, са стваральнікам 5-й рэспублікі ў Францыі генералам дэ Голем або аўтарам шведскіх рэформ прэм'ер-міністрам Улафам Пальме.

А яшчэ напярэдадні стала вядома: у бліжэйшы час у Беларусі створаць камісію для падрыхтоўкі паправак у Канстытуцыю. Яна будзе ажыццяўляць сваю дзейнасць публічна, і самі беларусы будуць мець магчымасць таксама ўносіць свае прапановы. Самыя значныя з іх абяцаюць разглядаць на ўзроўні Канстытуцыйнай камісіі. Магчыма, некаторыя пасля будуць уключаны ў абноўленую Канстытуцыю. Як падкрэсліваюць у Канстытуцыйным судзе, менавіта актыўны ўдзел грамадзян у прыняцці канстытуцыйных палажэнняў значна павышае легітымнасць Асноўнага закона нашай краіны.

Сёння ж, у Дзень Канстытуцыі, можна ўпэўнена сказаць: першы Асноўны закон суверэннай і незалежнай Беларусі паспрыяў станаўленню нашай маладой дзяржавы. Яго пазітыўны ўплыў на развіццё краіны яшчэ належыць ацаніць, магчыма, ужо наступным пакаленням беларусаў.

Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: